Они погибли при освобождении Лепельщины

 

a-vishkink-balotnika%d1%9eya-velmiskinДзясяткі салдат і афіцэраў Чырвонай арміі, партызанаў, якія загінулі падчас вызвалення Лепельшчыны ў чэрвені 1944 года, пахаваныя ў брацкіх і адзіночных магілах на паўночна-ўсходняй ускраіне Лепеля, на тэрыторыі былога ваеннага шпіталя, дзе да вайны размяшчаўся ваенны гарадок.

З першага па дваццаць восьмага ліпеня 1944 года на тэрыторыі гарадка знаходзіўся хірургічны палявы рухомы шпіталь №505 43-й Арміі, часткі якой бралі ўдзел у вызваленні Лепельскага раёна. У шпіталь прывозілі параненых рознай ступені цяжкасці, многія ад атрыманых раненняў паміралі. Пахаванні адбываліся ў індывідуальных магілах недалёка ад шпіталя. Такім чынам і ўзніклі вайсковыя могілкі, на якіх хавалі не толькі памерлых ад ран, але і прывозілі загінулых у наваколлях Лепеля воінаў Чырвонай арміі і партызанаў.

У адным з першых дакументаў “Альбоме ўліку загінулых воінаў у баях за Сацыялістычную Радзіму ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці”, які быў створаны на пачатку 1950-х гадоў, згадваюцца прозвішчы трыццаці чалавек, пахаваных на тэрыторыі ваеннага гарадка. Але гэты спіс не поўны. У  “Зборы помнікаў гісторыі і культуры Віцебскай вобласці” падаецца лічба ў 67 чалавек. Найбольш поўны пералік, восемдзесят чатыры прозвішчы, прыведзены ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён”. У гэтым спісе значацца прозвішчы Канстанціна Балотнікава, Якава Вельміскіна, Аляксандра Вішкіна, звесткі пра якіх атрымалася знайсці ў выніку пошукавай работы.

Цягам пяцідзесяці пасляваенных гадоў звесткі пра Канстанціна Балотнікава, які лічыўся прапаўшым без вестак, шукаў яго сын Міхаіл. Знайсці магілу і даведацца, што з ім здарылася, дапамаглі беларускія следапыты. У 1995 годзе Міхаіл Балотнікаў наведаў магілу бацькі.

Лейтэнант Канстанцін Балотнікаў, камандзір мінамётнай роты, быў паранены ў баі пад Лепелем 28 чэрвеня 1944 года і памёр ад ран у ваенным шпіталі N505 11 ліпеня 1944-га. Пахаваны на тэрыторыі ваеннага гарадка ў магіле №18. У пайменным спісе памерлых ад ран  у перыяд з 11 па 15 ліпеня 1944 года значацца яшчэ тры прозвішчы.

У родных радавога Аляксандра Вішкіна захоўваецца некалькі яго ваенных фотаздымкаў. Адзін з апошніх ён даслаў сястры Тоні з Малаяраслаўца ў жніўні 1942 года. Пра Аляксандра Вішкіна вядома нямнога: родам з Башкартастана, памёр ад ран і пахаваны ў Лепелі 17 ліпеня 1944 года.

Якаў Вельміскін (у кнізе “Памяць” Вільямскі) нарадзіўся ў 1915 годзе. Жыў у вёсцы Лук’янаўка Кісялёўскага раёна Кемераўскай вобласці. Прызваны на фронт 19 верасня 1941 года. Яфрэйтар, баец 334-й дывізіі. У баях пад Лепелем быў цяжка паранены і памёр ад ран 30 чэрвеня 1944 года. Пахаваны на могілках ваеннага гарадка.

У 1967 годзе на тэрыторыі могілак пастаўлены помнік – скульптурная кампазіцыя воіна.

Валерый ТУХТА

На здымках: 1. Канстанцін Балотнікаў 2.  Якаў  Вельміскін  3. Аляксандр Вішкін

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.