Один работает в Заазерском лесничестве, второй учится в Минске в БГАТУ

img_7659 Шанцуе мне на Уладаў Тухто… Меў на мэце пазнаёміцца з адным, а пазнаёміўся адразу з двума. Ну хоць ты жаданне загадвай! Абодва лепельскія хлопцы, амаль равеснікі. Абодва любяць сваю маленькую радзіму і не збіраюцца яе пакідаць. Адзін працуе ў Заазерскім лясніцтве, другі вучыцца ў Мінску ў БДАТУ. Пра яго таксама неўзабаве пастараюся распавесці. Ну а пакуль — пра таго Улада, што выйшаў з лесу цёмнага і трапіў на сцэну вялікую. Усяго за дваццаць чатыры гадзіны стаў вядомым на ўсю Беларусь.

Наконт “лесу цёмнага” — гэта я вобразна. І не ўсё так адназначна. А што да славы сталічнай — тут цалкам натуральна і жыццёва. Як у сук уляпіў майстар лесу Заазерскага лясніцтва, стаўшы ў адначассі віцэ-містарам на рэспубліканскім конкурсе “Містар супермэн”, які ладзіў прафесійны саюз работнікаў лесу і прыродакарыстання.
А дакладней было так. Расказалі мне ў РДК. Да такіх сур’ёзных конкурсаў удзельнікі рыхтуюцца мо месяцы са два. А тут раптам папрасілі з Віцебска тэрмінова падрыхтаваць да конкурсу замену раней намечанаму кандыдату. Казалі, той не прайшоў, бо высветлілася, што ён жанаты. Які ж “містар супермэн” з сямейнага чалавека? Вось і спыніліся на Тухто. Улад па ўсіх крытэрыях адпавядае. Пра гэтыя крытэрыі яшчэ распавяду. А пакуль пра тое, што часу да конкурсу заставалася… роўна суткі.
Такім чынам, ужо назаўтра хлопец сядае за руль уласнага старэнькага “Гольфа” і разам з кіраўніком “Балагана” Таццянай Невядомскай едуць у Мінск. А пакуль едуць, Таццяна надыктоўвае Уладу словы будучага выступлення, некаторых вершаў, і той паслухмяна паўтарае. Уяўляю, як яны ехалі, але дабраліся ўсё ж да рэспубліканскага цэнтра. Тут трэба зазначыць, што конкурс меўся быць зусім не жартоўны, а больш чым нават сур’ёзны. Да “медных трубаў” рэспубліканскай славы трэба было прайсці праз “агонь і ваду” — восем палажэнняў конкурсу: візітоўкі самога ўдзельніка, прадпрыемства, дзе ён працуе, горада, дзе жыве, конкурсы “містар-талент”, танцавальны, містар-эрудыт, “Справа ў капелюшы” і іншыя. А да ўсяго яшчэ — прызнанне ў каханні.
— Выходзілі ўдзельнікі ў розных амплуа, — распавядае Таццяна. — Былі там і “фраеры” ў белых пальчатках. Каго толькі не было. Наш Улад выйшаў на сцэну з візітоўкаю ў строгім вытворчым касцюме работніка лесу. Фраерства яму проста неўласціва. Аднак неўзабаве пакарыў халоднае сэрца журы і заваяваў гарачыя сімпатыі гледачоў. А калі ён прачытаў прызнанне ў каханні!..
Таццяна Невядомская была адзіным чалавекам з групы падтрымкі Улада на конкурсе. У іншых жа вунь якія былі групы падтрымкі. Ну ды не колькасцю, а якасцю. Зрэшты, магчыма, Таццяна распавядае занадта эмацыйна? А ніколькі!
Калі ён тое ж самае “прызнанне” паўтарыў ужо дзеля нас, некалькіх яго слухачоў, што сабраліся ў маленькім пакойчыку РДК, я зразумеў, што сэрца ў журы — не камень. Улад чытаў на памяць верш-прызнанне Сяргея Ясеніна — любімы яго паэт. Словы не проста так сабе вольна саскоквалі з языка. Гэта быў натхнёны і палымяны чытацкі тэкст у адзіным парыве. Гэта было выкананне сапраўднага майстра сцэны — інтанацыя, рытм, эмоцыі, якія літаральна бруіліся… Не, гэты хлопец не з цёмнага лесу на сцэну выйшаў і не спантанна стаў віцэ-містарам на прэстыжным рэспубліканскім конкурсе. Дык адкуль жа ён, “лясны чалавек” з душою Ясеніна?
А ён з Юркоўшчыны. Сын настаўніцы. Маці яго, Жанна Тухта, і зараз выкладае родную мову ў Старалепельскай школе. Сцэна для маленькага Улада пачалася яшчэ ў раннім дзяцінстве, з тых самых матуліных літмантажаў, вечароў, у якіх таксама браў удзел і ён. Далей быў Полацкі лясны каледж, дзе тры гады іграў на сцэне ў заслужаным аматарскім калектыве “Пілігрымы”. І толькі ў арміі, у разведцы паветрана-дэсантных войскаў, было не да сцэны. Там скакалі з парашутам, там часам ігралі не ў спектаклях, а са смерцю. “ВДВ” ёсць “ВДВ”.
— У фантанах зараз не купаешся? — пытаюся жартам.
— Не, — адказвае сціпла, — не да твару дэсантніку, хоць і ёсць такая завядзёнка.
Сціпласць яму шмат чаго не дазваляе. Вярнуўся зноў пасля войска ў лясніцтва, працуе майстрам, схаваўся ў лесе і даўно не паяўляўся на сцэне. Не прызнаваўся, што іграе на гітары, што мае і аўтарскія песні. Не ляжала неяк дарога да РДК. Ну, а як ён пойдзе туды, да людзей творчых? Хаця ён і сапраўды іх чалавек. Не, Улад любіць сваю лясную прафесію, слоў няма, і не збіраецца ёй здраджваць. Паступіў на завочнае ў БДТУ. Магчыма, некалі зробіць кар’еру. Аднак… Аднак калі аднойчы выйшаў на сцэну, то ўжо не пакінеш яе ўсё жыццё.
У войску выступаў на армейскіх гульнях “Дэсантны ўзвод”. Потым іх, удзельнікаў, вазілі на радзіму Ясеніна. Засталіся незабыўныя ўражанні… Любіць хлопец не толькі паэзію. Чытае прозу, чытае разумныя кніжкі, што для сучаснай моладзі, скажам шчыра, нетыпова. Падабаецца і рускі рок, і шансон, падабаецца і футбол, і баскетбол, і валейбол. Чалавек спартыўны, як і належыць юнаку.
А на сцэну ўсё ж прывяла дарога. Вось так удала і нечакана раптам легла карта… Дапамог конкурс. І зараз ён ужо ў РДК свой, як быццам і быў тут заўсёды. Тамтэйшы люд, зрэшты, падкрэслівае выключную яго абаяльнасць. І гэта сапраўды так. Сустракаеш Улада ўпершыню, а ўражанне такое, быццам ведаеш даўно. І ён ужо ў “Балагане”. І неўзабаве, на Дзень гумару, сыграе ў першай сваёй “балаганаўскай” пастаноўцы. Не прапусціце.

Уладзімір МІХНО.
На здымку: Улад Тухто.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.