«Нужно иметь внутренний стержень…»

rudis-aПрызнацца шчыра, калі я пазнаёмілася з Аляксандрай Рудзіс, была пераканана, што перада мной — прафесійны псіхолаг. Мілая ўсмешка, цёплы, няспешны тон размовы, абаяльнасць гэтай жанчыны ўражваюць і настройваюць на прыемную размову. Разам з тым я зразумела, што з усімі гэтымі якасцямі выдатна спалучаюцца цвёрдасць, рашучасць, мэтанакіраванасць і непадкупнасць.

Аляксандра — памочнік пракурора Лепельскага раёна. На гэтай пасадзе жанчына працуе паўтара года, але ўжо праявіла сябе кампетэнтным спецыялістам, які падыходзіць да справы з асаблівай адказнасцю. Абавязкам Аляксандры з’яўляецца агульны нагляд у розных галінах — сельскай гаспадарцы, прамысловасці, адукацыі, медыцыне. Памочнік пракурора кантралюе інвестыцыйную дзейнасць, працуе над выяўленнем карупцыйных з’яў, дэбіторскай запазычанасці ва ўстановах дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці. І ў гэтым накірунку здольнаму спецыялісту ўдалося зрабіць нямала. Аляксандра падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне па шэрагу крымінальных спраў.
Вынікі працы — факт неаспрэчны. Па іх можна меркаваць, што сваю справу Аляксандра ведае дасканала.
— Упэўнена, што шлях да сваёй прафесіі вы адразу акрэслілі цвёрда.
— Гэта сапраўды так. Скончыўшы гімназію № 3 імя А.С.Пушкіна ў г.Віцебску, без цяжкасцяў паступіла на факультэт правазнаўства Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Набыла спецыяльнасць юрыста і пажадала паглыбіць веды ў абранай прафесіі — паступіла ў магістратуру і засталася працаваць на кафедры крымінальнага права і крыміналістыкі факультэта правазнаўства ПДУ.
Быць выкладчыкам мне вельмі падабалася. Узнікла жаданне паступаць у аспірантуру, але адчула недахоп практычнага вопыту. Я зразумела, што набытыя тэарэтычныя веды змагу рэалізаваць на практыцы менавіта ў органах пракуратуры. Падала дакументы ў пракуратуру Віцебскай вобласці. Паспяхова здала экзамены ў абласной, затым — у Генеральнай пракуратуры. Даведалася, што ёсць свабоднае працоўнае месца ў пракуратуры Лепельскага раёна. Так, з восьмага студзеня 2018 года тут я працягваю свой працоўны шлях.
— Нялёгка было прыступаць да работы на новым працоўным месцы?
— Так. Работніку пракуратуры ў першую чаргу патрэбна мець цвёрды ўнутраны стрыжань, моцны характар. Спачатку мне здавалася, што такіх якасцяў мне не хапае. Аднак галоўнае — ніколі не адступаць ад пастаўленай мэты. Паступова набывала працоўны вопыт, упэўненасць на новым рабочым месцы. Вельмі прыемна, што з першых дзён мяне падтрымалі калегі. Ахвотна дзяліўся са мной багатым вопытам Алег Несцяронак, які ў той час быў пракурорам Лепельскага раёна. Заўсёды адчуваю падтрымку і з боку Віталя Жыгімонта, які зараз узначальвае пракуратуру. Не ўзнікла праблем і ў вырашэнні жыллёвага пытання — адразу атрымала арэндную добраўпарадкаваную кватэру.
Першыя шэсць месяцаў працы праляцелі як адно імгненне, — працягвае Аляксандра. — За гэты час адкрыла для сябе шмат цікавага. Праводзіла праверкі ў арганізацыях, на прадпрыемствах, удзельнічала ў судовых пасяджэннях па разглядзе крымінальных і грамадзянскіх спраў. Так я прайшла атэстацыю на пасаду памочніка пракурора Лепельскага раёна.
— Мяркую, што цікавых выпадкаў у вашай практыцы нямала. Успомніце іх, калі ласка.
— Мяне заўсёды прываблівала галіна карупцыйных праяўленняў. У час правядзення адной з праверак удалося выявіць факт парушэння заканадаўства пры правядзенні дзяржаўных закупак адной з арганізацый нашага раёна. У выніку былі вынесены прадстаўленне, пратэст і прадпісанне.
Наогул, кожная справа, якую прыходзіцца разглядаць, па-свойму цікавая. Прад’яўляць чалавеку рэальнае абмежаванне свабоды заўсёды вельмі няпроста. У свой час падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне па крымінальнай справе — мужчына прыцягваўся да адказнасці за няўплату аліментаў. Мерай пакарання было абмежаванне свабоды тэрмінам на адзін год.
Вельмі нялёгка прымаць рашэнне пры разглядзе спраў па абвінавачванні непаўналетніх. Заўсёды шкада падлеткаў, якія пераступаюць мяжу закону па прычыне сваёй легкадумнасці. На вялікі жаль, яны задумваюцца пра тое, што зрабілі, толькі апынуўшыся ў зале судовых пасяджэнняў. Пры накіраванні непаўналетніх у спецыялізаваныя выхаваўчыя ўстановы вельмі важна дэталёва ацаніць усе абставіны правапарушэння.
— Вядома, што работа ў пракуратуры патрабуе поўнай самааддачы. Калі ўсё ж з’яўляецца вольная хвілінка, чаму яе прысвячаеце?
— З задавальненнем чытаю мастацкую літаратуру — як класічную, так і сучасных аўтараў. Нядаўна вось перачытала твор “Дама с камелиями» А. Дзюма, падабаюцца і сучасныя творы Э. Сафарлі.
Са школьных год займаюся фізічнай загартоўкай. У Віцебску створана шмат пешаходных, веласіпедных дарожак. З пачатку вясны я пачынаю бегаць. Фізічныя заняткі працягваю і зараз. Кожны вечар прабягаю пэўную адлегласць. Гэта дае адпачынак мозгу.
Як правіла, свой працоўны дзень пачынаю загадзя. Прачынаюся рана, прыводжу сябе ў парадак — і іду на працу, дэталёва планую свой працоўны дзень.
Вядома, з вялікім задавальненнем прыязджаю на выхадныя да сваіх бацькоў, даглядаю нашу хатнюю любіміцу — кошку Мацільду. Усёй сям’ёй выязджаем на дачу, сустракаемся там са сваімі роднымі. Вельмі прыемна праводзіць час на свежым паветры, гутарыць з цікавымі людзьмі.
— Якая дзейнасць для вас бліжэй — выкладанне або работа ў пракуратуры?
— У бліжэйшым будучым асноўную ўвагу планую засяродзіць менавіта на практычнай рабоце, бо без яе навуковая дзейнасць немагчымая. Студэнтаў заўсёды цікавяць прыклады з жыцця.
Нашу размову з Аляксандрай прыпыняе зварот наведвальніка. Для вырашэння шэрага спрэчных пытанняў да кампетэнтнага спецыяліста звярнулася жанчына. Памочнік пракурора ўважліва слухае суразмоўцу, дэталёва вывучае сітуацыю. Пачынаецца новы працоўны дзень…
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: памочнік пракурора Лепельскага раёна Аляксандра Рудзіс.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.