Отмечу, что праздник подобного масштаба на Лепельщине не проводился давно

…Гарадскі парк. З аднаго боку —  дрэвы без лісця, шэрыя краявіды і снег, які раз-пораз парыпвае пад нагамі. З другога — зялёненькія елачкі, бялюткія аблокі і лагоднае сонейка. Вечная спрэчка зімы і вясны…

85 Масленічнае шэсце дадало новых, яркіх і запамінальных фарбаў у лютаўскі пейзаж. Роставыя лялькі, дзяўчаты і хлопцы ў вышыванках і нацыянальных строях, лялечныя казачныя персанажы… Памятаеце, як там у класіка? “Буйство глаз и половодье чувств…” Усмешкі, сяброўскія кпіны і масленічныя песні…
Кажам “Масленіца” — бліны маем на ўвазе. Нічога дзіўнага, што традыцыйная масленічная страва “балявала” на сталах сельсаветаў, устаноў адукацыі і прадпрыемстваў горада. Продкі верылі, што бліны дапамагалі сонцу хутчэй рухацца і паскаралі надыход вясны. Пройдзем па масленічных падвор’ях, паглядзім, чым частавалі жыхароў і гасцей горада.
86 Перад канцэртнай пляцоўкай прымасціліся “Стайскія прысмакі”. Абаранкі, бутэрброды, мочаныя яблыкі, чай чабаровы, наварыстая юшка… Смаката! Карысталіся попытам у жанчын бліны з тварагом. Чаму ў жанчын? “Каб мужык ішоў дамоў” — абвяшчаў надпіс аб цудадзейных уласцівасцях стравы.
Дырэктар Матырынскай дзіцячы сад-сярэдняй школы Надзея Галай каля “Гульнёвага панадворка” частавала блінамі з чаем. Пагуляўшы, дзятва з задавальненнем ласавалася прысмакамі. І прасіла дабаўкі.
Спынімся на хвілінку на “Гульнёвым панадворку”. Метадыст РДК Вольга Якубовіч прапаноўвала згуляць: становішся па абодва бакі ад рознакаляровай стужкі — і на хуткасць змотваеш яе. Наступны этап — кідаеш валёнак як мага далей. Масленічныя забавы былі дарэчы, малыя з задавальненнем паказвалі сваю зухаватасць. За тое і былі ўзнагароджаны салодкімі падарункамі.
Часу доўга затрымлівацца не стае, тым больш шмат чаго цікавага яшчэ трэба пабачыць. Вось, напрыклад, “дрэва жаданняў”. Напісаў на паперцы свае патаемныя мары, павесіў на вечназялёнае дрэўца — і чакай, калі спраўдзіцца.
Пад час “рэкагнасцыроўкі” святочных сталоў звярнуў увагу на адну дэталь. Работнікі сельсаветаў скаапераваліся з мясцовымі школамі, сельскімі Дамамі культуры і г. д. Чаму? На пытанне адказаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак:
— Адзначу, што свята падобнага маштабу на Лепельшчыне не праводзілася даўно. Мы вырашылі згуртаваць як мага больш людзей. У сённяшняй сітуацыі аднаму сельсавету цяжка “выцягнуць” вялікае свята і дастойна прадставіць сваіх жыхароў. Таму аб’ядналі ў адно цэлае прадпрыемствы, установы культуры, адукацыі з сельсаветаў. Упэўнены, што не толькі гарадскім арганізацыям ёсць чым здзівіць лепяльчан, — сказаў Віктар Уладзіміравіч.
88 Як прыклад, возьмем “Баброўскі панадворак”. Тут шмат хто парупіўся: сельскі Дом культуры, клуб нацыянальнай кухні пры Матырынскай бібліятэцы, сельсавет, Баброўская дзіцячы сад-сярэдняя школа і нераўнадушныя жыхары. Таму і атрымаўся шыкоўны стол, які па праве быў адзначаны прызам.
…Тым часам артысты з Домжарыцкага СДК перахапілі гульнёвую эстафету. Ох, і нялёгкая гэта справа — садзіць блін у печ с завязанымі вачыма! Без дапамогі не абысціся. А калі здолеў справіцца — атрымлівай цукеркі ды абаранкі. Весела на панадворку, аж душа спявае. Спявалі творчыя калектывы ДУК РДК “Грымзолі”, “Кругаверць”, “Беражніца”, “Весяліца”, “Беразіначка” масленічныя і не толькі песні. І танцпляцоўка не пуставала — набраныя калорыі трэба “спаліць”.
