Отзывчивый, искренний, добрый. Эти слова точно характеризуют Андрея Анискевича

a-276Спагадлівы, шчыры, добры. Гэтыя словы дакладна характарызуюць Андрэя Аніскевіча — дырэктара дабрачыннай каталіцкай місіі “Caritas”. З ксяндзом Андрэем я знаёмая з дзяцінства.
— Раскажыце крыху аб вашым дзяцінстве.
— Нарадзіўся ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці. Хадзіў у школу, вучыўся, развіваўся. Большую частку дзяцінства гуляў у валейбол.
— Як выбіралі спецыяльнасць?
— Як і ва ўсіх дзяцей, планы былі розныя. Думаў паступаць у радыётэхнічны інстытут. А з часам у нашым прыходзе адкрыўся касцёл, і пробашч стаў збіраць дзяцей і моладзь, арганізоўваў розныя лагеры, гэтак жа як і мы зараз. Так я і пачаў хадзіць у касцёл. Шмат дзяцей прыходзіла. Каля чатырохсот чалавек. І так з часам, гледзячы на настаяцеля, зацікавіўся і прыняў рашэнне паступіць у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
— З часам вы апынуліся ў Лепелі. Як гэта атрымалася?
— Тады яшчэ быў біскуп Уладзіслаў Глінскі, які прапанаваў мне прыйсці настаяцелем у лепельскі прыход, каб заняцца рэстаўрацыяй касцёла і самім прыходам. У Лепелі стварыў тры футбольныя каманды.
— Па сабе ведаю, вас вельмі любяць дзеці…
— Не ведаю, як у мяне гэта атрымліваецца. З дзецьмі трэба размаўляць на простай мове, любіць іх. Яны адчуваюць, калі да іх добра ставішся, аддаеш сваё сэрца, дабрыню. Галоўнае — любіць сваю справу, тое, чым займаешся, не шкадаваць на гэта час.
— Мне вядома, што вы ведаеце замежныя мовы, якія?
— Мовы — гэта складана. Не заўсёды гэта залежыць ад цябе. Некаторыя мне трэба было ведаць абавязкова, напрыклад, італьянскую. Мяне адправілі на вучобу ў Італію. Вучыў французскую, больш-менш на ёй размаўляю. Ведаю польскую, як родную, мае дзядуля і бабулі добра на ёй размаўлялі. На дадзены момант, паколькі з’яўляюся дырэктарам дабрачыннай каталіцкай місіі “Caritas”, у нас шмат нямецкіх партнёраў. Трэба з імі дамаўляцца на нямецкай мове. Па абавязку службы ёсць неабходнасць вучыць мовы.
— Ці ёсць у вас хобі?
— Так, ёсць. Гуляю ў футбол. І з’яўляюся байкерам. Калі атрымліваецца, езджу на байкерскія злёты.
— Якія кнігі вы чытаеце?
— Люблю чытаць у асноўным класіку. Сярод беларускіх пісьменнікаў вылучаю Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава. Сярод рускіх падабаецца Фёдар Дастаеўскі, Аляксандр Купрын. Вельмі часта цытую Купрэвіча і Дастаеўскага. Сярод польскіх пісьменнікаў мне вельмі падабаецца Генрык Сянкевіч, ведаю практычна ўсе яго творы. Калі час дазваляе, магу паглядзець фільмы, вылучаю гістарычныя ваенныя.
— Нягледзячы на тое, што цяпер жывяце ў Віцебску, вы часта прыязджаеце ў Лепель. Што вас прыцягвае сюды?
— У Лепель пераехалі мае родныя, сястра са сваім мужам. Часта сустракаемся, прыязджаю ў госці. За столькі гадоў у мяне з’явілася шмат сяброў у горадзе, з якімі маю зносіны.
— Вядома, што вы арганізоўваеце паездкі. Як выбіраеце месца?
— Адкрываю карту Беларусі, Еўропы, вікіпедыю. Чытаю пра гарады, потым еду туды сам, даведваюся аб славутасцях, месцах, знаходжу нешта цікавае. Прагледзеўшы маршрут, мне хочацца паказаць гэта іншым людзям.
— На ваш погляд, чаго не хапае падрастаючаму пакаленню?
— Моладзь прывыкла жыць у сацыяльных сетках, таму вялікая частка жыцця праходзіць у віртуальным свеце. Я лічу, што з-за гэтага губляюцца каштоўнасці сям’і, дружбы, адносін, рэлігіі. На сённяшні дзень гэта вельмі вялікая і сур’ёзная праблема, якую патрэбна вырашаць. Дарэчы, 1 верасня на тэрыторыі касцёла Святога Казіміра ў Лепелі адкрыецца цэнтр для дзяцей і моладзі, наведваць які могуць абсалютна ўсе жадаючыя, незалежна ад узросту, веравызнання.
Прыемна было зноў сустрэцца з ксяндзом Андрэем. Ён такі шчыры і светлы чалавек!
Аліна КАРПЫЗІНА,
студэнтка Віцебскага
дзяржаўнага ўніверсітэта імя
П.М. Машэрава.
На здымку: Андрэй Аніскевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.