Нямала былі здзіўлены прахожыя, якія даволі позна ўвечары ішлі каля раённага краязнаўчага музея

IMG_3156 Нямала былі здзіўлены прахожыя, якія даволі позна ўвечары ішлі каля раённага краязнаўчага музея. Звычайна ў такі час ён зачынены, аднак мала таго што працаваў, яшчэ і грала музыка. Была традыцыйная “Ноч музеяў”.

У гэтым годзе тэма вечарыны называлася “Музей і культурныя ландшафты” і была прысвечана ўнікальнаму экспанату — лепельскай дудзе. Дуду музей набыў у Івана Місніка. У традыцыйнай культуры дуда — рытуальны музычны інструмент. Старажытная яе выява — малюнкі Прускай хронікі (прыбыццё караля Сігізмунда ў нямецкі Данцыг). Першы ўспамін — летапіс Радзівілаў 12 стагоддзя, “Аповесць пра трох каралёў-вешчуноў”.
Лепельскую дуду вывучалі знакамітыя спецыялісты, у тым ліку Тодар Кашкурэвіч. Дуда — адзіная ў Беларусі, якая захавалася з тых даўніх часоў. Традыцыі дударства на Лепельшчыне не забываюць. Выкладчык філіяла дзіцячай школы мастацтваў у аграрадку Стаі Яўген Ясюкевіч выканаў некалькі кампазіцый.
За музейным шклом побач з дудой захоўваюцца не менш аўтэнтычныя інструменты: цымбалы і скрыпка. Цымбалы былі распаўсюджаны ў 16 стагоддзі ў Беларусі, Украіне, Румыніі, Чэхіі і даволі часта гучалі ў скрыпічным акампанеменце. У відэафармаце прадэманстравалі, як цудоўна гралі на ёй.
Наведвальнікі музея з энтузіязмам удзельнічалі ў цікавых мерапрыемствах, якія зладзілі супрацоўнікі музея. Пасля выступлення Яўгена Ясюкевіча ўсе жадаючыя мелі магчымасць патанчыць пад патэфон, скласці гістарычныя пазлы, яшчэ раз звярнуць увагу на музейныя экспанаты.
Аматарам старажытнасці дапамагалі з’арыентавацца ў музейных лабірынтах валанцёры. На адным з “прыпынкаў” можна было павудзіць рыбу ў імправізаванай сажалцы. Не дзіва, што атракцыён карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод дзяцей. Найбольш удалых рыбаловаў валанцёр Марыя Аўтушка ўзнагароджвала прызам.
— Дзе вучыцеся, Марыя?
— У гімназіі ім. І. М. Ерашова, сёмы клас.
— Як трапілі ў лік валанцёраў?
— Прыйшлі з музея, прапанавалі паўдзельнічаць. Стала цікава, таму з задавальненнем згадзілася. І не толькі я, а таксама Дар’я Смажэўская і Ульяна Ерашова.
Увогуле, дзеці былі ў захапленні ад музейнай вечарыны. Тут і адзначаныя вышэй гістарычныя пазлы, танцы, “Салаўіны гай”. Лялечны майстар-клас правяла Анастасія Нядбальская.
Удзельнікам “Ночы музея” прапаноўвалі і даволі няпросты квэст, прымеркаваны да Дня Вялікай Перамогі. Напрыклад, пытанне “Яго імя ведаюць усе касманаўты” паставіла ў тупік большасць знатакоў. Поўнасцю рашыць няпросты рэбус здолелі толькі трое. Пэўна, вы здагадаліся, гаворка ішла пра нашага земляка Уладзіміра Матыля. “Ноч музеяў” завяршыў падлеткавы флэшмоб.
Яўген МУДРЫ.
На здымку: моманты.

IMG_3129 IMG_3144 IMG_3122

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.