Оздоровление детей на Лепельщине

b4a6034d0927df4901bdd74a7aca179a Вось і надышоў да завяршэння яшчэ адзін навучальны год. Неўзабаве лета. Можна забыцца пра ўрокі і, нарэшце, грунтоўна адпачыць. Як дзіця адпачне, так і новы год пачне. Якія ж магчымасці для адпачынку дзяцей і падлеткаў гэтым летам? Высвятляем у гутарцы з метадыстам вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Вольгай Садоўнікавай.

— Вольга Мікалаеўна, куды лепей сёлета адправіць дзіця на адпачынак?
— Ёсць шмат варыянтаў. Для дзяцей розных узростаў з адпаведнымі захапленнямі ў кожным выпадку прадугледжаны шырокі выбар лагераў.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Напрыклад, кагосьці задавальняе варыянт адпачынку ў летніках дзённага знаходжання. Такія будуць арганізаваны на базе чатырнаццаці дзяржаўных устаноў адукацыі і ва ўстановах дадатковай адукацыі — раённым цэнтры дзяцей і моладзі і Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Такім чынам плануем аздаравіць пяцьсот вучняў.
— А які адпачынак прапануеце дзецям, аб’яднаным агульнымі інтарэсамі?
— Разумеем, што дзіцячыя пляцоўкі для іх не падыходзяць. Гэта, як правіла, матываваныя дзеці, звыклыя да палявых умоў, захопленыя спартыўнымі і краязнаўчымі паходамі. Для іх будзе арганізаваны паўнавартасны кругласутачны адпачынак. Дзевяцідзённыя летнікі турысцка-краязнаўчага і ваенна-патрыятычнага профілю будуць працаваць, адпаведна, у цэнтры дзяцей і моладзі і Заслонаўскай сярэдняй школе. Там змогуць адпачыць сорак чалавек.
— Ці будзе сёлета працаваць традыцыйны вялікі летнік у Бароўцы? Калі так, то якім чынам арганізавана яго праца?
— Вядома, будзе. Апошнім часам кругласутачны летнік “Бароўка” — самы масавы цэнтр летняга адпачынку дзяцей. Яго работа будзе праходзіць у тры змены. За тры летнія месяцы адпачнуць чатырыста дзяцей. Магу яшчэ сказаць, што для чатырнаццаці-шаснаццацігадовых падлеткаў у межах бароўскага летніка плануецца стварыць ваенна-патрыятычны атрад, які будзе цесна ўзаемадзейнічаць з ваеннаслужачымі вайсковай часці №22313 і супрацоўнікамі РАУС, інспекцыяй па справах непаўналетніх.
— А што чакае дзяцей пад час летняга адпачынку?
— Расклад работы летнікаў насычаны і разнастайны. У межах рэалізацыі рэспубліканскай акцыі з дзецьмі штодня будуць праводзіцца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы, будуць арганізаваны сустрэчы з работнікамі міліцыі, інспекцыі па справах непаўналетніх, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, медыцынскімі спецыялістамі, якія правядуць прафілактычныя гутаркі. Вядома ж, дзяцей чакаюць розныя забаўляльныя мерапрыемствы, гульні на свежым паветры, спартыўныя, інтэлектуальныя спаборніцтвы, культпаходы і г. д.
— Магчыма, не ўсе змогуць трапіць у аздараўленчыя летнікі? Каму аддаяце прыярытэт?
— Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца паўнавартаснаму аздараўленню і адпачынку дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, інвалідаў, дзяцей са шматдзетных сем’яў, а таксама тых, хто стаіць на розных формах уліку. Падлеткам будуць аказана псіхалагічная дапамога, арганізаваны адпаведны кантроль, дзеля чаго будуць скарэкціраваны графікі адпачынку спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў.
— Не ўвесь жа час адпачываць. Магчыма, камусьці з падлеткаў захочацца і папрацаваць улетку, зарабіць грошы. Яны будуць мець такую магчымасць?
— Маем намер арганізаваць лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем у шэрагу навучальных устаноў. Так, у сярэдняй школе №1 адпачнуць і папрацуюць дваццаць восем вучняў, у СШ №3 — дванаццаць, а ў гімназіі — дзесяць.
— Дзе яны будуць працаваць?
— Падлеткі заключаць адпаведныя дамовы па працоўнай занятасці моладзі з ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, КУВП “Бароўка”, філіялам “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Яны будуць даглядаць расліны — палоць, паліваць, абразаць, абкопваць прыствольныя кругі, працаваць на клумбах, прыбіраць тэрыторыю і г.д.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.