Ну хорошо, приехал молодой специалист в Лепель. А что дальше?

347173d77d40cc631a720f7e8e15c216Устойлівае развіццё дзяржавы залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку і ад эфектыўнай маладзёжнай палітыкі. Сучасная дэмаграфічная сітуацыя на Лепельшчыне характарызуецца, на жаль, працэсам дэпапуляцыі. Зніжэнне колькасці моладзі адбываецца не толькі з-за адмоўнага натуральнага прыросту насельніцтва, але і ў выніку ўнутранай міграцыі з сельскай мясцовасці ў гарадскую. Асноўную частку міграцыйнага патоку складаюць юнакі і дзяўчаты, якія выязджаюць на вучобу. Аднак адзначым і зваротны працэс. Штогод да нас прыбывае каля двухсот маладых спецыялістаў ва ўсе галіны народна-гаспадарчага комплексу.
Ну добра, прыехаў малады спецыяліст. А што далей? Іх не пакідаюць сам-насам з праблемамі. Для замацавання на вытворчасці арганізавана настаўніцтва, стажыроўкі, за маладымі спецыялістамі загадамі кіраўнікоў замацоўваюцца вопытныя работнікі, павышаецца іх кваліфікацыйны ўзровень на розных курсах і семінарах. Найбольш перспектыўным маладым людзям прапануецца прадоўжыць навучанне, выдаюцца мэтавыя накіраванні, аплачваюцца экзаменацыйныя сесіі і інш.
Цёплы таварыскі мікраклімат вытворчых стасункаў яшчэ толькі палова намаганняў. І быт не павінен быць забыты. Прадпрыемствы ДКУБП «Лепельская ПМК-75», ДЛГУ «Лепельскі лясгас», ААТ «Лепельскі МКК», ЛКУПМС «Лепельскае ПМС» выдзяляюць маладым спецыялістам ведамаснае жыллё, пакоі ў інтэрнатах, часткова або цалкам аплачваюць наём жылля.
І прачулага сардэчнага слова не шкадуюць у шэрагу калектываў. І гэта не галаслоўная выснова. Яна мае пад сабой трывалы грунт. ДЛГУ «Лепельскі лясгас», УАЗ «Лепельская ЦРБ», УА «Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж», аддзел па адукацыі, спорту і турызме, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні ўрачыста ўшаноўваюць сваю маладую змену.
Тры гады таму назад была паспяхова апрабавана новая форма — моладзевы форум. І мерапрыемства вылучана ў разрад традыцыйных. Праграма даволі насычаная. Нароўні з элементамі канферэнцыі, выступленнямі кіраўнікоў розных службаў па пытаннях, якія цікавяць маладых людзей, знаёмствам з гісторыяй і сучаснасцю раёна, анкетаваннем падводзяцца вынікі работы, уручаюцца граматы і падарункі калектывам і асобным маладым людзям, якія праявілі сябе ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Акрамя іншага, для маладых людзей была падрыхтавана цікавая інтэрактыўная канцэртная і конкурсна-гульнявая праграма.
Апрача таго, папулярнасцю карыстаюцца канферэнцыі маладых спецыялістаў. Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі распрацавана брашура «Інфармацыйны матэрыял у дапамогу маладым спецыялістам», дзе сабрана нарматыўна-прававая база, кантактныя тэлефоны неабходных устаноў і арганізацый. Па замове аддзела мясцовым тэлебачаннем адзняты фільм «Малады спецыяліст-2017».
