Няспраўная электраправодка

Пажарныя разлікі былі выкліканы на завулак Усходні, д.2. Гарэлі гаспадарчыя пабудовы. На момант прыбыцця агняборцаў гаспадары з дамапогай падручных сродкаў стараліся, але патушыць пажар не маглі, толькі стрымлівалі агонь.

Тут стаіць вялікі драўляны дом на чатыры кватэры. Зямельны ўчастак невялікі, 50-60 гадоў таму. Калі яго выдзялялі, дзей­нічалі такія абмежаваныя нарматывы. І на гэтым невялікім участ­ку кожны з гаспадароў чатырох кватэр стараўся зладзіць патрэбныя яму гаспадарчыя пабудовы, у асноўным з драўніны: бярвенняў, дошак — вось дзе    спрыяльныя ўмовы для агню.

Пажарныя перамяшчаліся, нібы ў лабірынце, аднак становішча ацанілі хутка, дзейнічалі рашуча. Агнём цалкам знішчана толькі адна гаспадарчая пабудова, дзве — моцна пашкоджаныя. Дом, хаця і стаяў вельмі блізка да пажару, аднак не пацярпеў.

Прычынай загарання стала няспраўнасць электраправодкі.

Ежа на пліце

У адной з кватэр дома №30 па вуліцы Гагарына жыве пенсіянер, разам з ім — двое дарослых дзяцей. Дзеці пайшлі ў госці. Бацька захацеў сабе нешта прыгатаваць, паставіў посуд на пліту, распаліў агонь ды нечакана для сябе заснуў. Густы смуродны дым адчулі суседзі, выклікалі пажарных. Калі ўскрылі дзверы і зайшлі ў кватэру, гаспадар спакойна спаў, нават адразу не зразумеў, што адбылося.

Ад незатушанай цыгарэты

Зноў прыйшло паведамленне аб загаранні ў шматкватэрным доме №161 па вуліцы Чуйкова. Пажарныя ўбачылі наступную карціну: на лесвічнай пляцоўцы чацвёртага паверха гарыць і плавіцца пластмасавая сметніца. Хтосьці кінуў туды незатушаную цыгарэту, ад чаго і загарэліся накіданыя ў яе паперкі.

Загаранне па невядомай прычыне

Загарэўся жылы дом па вуліцы Калгаснай. На месца былі ад­праўлены некалькі спецмашын. Агонь залілі вадой, пры гэтым адключылі будынак ад электразабеспячэння і вынеслі з яго два газавыя балоны. Агнём знішчаны дах, аднак столь і сцены засталіся цэлымі, толькі ўдосталь прамочанымі вадой.

Пакуль застаецца нявысветленай прычына загарання. Гаспадыня дома не была ў ім два дні, жыве ў кватэры па вуліцы Інтэрнацыянальная. Печ ніхто не напальваў, электрычнасцю не карыстаўся. Электраправодка пракладзена па ўсіх правілах, кароткага замыкання таксама не было, аўтаматычныя засцерагальнікі засталіся непашкоджаныя. На гэтыя пытанні павінна даць адказы следства.

Аляксандр САДОЎСКІ,

інспектар групы прапаганды і навучання РАНС

старшы лейтэнант унутранай службы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.