Один росчерк пера мог решить, быть солдату героем или нет

valeravy-fotkiУ гады Другой Сусветнай вайны многія былі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі — ордэнамі і медалямі Савецкага Саюза. Аднак ёсць і тыя, чые мужныя ўчынкі так і не атрымалі належнага прызнання ці не былі годна адзначаны камандаваннем. Даводзіцца перагортваць дзясяткі ўзнагародных лістоў, знаёміцца з ваеннымі біяграфіямі землякоў. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што ўзнагародная сістэма — рэч даволі суб’ектыўная. Адзін росчырк пяра мог вырашыць, быць салдату героем ці не. Такім чынам, па меншай меры трое лепяльчан у гады вайны не атрымалі вышэйшага звання Героя Савецкага Саюза.

Адным з першых да гэтага звання ў жніўні 1941 года быў прадстаўлены лейтэнант Мікалай Ханяк з вёскі Замошша Сушанскага сельсавета. Ён вызначыўся ў баях пад Кіевам. На той час прадстаўленне да вышэйшай узнагароды было даволі смелым рашэннем камандзіра паветрана-дэсантнай брыгады. Аднак потым камандаванне замяніла вышэйшую ўзнагароду на ордэн Чырвонага Сцяга, якога адважны разведчык, зрэшты, так і не дачакаўся. Першую сваю ўзнагароду — медаль “За адвагу” — атрымаў за захоп нямецкай агнявой кропкі. Разведчыкі сышліся з праціўнікам у рукапашным баі. Мікалай Ханяк ваяваў і надалей адважна, пра што сведчаць яго шматлікія ўзнагароды. У тым ліку “поўны афіцэрскі набор” — з ордэнаў Вялікай Айчыннай вайны I і II ступеняў і Чырвонай Зоркі. Чарговы раз Мікалая Ханяка прадставілі да палкаводчага ордэна Аляксандра Неўскага, але затым замянілі на ордэн Чырвонага Сцяга. Скончыў вайну Мікалай Ханяк у званні падпалкоўніка на пасадзе начальніка разведкі армейскага корпуса.
* * *
У верасні 1944 года на тэрыторыі Польшчы ў адным з баёў вызначыўся разлік “саракапяткі” пад камандаваннем сяржанта Віктара Вашкевіча, які быў родам з вёскі Аношкі. Немцы павялі наступленне на савецкую пяхоту, якая замацавалася на невялікім плацдарме. Прыкрывала пехацінцаў гармата Вашкевіча. Дванаццаць нямецкіх танкетак — цэль, якая паўстала перад артылерыстамі. У хуткім часе з разліку, які выкаціў “саракапятку” амаль на прамую наводку, засталіся двое — камандзір і наводчык. Зрабіўшы шэсць трапных выстралаў, яны здолелі падбіць тры варожыя машыны, астатнія мусілі адысці. Сітуацыя дазволіла пяхоце замацавацца на пазіцыях і перайсці ў контрнаступленне.
За гэты бой Віктара Вашкевіча прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза. Пакуль узнагародныя дакументы ішлі ад ніжэйшай інстанцыі да вышэйшай, узнагароду замянілі на ордэн Чырвонага Сцяга. Апошнюю кропку паставіў камандзір корпуса генерал-маёр Калганаў. Віктар Вашкевіч з нямногіх, каму пашчасціла прайсці вайну ад першага да апошняга дня і застацца ў жывых. Пра тое, што ён быў прадстаўлены да Героя, Віктар Кірылавіч ведаў і распавядаў сваім родным і блізкім.