Было шматлюдна не толькі на “Гульнёвым панадворку”, на танцпляцоўцы, але і ў дзіцячым гарадку, дзе малыя з задавальненнем гушкаліся на арэлях і каталіся з горкі. Гулялі і ў надзвычай папулярны зараз “Лазэртаг”. А паваяваць — любімая справа кожнага хлопчыка. І не за камп’ютарам, а на свежым паветры з сябрамі. І абсалютна бяспечна. “Лазэртаг” не патрабуе ніякіх спецыяльных прыстасаванняў, адзення, падрыхтоўкі. Зброя страляе промнем на дзвесце метраў, на галаве — датчыкі. Адным словам, бяспечна, карысна, да таго ж каардынацыю і трапнасць развівае.
Аднак і дарослым была магчымасць прадэманстраваць свае здольнасці, таму што працавала спартыўная пляцоўка: пракат канькоў на возеры, армрэстлінг, гіравы спорт. Лепельскія шахматысты правялі масленічны турнір па быстрых шахматах у гарадскім клубе. Трэцяе месца заняў Віктар Прохараў, другім стаў Іван Бараноўскі, перамог Яўген Мудры. Работнікі УЗ “Лепельская раённая бальніца” і “Лепельская аблпсіхбальніца” выпрабоўвалі рыбацкае шчасце.
“Рыбак рыбака бачыць здалёк…” Сам неяк бываў на падобных спаборніцтвах. Удалося “злавіць” рыбакоў каля возера, і старшыня прафкама аблпсіхбальніцы Юрый Пекар падзяліўся эмоцыямі і вынікамі.
87 — Ініцыятарамі зімовай рыбалкі выступілі галоўныя ўрачы раённай бальніцы Юрый Шандалесаў і аблпсіхбальніцы Аляксандр Капытаў. Рэгламент — лоўля зімовымі вудачкамі на адзін кручок. Натуральна, што галоўная мэта — прапаганда здаровага ладу жыцця і беражлівых адносін да прыроды.
Конкурсная частка была традыцыйнай — спаборніцтва на самую вялікую рыбу і па найбольшай вазе. Самую вялікую рыбу злавіў вадзіцель аблпсіхбальніцы Сяргей Крогаль. Другое месца заняў галоўны ўрач раённай бальніцы Юрый Шандалесаў, трэцяе — за мной. У другім конкурсе зноў першынстваваў Сяргей Крогаль, санітары аблпсіхбальніцы Міхаіл Галец і Сяргей Галоўчанка — другі і трэці адпаведна. Рыба не вельмі жадала брацца, аднак на юшку павінна хапіць, — адзначыў Юрый Пекар.
Каля возера акрамя рыбакоў прыцягвалі ўвагу і рознакаляровыя пудзілы Масленіц. Нават шкада, што некаторыя з іх хутка згінуць у полымі. Асабіста я ўпадабаў Масленіцу гімназіі ім. І. М. Ерашова — шыкоўная, вялікая, а таксама купальскае кола ў форме галавы. Масленічны стол гімназіі быў таксама на зайздрасць — мёд, самавар з абаранкамі, пірагі, варэнне з чарніц ды суніц… Ну і бліны, куды ж без іх! Пакуль любаваўся сталамі, якія літаральна ламіліся ад ежы, і ласаваўся блінамі, ледзьве не прапусціў цырымонію ўзнагароджання. А розных намінацый было нямала. На канцэртнай пляцоўцы старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў уганароўваў пераможцаў і прызёраў.
У намінацыі на лепшае масленічнае падвор’е “А мы Масленку чакалі” сярод сельскіх выканаўчых камітэтаў трэцяе месца занялі прадстаўнікі Баброўскага сельсавета, другое — Лепельскага, перамаглі горскія “скамарохі”. Спецыяльнымі прызамі таксама ўзнагародзілі Валосавіцкі, Стайскі і Слабадскі сельсаветы.
У конкурсе на лепшы масленічны стол “Масленка гадавая, госцейка дарагая!” сярод дашкольных і школьных устаноў адукацыі месцы размеркавалі наступным чынам: гімназія ім. Ерашова — першая, аграрна-тэхнічны каледж — другі, трэцяя — сярэдняя школа №3.
Прадпрыемствы, установы і арганізацыі горада прадставілі на глядацкі суд масленічных лялек — пудзіл. Трэцяе месца заняў выраб работнікаў ПМК-75, другое — рамонтна-механічнага завода. Перамагла лялька ДЭУ-37. Спецыяльныя прызы таксама дасталіся цэнтральнай раённай бальніцы, абласной псіхбальніцы і гімназіі ім. Ерашова.
Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымках: старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў і прызёры конкурсу; удзельнікі спаборніцтваў па падлёднай рыбалцы; масленічныя сталы гасцінных лепяльчан.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.