Основа всему — качественный корм. Так считают аграрии на Лепельщине

Поўным ходам на Лепельшчыне ідзе нарыхтоўка травяных кармоў. Каб зімой жывёла была накормленая, трэба папрацаваць на славу зараз. Гэты перыяд у сельгаспрадпрыемствах называюць адным са складаных. Усе непакояцца, каб тэхніка не падвяла, каб надвор’е было спрыяльным. Ад сонейка і дажджу залежыць сакавітасць і багацце травы. Таму цяпер імкнуцца закласці як мага больш у засекі зялёнага корму.

Ужо прыйшлося панервавацца аграрыям гэтай вясной: зіма была позняя, ссунуліся тэрміны пасеваў. У цяперашні час травы валодаюць неабходнымі пажыўнымі ўласцівасцямі, таму паўсюдна і неадкладна вядзецца нарыхтоўка зялёнай масы.

Нарыхтоўка – гэта добра, аднак хочацца адзначыць тых, хто, не шкадуючы сіл сваіх, якасна папрацаваў на ўзворванні, на падрыхтоўцы глебы, на сяўбе збожжавых, кукурузы, рапсу, унясенні арганічных і мінеральных угнаенняў.

У нашым раёне склалася добрая традыцыя ўшаноўваць лепшых механізатараў – удзельнікаў аператыўнага спаборніцтва на сяўбе ўдзячнасцямі і тортамі за лік дзяржаўных сродкаў Лепельскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграрна-прамысловага комплексу.

Так, на ўзворванні лепшым прызнаны Дзмітрый Аўсянік з КУВСГП «Лепельскае», на падрыхтоўцы глебы – Віталь Пярэдня з СВП «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат». На сяўбе зерневых лепшым сярод аграрыяў стаў Вадзім Пыхцін з СВП «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат», на сяўбе кукурузы – Сяргей Касцюковіч з гэтага ж прадпрыемства, сяўбе рапсу – Аляксандр Ільюхін (філіял «Баброва-агра» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт). На ўнясенні арганічных угнаенняў лідарам стаў Дзмітрый Быкаў з СВП «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» і ўнясенні мінеральных угнаенняў – Анатоль Петухоўскі з філіяла «Баброва-агра» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт».

Мне давялося папрысутнічаць на ўшанаванні Дзмітрыя Аўсяніка, які падрыхтаваў 400 гектараў глебы для сяўбы.

Па дарозе на сенажаці, якія належаць КУВСГП «Лепельскае», заўважаем нагружаныя зялёнай масай транспартныя сродкі з сакавітай чэрвеньскай травой. Заўважаем і Дзмітрыя на энерганасычаным трактары, які чакае сваёй чаргі на пагрузку.

—Паважаны Дзмітрый Анатольевіч! Ваша добрасумленная праца ў ходзе пасяўной кампаніі з’яўляецца прыкладам арганізаванасці, дысцыпліны і самааддачы, спрыяе развіццю ініцыятывы і якаснаму правядзенню работ. Дасягнутыя поспехі — залог будучага высокага ўраджаю, што стварае аснову для атрымання важкага хлебнага каравая раёна і вобласці. Дзякуем Вам за працу, а вашай сям’і за разуменне падтрымку. Прыміце пажаданні моцнага здароўя, жыццёвай энергіі і сямейнага дабрабыту, — ад усёй душы павіншаваў работніка Сяргей Марціновіч, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага саюза работнікаў АПК, і ўручыў удзячнасць і торт.

Да віншаванняў далучылася і старшыня прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Галіна Стрыжонак, якая на працягу многіх гадоў  клапоціцца пра ўмовы працы на прадпрыемстве, абараняе іх інтарэсы.

Пры размове з Галінай Леанідаўнай даведалася, што ў канторы прадпрыемства знаходзіцца і дзейнічае сталовая для работнікаў. Смачныя і пажыўныя паўнавартасныя абеды, прыгатаваныя ўласным поварам, атрымліваюць на дадзены момант больш за 30 чалавек. Пюрэ з катлетай, блінчыкі, гуляш, супы і халаднікі, розныя кампоты – многім ежа дастаўляецца на поле. Гэта вельмі важна, калі такая ідзе напружаная праца. Акрамя гэтага, работнікі аплачваюць у сярэднім толькі 30 працэнтаў кошту, калі не парушаюць працоўную дысцыпліну і добрасумленна выконваюць свае абавязкі. А некаторыя і ўвогуле харчуюцца бясплатна. Сталовая працуе з ранняй вясны і да позняй восені. Раней яна знаходзілася ў іншым месцы, пэўны перыяд, увогуле, адсутнічала, а ў 2013 годзе зноў пачала працаваць. Такім чынам, сёмы сезон у работнікаў ёсць магчымасць паспытаць абед па-хатняму.

***

Гадавы цыкл для Дзмітрыя пачынаецца ранняй вясной, калі ён удзельнічае ў падрыхтоўцы глебы да сяўбы. Затым практычна да кастрычніка займаецца нарыхтоўкай кармоў, змяняючы прычапныя агрэгаты. І так ён працуе на прадпрыемстве ўжо з 2001 года. Не першая грамата ўжо захоўваецца дома ў Дзмітрыя ў Зялёным Востраве, дзе таксама ён сапраўдны гаспадар. Ёсць на падвор’і свінні, козы і іншая жывёліна.

На стале ў сям’і – усё з асабістага ўчастка.

— Спачатку ўзараў глебу, зараз працую на адвозцы сянажнай масы ў траншэю. За перыяд працы ў «Лепельскім» умовы працы палепшыліся значна, — адзначае Зміцер. — Тэхніка зусім іншая ў параўнанні з пачаткам 2000-х гадоў. Зараз у кабіне прыемна знаходзіцца дзякуючы кандыцыянеру. Раней летам было працаваць вельмі складана. Ды і магутнасці цяпер вышэй у разы. На ранейшай тэхніцы апрацаваць такую ​​колькасць глебы было не рэальна. Умовы працы сталі нашмат лепш, гэта магу сказаць з упэўненасцю. І хоць у перыяд працы былі паломкі, з пастаўленымі задачамі справіліся.

На першым месцы ў Дзмітрыя ў актыўны перыяд уборкі — праца. Бо менавіта цяпер можна зарабіць. З раніцы і да позняга вечара сельгасработнікі рупяцца на палях, каб мы заўсёды мелі на сваім стале хлеб, малако, мяса і іншыя прадукты харчавання.

Акрамя гэтага, мужчына адзначыў, што з многімі супрацоўнікамі працуе бок аб бок доўгія гады. Яны ўжо сталі блізкімі людзьмі. Пры неабходнасці кожны прыйдзе на дапамогу.

На завяршэнне хочацца дадаць, што ў нашым раёне настроены аптымістычна і плануюць выканаць заданне па нарыхтоўцы кармоў. А калі атрымаецца, і перавыканаць яго!

***

Такія ўзнагароджанні можна назваць прамежкавымі. А вось восенню на Дзень работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці будуць сапраўдныя ўшаноўванні нашых аграрыяў – з граматамі і прэміямі за вялікую працу на карысць нашага раёна.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.