— Маладыя людзі па добраму амбіцыйныя, — адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Барадзейка. — Застой не для іх. Многія адразу ставяць перад сабою мэту дасягнуць вышынь у абранай прафесіі, актыўна рухаюцца па кар’ернай лесвіцы. І ў гэтым іх заканамерным памкненні дапамагаюць рэалізавацца мясцовая ўлада, калектывы. У прыватнасці, з мэтай далейшага росту прафесійнага майстэрства, папулярызацыі рабочых прафесій і замацавання моладзі, саперніцтва пад час уборкі ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод маладзёжных уборачных экіпажаў і маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў. Летась бралі ўдзел адзінаццаць экіпажаў і пяць кіроўцаў. Гвардзейцы жніва атрымалі дыпломы і падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Актыўны ўдзел у арганізацыі спаборніцтваў прынялі райкам прафсаюза работнікаў АПК і сельгаспрадпрыемствы. Высокі напал спаборніцтва пануе на палетках СВФ «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат», філіяла СПП «Пражэктар» ААТ «Віцебскхлебпрам», ДСГУ «Лепельская сортавыпрабавальная станцыя».
Ініцыятыўныя маладыя людзі адказна адносяцца да працы, павышаюць свой прафесійны ўзровень, маюць перспектыву кар’ернага росту. У перспектыўны кадравы рэзерв раёна ўключаны дваццаць чалавек з вышэйшай адукацыяй ва ўзросце да 31 года (прамысловасць, эканоміка — 5; АПК — 5; ЖКГ і будаўніцтва — 5; сацыяльная сфера — 5).
Вядома ж, юнакі і дзяўчаты з’яўляюцца адной з самых уразлівых катэгорый работнікаў на рынку працы. Практыка паказвае, што многія кіраўнікі асцерагаюцца прымаць на працу моладзь, спасылаюцца на адсутнасць вопыту і павышаныя запыты маладых людзей да ўмоў працы і аплаты. Колькасць беспрацоўных маладых людзей, зарэгістраваных ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, склала 48 чалавек (у 2017 годзе — 60, у 2016-м — 48, у 2015-м — 66). Сёлета працаўладкавана з ліку беспрацоўных 34 грамадзяніны ва ўзросце да 31 года, трое прайшлі перанавучанне па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы.
Добры плён дае супрацоўніцтва з раённым ваенным камісарыятам. Летась 6 юнакоў-дапрызыўнікоў накіравана на вучобу па спецыяльнасці «вадзіцель», неабходнай ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і якая карыстаецца попытам на рынку працы. Маладыя людзі актыўна спрабуюць свае сілы і ў прадпрымальніцтве. Сёлета 10 чалавек з 29 пайшлі па гэтым шляху, або 34%.
Для вырашэння жыллёвых пытанняў маладым сем’ям і работнікам выдзяляюцца зямельныя ўчасткі для індывідуальнага будаўніцтва ў горадзе і ў сельскай мясцовасці, ільготныя крэдыты. У бягучым годзе льготным крэдытам на будаўніцтва жылля скарысталіся 26 сем’яў, з іх 10 шматдзетных.
Мясцовая ўлада дапамагае моладзі вырашаць жыллёвыя пытанні. Штогод раённым выканаўчым камітэтам прымаюцца меры па забеспячэнні жыллём маладых спецыялістаў. Скажам, летась камерцыйнае жыллё і пакоі ў інтэрнаце былі прадастаўлены 7 спецыялістам, з іх 6 — супрацоўнікі УАЗ «Лепельская ЦРБ», адзін — супрацоўнік пракуратуры.
Актыўны ўдзел моладзь Лепельшчыны прымае ў выбарчых кампаніях. Так, у сярэдзіне студзеня пры падтрымцы ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» стартавала рэспубліканская акцыя «Моладзь вырашае!», якая была прымеркавана да выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання. 16 членаў БРСМ увайшлі ва ўчастковыя камісіі, два — у акруговыя, адзін — у раённую. На выбарчых участках працавалі 15 назіральнікаў ад ГА «БРСМ». Два дэпутаты з’яўляюцца членамі БРСМ.
Лепельская раённая арганізацыя БРСМ налічвае ў сваіх шэрагах 1604 чалавекі ў 78 пярвічных арганізацыях — 25,7 працэнта ад агульнай колькасці моладзі раёна (пры сярэднеабласным паказчыку прыцягнення ў шэрагі ГА «БРСМ» 22,4 працэнта).
