Обзор ферм и комплексов

img_6254Прычыну чарговага аб’езду жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Вольга Бажэнава патлумачыла наступным чынам:

Нетыповае для зімы надвор’е выклікае занепакоенасць. У маразы назапашванне арганікі на фермах і далейшы вываз яе праводзіцца планава, у прывычным рэжыме. На падмарожанай зямлі гной ляжыць, не расцякаецца, яго адносна нескладана ўзяць пагрузчыкам. Зараз стаіць цеплыня, вадкія ўгнаенні могуць расцякацца, а калі гноесховішча перапоўніцца, то разлівы могуць быць вельмі шырокімі, гной можа патрапіць у ручаі, меліярацыйныя каналы, а адтуль у рэкі і азёры. Таму мы рэгулярна аглядаем жывёлагадоўчыя аб’екты, выяўляем парушэнні.

За дзень вырашылі аб’ехаць фермы і комплексы сельгасфіліяла “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, размешчаныя на тэрыторыі Стайскага сельсавета. Пачалі з флагманаў малочнай вытворчасці, робатызаваных комплексаў у Старым Лепелі і Юркоўшчыне. Але спачатку заехалі ў кантору сельгасарганізацыі.
— Вываз арганікі ідзе, але з вялікімі цяжкасцямі, — прызнаецца дырэктар “Заазер’я” Аляксандр Быкаў. — Першая і галоўная праблема — недахоп дызельнага паліва.
У прынцыпе, нараканні кіраўніка зразумець можна. Нягледзячы на зіму, так званы “мёртвы сезон”, прадпрыемства дзейнасць не спыняе, вядзецца рамонт і абслугоўванне тэхнікі, набываюцца запчасткі і камплектуючыя, даглядаецца жывёла, людзям выплачваецца заробак — а гэта ўсё грошы, і немалыя. А хацелася б зрабіць хоць невялікі запас трываласці перад веснавой пасяўной кампаніяй.
— Другая праблема — надвор’е. Дажджы расквасілі глебу на палях так, што нават магутныя трактары, каб вывезці арганіку, ледзьве праязджаюць.
Пацвярджэнне гэтым словам мы бачылі неаднойчы, многія палеткі, асабліва пераараныя, парэзаны каляінамі ад трактарных колаў. Калі б глеба была скаваная марозам, тэхніка б значна лягчэй рухалася па палях.
Вакол комплекса ў Старым Лепелі ў асноўным быў парадак. Непадалёк праходзіць меліярацыйны канал, па ім працякае ручай, вада — без прыкмет забруджвання.
На тэрыторыі комплекса якраз вывозіўся гной, у працэсе былі задзейнічаны два энерганасычаныя трактары МТЗ-3522 з аб’ёмнымі прычэпамі, грузілі арганіку пагрузчыкам. “Амкадор” акуратна разварочваўся на бетоннай пляцоўцы, чэрпаў поўны коўш і куляў яго ў чарговы пад’ехаўшы прычэп. Пяць-сем каўшоў — і загружаны трактар ад’язджае. Такім чынам арганіка вывозілася на навакольныя палеткі.
На комплексе ў Юркоўшчыне гноевыдаленне наладжана іншым чынам. Там вадкая фракцыя запампоўваецца ў падземныя ёмістасці, адкуль вывозіцца на палі бочкамі. Побач размешчана адкрытае сховішча яшчэ на некалькі тысяч тон. На момант прыезду групы трактар з бочкай займаўся вывазам.
— Працэс ідзе, — канстатавала Вольга Бажэнава, — але варта было б прыспешыцца. Ды адкрытае сховішча ў хуткім часе запоўніцца, няблага было б і з яго арганіку вывезці на палі.
Фермы ў Ворані, Заазер’і, Будзяўцах, Звяздзе і Юркоўшчыне, побач з мехдваром, таксама паказваюць, што праца па вывазе арганікі вядзецца планамерна, запасы яе на тэрыторыях — мінімальныя, затое палеткі вакол фермаў залітыя гноем. Можна спадзявацца, што летам яны парадуюць неблагім ураджаем.
Заадно звярнулі ўвагу і на кантэйнерныя пляцоўкі. Яны на фермах і комплексах утрымліваюцца ў належным парадку: абгароджаныя, з цвёрдым пакрыццём. Аднак, варта прызнаць, што работнікі фермаў у Заазер’і і Юркоўшчыне маглі б быць больш акуратнымі, ды і за камунальнікамі варта таксама пільна наглядаць — вакол кантэйнераў былі рэшткі смецця.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.