Няхай жа суровы ўрок стане кропкай адліку асэнсавання паводзін і ўчынкаў

78Нават дарослыя часам не задумваюцца пра мажлівыя суровыя наступствы сваіх учынкаў. Пра непаўналетніх ужо не кажам. І такая неабачлівасць нярэдка прыводзіць грамадзян на мулкую лаву падсудных. І наша гісторыя не выключэнне. На жаль, аповед пойдзе пра падлеткаў. Не ўтрымаліся яны ад спакусы пакаштаваць “дарослых уражанняў”. Прозвішчы сапраўдныя называць не будзем. Па этычных і іншых прычынах.
Валерый Майкоў і Васіль Платонаў вучыліся ў ліцэі. Прыехалі аднойчы на заняткі на рэйсавым аўтобусе. І вырашылі пазней сустрэцца ля магазіна “Ганна”. Задумана — зроблена. Сустрэліся ля гандлёвай кропкі. У краму не пайшлі. Маршрут пралягаў у іншым накірунку. А канкрэтней — на аўтазаправачную станцыю ў Лепелі. І нагода была канкрэтная — набыць бензін для скутара.
Потым пашыбавалі хлопцы па вуліцы Чуйкова ў бок шашы Мінск — Віцебск. Намер мелі дабрацца дадому на спадарожным транспарце. Іншых жаданняў пакуль не было. Да тае пары, пакуль не ўбачылі постаць кабеты…
Дзіна Міхеева, паводле яе наступных паказанняў на судовым працэсе, зайшла ў магазін непадалёк ад “Каласка”. У поліэтыленавы пакет паклала купленыя тры бутэлькі віна. Як кажуць, у кожнага свае густы і прыярытэты. З пакетам пакрочыла па той жа вуліцы Чуйкова. І не ведала, якая нечаканая нагода напаткае. Нездарма філосафы сцвярджаюць: выпадковасць — непазнаная заканамернасць. Не будзем спрачацца з мудрацамі. Ім відней….
Падлеткам па нейкіх прыкметах падалося, што кабета нападпітку. І вырашыў тады Валерый завалодаць пакетам. Няўжо не справіцца з жанчынай! Ён жа як-ніяк мужчына. І прыбавіў хады. Крокі за спіной занепакоілі Дзіну, яна інстынктыўна азірнулася назад. Яе даганяў хлопец. Не ведаем, ці адчула яна халадок небяспекі. Валерый выхапіў пакет і пабег у бок лесу. За ім падаўся і Васіль.
Па сцвярджэнні на судзе Васіля, Валерый у адносінах кабеты гвалту не прымяняў, проста выхапіў пакет з віном з рук і даў лататы. У лесе ён дастаў бутэльку віна, а пакет паставіў на зямлю. Яго кампаньён нібыта хацеў вярнуць жанчыне спіртное, але хлопцы прыкмецілі, што яна з кімсьці размаўляе па мабільніку. Спужаліся. Пакет пакінулі, а самі кінуліся наўцёкі, далей ад бяды. Міліцыянеры па галаве не пагладзяць. І бацькі не ўхваляць за “подзвіг” на дарозе. За такі ўчынак давядзецца несці адказнасць.
На тым “прыгоды” не скончыліся. Нібы магнітам цягнула хаўруснікаў на прыроду. Дакладней, да месца, дзе пакінулі чужы пакет з заманлівым змесцівам. “Зялёны змей” завабліваў хлопцаў у таемны куточак, дзе ляжалі бутэлькі па 0,7 літра кожная.
Пакет чакаў на старым месцы. Адну бутэльку адкаркавалі, пракаўтнулі вадкасць з градусамі быццам бы па глытку. Няхай так. Не будзем засяроджвацца на колькасці спажытага віна. Не гэта ключавое звяно ў нашай гісторыі.
Аднак прадоўжым крочыць па слядах непаўналетніх. Пра свой рух яны без утойвання шчыра распавядалі на судовым пасяджэнні. Віно схаваў пад адзенне Васіль. Чаму ён? Па яго словах, у Валерыя схаваць спіртное ад чужых вачэй не атрымалася.
А зараз вернемся да пацярпелай. Яна патэлефанавала аб здарэнні ў міліцыю. Людзі ў пагонах абследавалі лесапасадкі. Нічога падазронага на тую пару не знайшлі. Затрымалі хлопцаў у той жа дзень. З віном, вядома. Тады, калі выходзілі з лесапасадак. Як кажуць, па гарачых слядах затрымалі.
Чытачы, зразумела, зацікавяцца фіналам аповеду. Фінал сумнаваты. Хоць і непаўналетні наш персанаж, але адказнасць павінен несці. Адпаведную ўчыненаму і ўзросту. Пры вызначэнні віда і меры пакарання суд улічыў характар і ступень грамадскай небяспекі злачынства, якое аднесена да катэгорыі менш цяжкіх, асобу абвінавачваемага, яго здавальняючую і станоўчую характарыстыкі адпаведна па месцы вучобы і жыхарства.
Дырэчы, раней Валерый Майкоў да адказнасці крымінальнай і адміністрацыйнай не прыцягваўся. Да яго вырашана было прымяніць прымусовыя меры выхаваўчага характару ў выглядзе абмежавання вольнага часу на тры месяцы. Падлетак абавязаны быў з 20.00 да 07.00 знаходзіцца па месцы жыхарства і перыядычна з’яўляцца для рэгістрацыі ў орган, які ажыццяўляе кантроль за яго паводзінамі. Няхай жа суровы ўрок стане кропкай адліку асэнсавання паводзін і ўчынкаў. Свядомага асэнсавання і выпраўлення. Інакш наступствы могуць быць больш жорсткія.
Аркадзь ДЗЕМІДАВЕЦ, старшы памочнік пракурора раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.