Колькі слоў пра грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. У гэтым рэчышчы арганізуюцца спартакіяды і акцыі для працуючай і навучэнскай моладзі. Пры РК ГА «БРСМ» дзейнічае сем валанцёрскіх атрадаў руху «Добрае сэрца» агульнай колькасцю 104 чалавекі. Фарміраванні актыўна прымаюць удзел у рэалізацыі праектаў, мерапрыемстваў і акцый «У школу з добрым сэрцам», «Цуды на Каляды», «Нашы дзеці», «Падзяліся цяплом душы сваёй», «Я памятаю! Я ганаруся!», «Кветкі Вялікай Перамогі!» і інш.
Для развіцця творчага патэнцыялу здольнай моладзі праводзяцца раённы конкурс «Песні юнацтва нашых бацькоў» і моладзевы фестываль «Белыя росы».
Падлеткі і моладзь — заўзятыя ўдзельнікі масавых мерапрыемстваў да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня горада. Штогод праводзіцца ўрачыстае ўручэнне пашпартоў, юнакам павестак на ваенную службу. Праходзяць тэматычныя мерапрыемствы да Дня Дзяржаўнага Герба і Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь, Дня яднання народаў Расіі і Беларусі, карыстаюцца цікавасцю пазнавальна-краязнаўчыя праграмы.
Паяднана з гэтай тэмай таксама мэтанакіраваная работа па падтрымцы і зберажэнні традыцыйнай культуры, далучэнні падлеткаў і моладзі да народных традыцый. З гэтай мэтай у дзяржаўнай установе культуры «Лепельскі Цэнтр рамёстваў» адбываюцца выставы, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы па папулярызацыі народнай творчасці. На яго базе працуюць майстэрні і гурткі па адзінаццаці відах народных рамёстваў.
Падтрымліваюцца ініцыятывы моладзі па рэалізацыі творчага патэнцыялу. Юнакі і дзяўчаты наведваюць калектывы мастацкай самадзейнасці — народнага літаратурна-музычнага клуба «Выток», народнай эстраднай студыі «Святлана», народнага тэатра мініяцюр «Балаган», народнага драматычнага тэатра «Пошук» інш.
Асобныя маюць абласны і рэспубліканскі статусы, працуюць на імідж рэгіёна: інтэлект-турнір «Кубак правінцыі», навуковая канферэнцыя «Лепельскія чытанні», фестываль духавых аркестраў, фестываль «Зорка надзеі», спаборніцтвы па дзюдо на прызы старшыні Лепельскага райвыканкама і шэраг іншых.
Неацэнную фінансавую падтрымку пры правядзенні раённых маладзёжных мерапрыемстваў аказвае раённае аддзяленне Беларускага фонду міру: раённы турнір па валейболе памяці воіна-інтэрнацыяналіста Салаўёва, акцыя «Моладзь — за мірную будучыню!», фотаконкурс «Лепельшчына вачыма моладзі».
Падрыхтоўкай маладзёжных мерапрыемстваў, як правіла, займаюцца ўстановы, дзе праца з моладдзю — асноўны напрамак дзейнасці (установы адукацыі, культуры, моладзевыя грамадскія арганізацыі). І гэта работа вымагае фінансавых, матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў. Ад іншых арганізацый і прадпрыемстваў неабходна часам проста ўдзел або іншыя мінімальныя выдаткі. Неаднаразова рассылаліся на прадпрыемствы горада і раёна палажэнні аб розных конкурсах, спаборніцтвах, але ўдзел у іх прымаюць адзінкавыя калектывы.
