Открылась она на волне реформ в сфере здравоохранения

img_8082Мая знаёмая жыве ў шматпавярховіку па вуліцы Горкага. Чалавек пажылы, часта хварэе, часам ляжыць у бальніцы, ды пераважна лечыцца дома. Бальніца для нас, як правіла, крайняя мера паратунку, а пакуль можацца — усё цягнеш і адкладваеш туды візіт. Бо, вядома, дома лепей. Вось і знаёмая мая то пракансультуецца па тэлефоне, то выклікае ўрача на дом. Балазе побач гарадская амбулаторыя.

Нахвальвае яна тамтэйшы медперсанал. Кажа:
— Што б без іх рабіла? Можа б, сама як-небудзь на ўколы схадзіла. Хіба ж тут далёка? Літаральна за домам. І слухаць нават не хочуць: “Чакайце, мы зараз”. І прыйдуць. Выслухаюць, параюць, дапамогуць.
Дапамога хвораму — гэта не толькі ўколы ды кропельніцы, а таксама “ін’екцыя” добрага слова і своечасовай парады, суперажыванне, гатоўнасць успрыняць чужы боль як свой.
Лепельская гарадская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі №1 існуе з 2002 года. Адкрылася яна на хвалі рэформаў у сферы аховы здароўя і была на той час адзінай амбулаторыяй у горадзе. У такой якасці праіснавала гады тры, пакуль не адчынілася другая, з больш сучасным абсталяваннем — у раёне завода шасцерняў.
Спецыфіка першай у горадзе амбулаторыі абумоўлена яе месцазнаходжаннем. Цэнтр Лепеля, густанаселены раён. Межы абслугоўвання гэтай медыцынскай установы надзвычай шырокія: мікрараён па Савецкай, Ульянка, і ў другі бок, па Інтэрнацыянальнай, аж да Чуйкова. Адным словам, уся навакольная Плінтоўка — за імі. Каля сямі тысяч насельніцтва на абслугоўванні, з іх шэсць тысяч сто дарослых і каля васьмісот пяцідзесяці дзяцей.
img_8096Калектыў аптымальны. Адны жанчыны. Другі год загадвае амбулаторыяй Алена Пятрова, яна ж і ўрач агульнай практыкі, дагэтуль працавала ў раённай бальніцы. Акрамя Алены Мікалаеўны ўрачом агульнай практыкі працуе Аксана Дзівіна. Зараз яна павышае кваліфікацыю ў Віцебску. Кацярына Алёхна — урач-тэрапеўт, Вольга Карповіч — педыятр. Акрамя ўрачоў у амбулаторыі тры медсястры агульнай практыкі, памочнік урача, рэгістратар, працэдурная медсястра, якая ў адначассі працуе і медсястрой у дзённым стацыянары, дзве фізіятэрапеўтычныя медсястры, масажыстка (яна ж інструктар ЛФК), дзве санітаркі.
Невялікая амбулаторыя — гэта, можна сказаць, аўтаномная медыцынская ўстанова, дзе можна атрымаць першую дапамогу крокавай даступнасці. Урачы вядуць прыём і бываюць на выездах. Не зусім дакладнае вызначэнне, бо па выкліках ходзяць пешшу — недалёка ж.
У фізіятэрапеўтычным кабінеце можна прайсці электрапрацэдуры, зрабіць інгаляцыі, магніталазерную тэрапію, а таксама УВЧ- і КХЧ-тэрапіі, прайсці курс лячэння святлом, токамі ДДТ, лекавы электрафарэз, дарсанвалізацыю.
Масажыстка зробіць любы масаж, а пасля і зоймецца з вамі курсам лячэбнай фізкультуры.
-2-
У амбулаторыі ёсць свае перавагі. Тут значна прасцей, напрыклад, зрабіць кардыяграму, чым у раённай паліклініцы, дзе нярэдка ў кабінет ЭКГ выстройваюцца чэргі. Тут маецца два электракардыёграфы, отаскоп, афтальмаскоп — прыборы для абследавання вушэй і вачэй, набор пробных лінзаў для акуляраў.
У дзённым стацыянары — некалькі ложкаў. Хворыя ляжаць пад кропельніцамі, атрымліваюць лячэнне ўнутрывеннымі ін’екцыямі, а папросту — уколамі.
Не сказаць, каб вельмі часта, аднак сёе-тое набываюць і з новага абсталявання. Апошнім часам атрымалі новы інгалятар, айчынны апарат “Віцязь” для лазаратэрапіі. Кабінет лячэбнай фізкультуры абсталяваны трыма трэнажорамі для розных груп мышцаў, бегавой дарожкай, электрамасажорам.
Разам з відавочнымі плюсамі медыцынскага абслугоўвання крокавай даступнасці (а разлічана амбулаторыя на прыём каля сотні пацыентаў штодзённа), ёсць і хібы. Напрыклад, зімою тут дастаткова холадна, бо будынак першапачаткова не разлічаны для медыцынскай установы і недастаткова прыстасаваны для яе, сцены даволі тонкія, цяпло не трымаецца. У свой час, кажуць, тут была яўрэйская харчэўня, нейкі час месціўся ФАК. Затым жа гэтыя плошчы перайшлі да медыцынскай сферы. Аднак лепей, згадзіцеся, мець штосьці, чым нічога. Амбулаторыю ў цэнтры горада ведаюць, яна карыстаецца папулярнасцю — гэта факт. А халодныя сцены сагравае цеплыня ўзаемаадносін. Калектыў зладжаны. Адносіны да хворых прыязныя і прафесійныя. Лячыцца тут проста і лёгка. Гэта галоўнае.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: на прыёме ўрач Алена Пятрова і медсястра Таццяна Вашкевіч; фізіяпрацэдуры робіць медсястра Святлана Дашкевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.