Па конкурсе атэстатаў

Лепельскі дзяржпрафліцэй прымае дакументы ў абітурыентаў, якія жадаюць атрымаць прафесійную адукацыю. Сёлета ва ўстанове плануецца набраць 125 першакурснікаў, усіх – на бюджэтную форму навучання.

На базе дзевяці класаў юнакам будуць даваць спецыяльнасці трактарыста-машыніста і вадзіцеля, а таксама лесніка і вадзіцеля. Дзяўчат запрашаюць атрымаць спецыяльнасці кветкавода і швачкі.

На базе 11 класаў юнакоў набіраюць на спецыяльнасць трактарыста-машыніста і вадзіцеля, а дзяўчын — на спецыяльнасць цырульніка.

Аграрна-тэхнічны каледж пачынае прыём дакументаў з 15 ліпеня. Там таксама плануецца набраць 125 першакурснікаў на бюджэтную форму навучання, а таксама 23 — на платную.

Выпускнікам базавых школ прапануюцца наступныя спецыяльнасці: “Меліярацыя і водная гаспадарка”, “Прамысловае грамадзянскае будаўніцт­ва”, “Рамонтна-абслуговая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”. Выпускнікам сярэдніх школ прапануецца вучоба па спецыяльнасцях “Прамысловае і грама­дзянскае будаўніцтва”, а таксама “Тэхнічнае забеспячэнне меліярацыйных і водагаспадарчых работ”.

Залічэнне будзе праводзіцца паводле конкурсу атэстатаў.

Пуцёўка на Чэмпіянат свету

На вяслярным канале ў Брэсце прайшло пер­шынст­во Рэспублікі Беларусь па веславанні на байдарках і каноэ. Выхаванец Лепельскага аддзялення абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў “Альбатрос” Ілья Палонскі, выступаючы на дыстанцыях 1000 і 500 метраў на каноэ-двойцы разам са сваім сябрам з Мінска, двойчы заваяваў другія месцы.

Другі радок у турнірнай табліцы спаборніцтваў заняў на каноэ-адзіночцы на дыстанцыі 200 метраў і лепяльчанін Аляксандр Гінтофт, што дазволіла яму выканаць нарматывы майстра спорту.

У складзе экіпажа байдаркі-чацвёркі на дыстанцыі 500 метраў перамагла наша зямлячка Елізавета Аношка, што дазволіла ёй заваяваць пуцёўку на чэмпіянат свету сярод юніёраў, які пройдзе 20-27 ліпеня ў Партугаліі.

Згулялі ў нічыю

У чэмпіянаце Віцебскай вобласці па футболе згулялі чарговыя матчы. Лепельскія футбалісты ўпершыню за сезон завяршылі матч унічыю. З лікам 0:0 завяршыўся выезд да “ФК Міёры” — аднаго з лідараў сезона.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.