Очередной 38-квартирный дом, возведенный по улице Школьной, 15 г. Лепеля, сдан в эксплуатацию

img_0993 Чарговы 38-кватэрны дом, узведзены па вуліцы Школьнай, 15, здадзены ў эксплуатацыю. Генеральным падрадчыкам выступала Лепельская ПМК-75. Засталіся хіба толькі некаторыя элементы обраўпарадкавання, якія будуць выкананы ўвесну.

Пад’ехаў да новага дома. Успомніўся адзін з візітаў, калі прыязджаў сюды пад час будоўлі. Работа ішла поўным ходам, муляры выкладвалі рады цэглы, кранаўшчык толькі паспяваў падаваць то паддоны, то ёмістасці з растворам. Навокал была брудная зямля, гразка такая, што нагу паставіць не было куды. Цяпер жа адразу кідаецца ў вочы дзіцячая гульнёвая пляцоўка. Горка, арэлі, некалькі лавачак ужо гатовыя прыняць дзятву. Дарэчы, у новых дамах даволі шмат маладых сем’яў з маленькімі дзецьмі. Насупраць пад’ездаў знаходзяцца жалезныя канструкцыі для сушкі бялізны, выбівання дываноў, кантэйнерная пляцоўка для раздзельнага збору смецця.
Вось каментарый намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шыдлоўскага:
— Працавалі ў штатным рэжыме. Адзначу, што фінансаванне гэтага аб’екта вялося без значных перабояў, таму ён быў здадзены ў вызначаныя тэрміны. Ды і нашым будаўнікам няма сэнсу зацягваць справу. Хутчэй здадуць — хутчэй атрымаюць грошы.
Дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Вадзім Варган дадаў:
— Работнікі ПМК-75 здалі дом нам. Мы па меры праверкі звестак аб аплаце выдаём ключы навасёлам. У прынцыпе, яны ўжо агледзелі свае кватэры, пабывалі ў іх.
Зараз ПМК-75 прыступае да ўзвядзення наступнага 38-кватэрнага дома побач, на Школьнай, 17. Дом мяркуецца ўзводзіць цалкам за сродкі грамадзян. Ёсць яшчэ некалькі свабодных кватэр, таму запрашаем жадаючых паўдзельнічаць у будаўніцтве і атрымаць свае квадратныя метры.
Сацыяльных або арэндных кватэр ва ўзведзеным доме па вуліцы Школьнай, 15 няма. Аднак ёсць цікавы прыклад. Сям’я Кантрыбуц, дзе выхоўваюцца пяцёра дзетак, атрымала тут дзве кватэры на адной лесвічнай пляцоўцы. Такім чынам, яны могуць хоць кожны дзень хадзіць у госці.
Удалося пагутарыць і з навасёламі. Суразмоўцам стаў Юрый Кулікаў.
— Юрый Аляксандравіч, якую кватэру пабудавалі?
— Двухпакаёвую. У нас з жонкай Юліяй двое дзяцей, старэйшы сын ужо ходзіць у школу, малодшая дачушка ў хуткім часе пойдзе ў садок, таму нам патрэбна была як мінімум двухпакаёвая кватэра.
— Ведаю, што не на ўсю жылую плошчу выдзяляюцца льготныя крэдыты, частку платы будучым навасёлам даводзіцца ўносіць уласнымі грашыма.
— Так, частку кватэры трэба аплачваць самастойна. Аднак усё залежыць ад колькасці членаў сям’і. У нашым выпадку, паколькі ў нас двое дзяцей, нам выдзелілі большы льготны крэдыт. Самім трэба было ўнесці 30 мільёнаў рублёў. У нас на той час былі свае зберажэнні, таму гэта не стала асаблівай праблемай. Аднак у мяне ёсць сябар, якому трэба было ўнесці ў пяць разоў болей. Дык ён ездзіў на заробкі ў Расію, каб назбіраць патрэбныя грошы.
— Колькі вам зараз трэба будзе плаціць?
— Крэдыт выдзелілі на 20 гадоў пад тры працэнты гадавых. Нам у банку разлічылі, што кожны месяц трэба будзе ўносіць каля 260 рублёў. Дададзім яшчэ камунальныя плацяжы, аплату дзіцячага садка, іншыя расходы. Я працую рабочым на малочнакансервавым камбінаце, Юля да выхаду ў адпачынак па доглядзе дзіцяці працавала прадаўцом у райспажыўтаварыстве. Падлічылі, што адну заработную плату мусім аддаваць на крэдыт, камунальныя палугі, дзіцячы садок, школьныя расходы…
С. БАЗЫЛЬ.
На здымку: дом, здадзены ў эксплуатацыю.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.