Они хранили незарегистрированное оружие и боеприпасы

1457959446Як пісаў Антон Чэхаў, калі ў п’есе на сцяне вісіць стрэльба, то яна абавязкова павінна стрэліць. На вялікае шчасце, сёлета ў раёне не зафіксавана правапарушэнняў, звязаных з прымяненнем незарэгістраванай агнястрэльнай зброі. Зброю дома можна захоўваць не на сцяне, а толькі ў надзейна прымацаванай стальной шафе. Хаця варта прызнаць, што адыходзячы год быў даволі “ўрадлівым” на правапарушэнні, звязаныя з незаконным абаротам агнястрэльнай зброі. Так, да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні правілаў захоўвання і рэгістрацыі зброі былі прыцягнуты 16 грамадзян. Сярод найбольш частых — знаходжанне зброі дома не ў стальной шафе, парушэнне правілаў пераносу. У пяці ўладальнікаў ануляваны дазволы на права захоўвання і нашэння зброі.
У грамадзян па розных прычынах канфіскаваны 16 адзінак зарэгістраванай і сем адзінак незарэгістраванай агнястрэльнай зброі. Добраахвотна было здадзена 609 адзінак боепрыпасаў, яшчэ 2280 адзінак канфіскаваны міліцыянерамі пад час правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Сярод апошніх былі як патроны, так і гранаты.
Пра некаторыя выпадкі правапарушэнняў у адносінах да агнястрэльнай зброі выходзілі публікацыі ў газеце. Напрыклад, у аднаго лепяльчаніна ў гаражы быў выяўлены цэлы арсенал, канфіскавана больш за тысячу патронаў розных калібраў, найбольш — да дробнакалібернай вінтоўкі.
З пачатку года да крымінальнай адказнасці па артыкуле 295 Крымінальнага кодэкса прыцягнуты чацвёра жыхароў Лепельшчыны. Усе яны захоўвалі незарэгістраваныя зброю і боепрыпасы. Часцей за ўсё падобныя прадметы выяўляюць людзі, прымаючы ў спадчыну старыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. Пры гэтым не прымаюць пад увагу, што пра такія знаходкі трэба адразу паведамляць у міліцыю. У такім выпадку чалавек цалкам вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.
Сёлета адбыўся выпадак унікальны — крадзеж агнястрэльнай зброі. Зладзюжка залез у хату, пажывіўся там рознымі рэчамі, сярод скрадзенага аказалася і гладкаствольная паляўнічая стрэльба. Злодзея затрымалі па гарачых слядах, пакуль ён не паспеў нарабіць яшчэ большай бяды.
Усяго ў раёне зарэгістраваны 396 уладальнікаў агнястрэльнай зброі, у якіх на руках 495 адзінак. У асноўным гэта гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы, наразныя паляўнічыя карабіны, а таксама газавая зброя. І ў сваёй пераважнай большасці яны законапаслухмяныя грамадзяне. Калі ж вы знайшлі зброю або боепрыпасы, або вам стала вядома пра незаконныя дзеянні іншых асоб у адносінах да агнястрэльнай зброі, просім тэлефанаваць у міліцыю на нумары 4-70-83, 4-89-46 або 102.
Алег АЎТУХ,
старшы інспектар па дазваляльнай рабоце РАУС,
маёр міліцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.