З пачатку года нямала арганізавана мерапрыемстваў з удзелам дзяцей і моладзі. Хормайстар РДК Ганна Шаркоўская ў сакавіку 2018 года стала пераможцай абласнога тура і лаўрэатам рэспубліканскага тура прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”. Работнікамі ўстановы культуры быў забяспечаны ўдзел лепяльчанкі Алены Карпіцкай у абласным туры Нацыянальнага конкурсу “Міс Беларусь-2018”. Дом культуры прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні аўтапрабегу да Дня Перамогі, абласнога конкурсу “Аўталедзі”, шматлікіх спартыўных спаборніцтваў. На вёсцы для дзяцей і моладзі традыцыйна наладжваюцца дзіцячае талент-шоу «Зоркі з будучыні», фестываль самадзейнай творчасці «Бароўская вясна-2018», шоу-праграма «Смяяцца дазваляецца», спартландыя «Быць сям’ёй здаровай — модна»…
Ход рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі пастаянна асвятляецца ў сродках масавай інфармацыі. На старонках газеты “Лепельскі край” на працягу многіх гадоў штомесяц выходзіць тэматычная маладзёжная старонка “Ветразь юнацтва”, матэрыялы, прысвечаныя моладзевай тэматыцы, размяшчаюцца пад рубрыкамі “Год моладзі”, “Наша будучыня”, “Твой малады сучаснік”, “Працоўны гарт”, “Творчы гарт”, “Ведай нашых!” і інш.
У раздзеле сайта «Сацыяльная сфера» створана старонка «Маладзёжная палітыка», дзе размешчаны закладкі: «Нарматыўныя прававыя акты па пытаннях рэалізацыі дзяржаўнай моладзевай палітыкі», «Структуры па рабоце з моладдзю», «Маладому спецыялісту», «Інфармацыйнае забеспячэнне працы з моладдзю», «У дапамогу адказнаму за працу з моладдзю», «Лепельскі раённы камітэт ГА «БРСМ», «Акцыі, мерапрыемствы, конкурсы». Уся інфармацыя падтрымліваецца ў актуальным стане. Своечасова і поўна прадастаўляюць інфармацыю УА «Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» і ДУК «Раённы Дом культуры».
А зараз пагаворым пра негатыўныя моманты ў паўсядзённай рабоце шэрага працоўных калектываў па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Мае месца няўзгодненасць дзеянняў зацікаўленых структур.
Праца з сельскай і рабочай моладдзю, маладымі сем’ямі не набыла сістэмнага характару, абмяжоўваецца разавымі акцыямі. Асобныя кіраўнікі падыходзяць да справы фармальна, не надаюць належнага значэння вырашэнню моладзевых праблем, разглядаюць іх эпізадычна па меры ўзнікнення. Сакратары ГА «БРСМ» і адказныя за працу з моладдзю спецыялісты не запрашаюцца на планёркі, іх работа не стымулюецца матэрыяльна. Не ў поўнай меры выкарыстоўваецца такая форма работы, як семінар-вучоба актыву і адказных за работу з моладдзю ў працоўных калектывах.
Больш планамерна павінны праводзіцца мерапрыемствы, накіраваныя на сацыяльную абарону маладых сем’яў і маладых спецыялістаў, аказанне ім дапамогі ў вырашэнні юрыдычных, сацыяльна-бытавых, псіхалагічных праблем, на паляпшэнне жыллёвых і сацыяльна-бытавых умоў жыцця, трэба больш праводзіць конкурсаў прафесійнага майстэрства, сямейных святаў.
У нашай краіне маладзёжная палітыка з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця дзяржавы, складнікам дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльна-эканамічнага, культурнага і нацыянальнага развіцця краіны. Яна шматвектарная і ўяўляе сабой цэласную сістэму мер, накіраваных на стварэнне неабходных умоў для выбару маладымі грамадзянамі свайго жыццёвага шляху, развіцця патэнцыялу для іх самарэалізацыі і адказнага актыўнага ўдзелу ў стварэнні моцнай і квітнеючай Беларусі.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.