Паўвекавы рэкорд па снягах і маразах на Лепельшчыне пераадолены

Увесь снежань і пачатак студзеня лепяльчане прасілі ў нябеснай канцылярыі снегу –- і дачакаліся! Снегапад з завеяй пачаліся ў ноч з 11 на 12 студзеня, мяло і ўвесь наступны дзень, камунальнікі і дарожнікі ледзьве паспявалі расчышчаць вуліцы, гараджане і вяскоўцы дасталі з кладовак снегавыя лапаты. Як паведаміла аграметэаролаг метэастанцыі Валянціна Гатоўка, цыклон Даніэла прынёс сапраўдную снежную зіму. За суткі 12 студзеня выпала 25 міліметраў ападкаў, што адпавядае дзвюм дэкадным нормам.

Ранейшы рэкорд трымаўся больш, як паўвека, 12 студзеня 1959 года за суткі выпала 11,5 міліметра ападкаў. Дасягненне пераадолена адразу ўдвая. Вышыня снегавога покрыва адразу дасягнула 24-сантыметровай адзнакі.

Для пасеваў азімых культур вялікая колькасць снегу з’яўляецца вельмі спрыяльным фактарам, значыць, увесну будзе шмат вільгаці, расліну хутка павінны пайсці ў рост.

Вецер у дні снегападаў, аднак, толькі на першы погляд здаваўся суровым, рэдкія парывы перавышалі хуткасць у дзесяць метраў за секунду, што лічыцца ўмераным паказчыкам. А ў наступныя дні ён увогуле сціх.

Пасля навагодніх і, асабліва, калядных маразоў тэмпература ў сярэдзіне тыдня паднялася. Так, 12 студзеня сярэдняя за суткі была -4,9оС, а ноччу апускалася да -6,8о. Норма для 12 студзеня, паводле шматгадовых назіранняў – мінус 7,3 градуса.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.