Нужно просто любить свою профессию…


Перадсвяточныя дні вельмі важныя і напружаныя для рознічных гандлёвых прадпрыемстваў. Некаторым за гэты час удаецца атрымаць выручку як за месяц будзённай працы, а то і больш. Пакупнікі з засяроджанымі позіркамі наведваюць мясныя, рыбныя аддзелы, прыпыняюцца ля паліц з садавінай і бакалеяй, вывучаюць асартымент сувенірнай прадукцыі… Вядома, вельмі напружаны графік работы і ў прадаўцоў.

Мая суразмоўца — Святлана Балаболкіна, прадавец магазіна “Еўраопт”, які знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Чуйкова і Максіма Горкага. Жанчына працуе на гандлёвым прадпрыемстве з дня яго адкрыцця — з 15 студзеня 2020 года. За апошнія гады ў г.Лепелі было адкрыта шмат крам, але ці шмат шаноўныя чытачы ведаюць людзей, якія працуюць там з дня адкрыцця?

— Святлана Валер’еўна, колькі чалавек працавала першапачаткова і колькі з іх засталіся вернымі свайму выбару да сённяшняга дня?

— Пры адкрыцці магазіна “Еўраопт” у студзені 2020 года працавалі больш за 40 чалавек. У цяперашні час з першапачатковага складу працуем я, намеснік дырэктара Ірына Семяніхіна, прадаўцы Таццяна Міснік і Ірына Чарняўская, а таксама прыбіральшчыца Анастасія Чыжова — усяго 5 чалавек. У калектыве налічваецца 26 чалавек.

Паступова склад работнікаў быў аптымізаваны. Адны жанчыны знаходзяцца ў водпусках па доглядзе дзіцяці, іншыя звольніліся. У нас былі зменены некаторыя тэхналогіі. Напрыклад, спачатку працавалі 7 кас, а на сённяшні дзень арганізавана работа чатырох кас з касірамі і трох — самаабслугоўвання.

— Калі не сакрэт, які зараз заробак у работніка крамы?

— Я атрымліваю за месяц 550-650 рублёў. Заробак залежыць ад выручкі, якую атрымала крама. У якасці бонуса штомесяц атрымліваю сертыфікат на 70 рублёў пры адсутнасці пропускаў, парушэнняў і бальнічных. У бліжэйшы час збіраюся ў чарговы водпуск, пры гэтым таксама прадугледжаны сур’ёзныя даплаты.

— У размове са спецыялістамі неаднаразова прыходзіцца даведвацца пра тое, што моладзь неахвотна набывае рабочыя прафесіі. Што вы можаце сказаць пра прафесію прадаўца?

— На вопыце сваёй крамы скажу, што сітуацыя аналагічная. Асноўная частка нашага калектыву — людзі, якія маюць значны працоўны вопыт, для іх блізкія такія якасці, як адказнасць, пунктуальнасць і добрасумленнасць. Мне вельмі падабаецца быць прадаўцом, я люблю працаваць з людзьмі, хаця калі-нікалі ўзнікаюць складаныя сітуацыі.

Трэба адзначыць, што праца ў краме не такая і лёгкая, як можа падацца на першы погляд. Многія ўяўляюць работу прадаўца такім чынам: касір перакладае на стужцы тавар, спрацоўвае лазерны сканер, касавы апарат сам падлічвае суму і вылічвае рэшту. Аднак праца работнікаў магазінаў пачынаецца задоўга да ранішняга адкрыцця. Трэба загадзя прыйсці, раскласці сотні найменняў тавараў па паліцах, зрабіць выкладку… За гэты час даводзіцца перанесці і перагрузіць сотні кілаграмаў. Затым на працягу дня па меры змяншэння трэба давозіць і выстаўляць неабходны тавар, бо пустэча на паліцах недапушчальная. Неабходна хутка і кампетэнтна даваць адказы на пытанні пакупнікоў, дапамагаць ім арыентавацца сярод паліц і вітрын. Увесь дзень прадаўцы праводзяць на нагах. Пасля закрыцця крамы трэба застацца і навесці парадак, пералічыць тавары: якія набыты, колькі засталося, што трэба заказаць. Нялёгка прыходзіцца працаваць і прыбіральшчыцы: трэба агледзіць сотні квадратных метраў гандлёвай залы, складоў і іншых службовых памяшканняў, якія пастаянна павінны ўтрымлівацца ў чысціні. Верагодна таму моладзь не вельмі ахвотна выбірае для сябе прафесію прадаўца.

Зноў скажу, што я вельмі люблю сваю працу. Пераканана, што ніякія грошы не даюцца проста так, іх трэба зарабіць. Да таго ж у краме цёпла, зручна, мой дом знаходзіцца непадалёк.

— Як адчуваецца набліжэнне свята?

— У любых святаў ёсць і агульныя рысы, і адметнасці. Напрыклад, перад святочнымі днямі пакупнікі больш актыўна набываюць алкаголь. Перад Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь набывалі больш каньяк, віскі, гарэлку, а Да Дня Перамогі і іншых святаў купляюць больш мяса. Перад святам 8 Сакавіка карыстаюцца попытам шампанскае, некаторыя набываюць яго цэлымі скрынямі, а таксама цукеркі і садавіна і, вядома ж, кветкі. У нас можна будзе набыць цюльпаны, гваздзікі і ружы. У мінулым і пазамінулым гадах ужо напярэдадні свята кветкі былі раскуплены хутка, так што мужчынам раю паклапаціцца пра гэта загадзя.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.