* * *
Наш зямляк Міхаіл Кавалеўскі, выхадзец з вёскі Свяда, быў прызваны ў Чырвоную Армію з Краснаярскага краю ў 1937 годзе, куды на пачатку дваццатага стагоддзя з’ехаў разам з бацькамі. Да звання Героя Савецкага Саюза старшага сяржанта Кавалеўскага прадстаўлялі ДВОЙЧЫ! Першы раз у лістападзе 1944 года, калі савецкія войскі вялі баі за расшырэнне плацдарма на рацэ Дунай. У адным з баёў Міхаіл Кавалеўскі страціў увесь асабовы склад сваёй гарматы, аднак працягваў весці агонь па ворагу ў адзіноце. Пасля таго, як скончыліся снарады, прыстасаваў да стральбы трафейную гармату, якую пакінулі немцы. Арганізаваў некалькіх пехацінцаў падносіць снарады, а сам на працягу пяці гадзін вёў страляніну. Згодна з архіўным дакументам, Кавалеўскі падбіў дзве танкеткі і знішчыў каля шасцідзесяці нямецкіх салдат.
У снежні 1944 года ўзнагародны ліст Міхаіла Кавалеўскага, прайшоўшы ўсе вышэйшыя інстанцыі, ад камандзіра палка да камандуючага войскамі 57 арміі, з паметкай “дастойны прысваення звання Герой Савецкага Саюза”, лёг на стол камандуючага Трэцяга Украінскага фронту маршала Талбухіна і застаўся без адказу.
Чарговае прадстаўленне да вышэйшага звання пайшло па каманднай лесвіцы ў красавіку 1945 года, калі гарматны разлік Міхаіла Кавалеўскага вызначыўся ў баях пад горадам Надзьбайом у Венгрыі. На гэты раз адказу доўга чакаць не прыйшлося, замест Героя узнагародзілі лепяльчаніна ордэнам Чырвонага Сцяга.
* * *
Да Герояў Савецкага Саюза прыраўноўваліся поўныя кавалеры салдацкага ордэна Славы (тры ступені). Стаць Героем Савецкага Саюза можна было за адзін подзвіг. А вось заслужыць званне поўнага кавалера ордэна Славы было не так і проста. Трэба было здзейсніць як мінімум тры подзвігі на полі бітвы.
Зараз нам вядомае імя поўнага кавалера гэтай узнагароды Фёдара Занько. Аднак яшчэ ў аднаго лепяльчаніна была магчымасць з гонарам насіць гэта высокае званне. Пётр Гардзіёнак з Закаліўя трапіў на фронт у верасні 1942 года ў дваццаць адзін год. Служыў у батальёне сувязі лінейным наглядчыкам. Гэта, мабыць, самая небяспечная спецыяльнасць сярод сувязістаў. Ваяваць даводзілася літаральна “на жываце”. Калі здараліся перабоі з сувяззю, трэба было, як мага шчыльней прыціскаючыся да зямлі, пад моцным перакрыжаваным агнём паўзці і ліквідаваць пашкоджанні.
За адвагу ў баях у 1944 годзе Пётр Гардзіёнак быў двойчы адзначаны ордэнам Славы. У маі 1945 года быў прадстаўлены да ордэна Славы I ступені за бесперабойнае забеспячэнне сувяззю войскаў, што наступалі на Берлін. Як і ў папярэдніх выпадках, узнагародны ліст прайшоў па ўсіх інстанцыях да самага верху. Згодна з шэрагам накладзеных на дакумент рэзалюцый, ніводны з вышэйшых камандзіраў не сумняваўся ў правільнасці першапачатковага рашэння. Засумняваўся толькі… пісар, і замест ордэна Славы Пятра Гардзіёнка ўзнагародзілі ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені.
На прыкладзе нашых землякоў мы бачым, што яны не аднойчы праяўлялі ў баях мужнасць і такім чынам пацвярджалі, што сапраўды вартыя быць адзначанымі вышэйшымі ўзнагародамі. І хоць кожны з іх так і не атрымаў сваю Зорку Героя, яны і ёсць сапраўдныя героі, як і ўсе тыя, хто выстаяў у Вялікай Айчыннай вайне.
Валерый ТУХТА.
На здымку: Віктар Вашкевіч, крайні злева, з баявымі таварышамі. 1945 г.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.