Пабывала ў вясковым дзяцінстве

З вялікай радасцю вяскоўцы на Лепельшчыне сустракаюць аддзел па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва, бо гэта заўсёды яркія канцэртныя нумары, добры настрой, сустрэча сяброў і знаёмых.

На гэты раз у дарогу з артыстамі Наталляй Івановай, Ірынай Бусавай, Нінай Хрычэнка і Надзеяй Аўсяннікавай рушылі ў адзін дзень — інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Арцём Панізавец, у другі – начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Марк Мазго і, канечне, карэспандэнт газеты.

Занькі

Жывапісная вёска знаходзіцца на беразе возера Лепельскае, атулена з усіх бакоў зелянінай. Нават у восеньскі дзень тут вельмі прыгожыя краявіды. Як адзначаюць жыхары населенага пункта, такую мясцовасць немагчыма не любіць. Яшчэ 10 гадоў таму тут пражывала больш за 40 чалавек, на сённяшні дзень — каля дзясятка. Аднак вельмі аблюбавалі вёску дачнікі. Яно і зразумела: мець дом на беразе возера ды яшчэ ў такой цішы — сапраўднае шчасце.

Старажыламі можна назваць Надзею і Андрэя Панкевічаў, якія пражываюць у Заньках 48 гадоў. Вялікі працоўны стаж муж і жонка маюць у родным калгасе. Надзея Васільеўна адпрацавала 21 год на ферме Казіншчына, Андрэй Аляксандравіч — трактарыстам. Хоць ужо і знаходзяцца на заслужаным адпачынку, з гаспадаркай пакуль не збіраюцца развітвацца. Сена для рагулі дапамагаюць нарыхтоўваць дзеці, таму лічаць, што вялікіх клопатаў жывёліна не дастаўляе.

Самая старэйшая жыхарка Занькаў — Лідзія Галец, да якой тут адносяцца з вялікай павагай. Віктар і Ала Занько — таксама старажылы, маюць па 80 гадоў. Тут жа жылі і іх бацькі.

Жэжліна

Пабывалі мы і ў гэтай вёсцы. Трэба сказаць, яна ў разы большая і шматлюдная ў адрозненне з папярэдняй. Кажуць, што назва яе пайшла ад слова “жэзлы”. Калісьці, як яшчэ быў лесасплаў у Рыгу, на возеры, праз якое працякае Ула, фарміраваліся плыты з бярвенняў. Там жа перадаваліся жэзлы плытагонам. А паколькі многія з іх былі мясцовыя жыхары, то іх называлі жажлянцамі.

Пакуль дабіраліся да месца, загадчык Старалядненскага сельскага Дома культуры Ганна Яўгенаўна Белаглазава распавяла, як раней праходзілі святы вёсак.

— Жыццё было нашмат весялей, людзі шанавалі кожнае свята і адзначалі іх разам і з вялікім размахам. Гэта была не толькі магчымасць сустрэцца з сябрамі, роднымі, аднавяскоўцамі, але і спосаб захаваць сувязь са сваёй малой радзімай. На пляцоўцы, звычайна пагорку, збіраліся дзясяткі, а часам і сотні мясцовых жыхароў усіх узростаў, далучаліся і госці з суседніх вёсак. Адведаць родных, а заадно і прыняць удзел у свяце прыязджалі землякі, якія калісьці пераехалі ў іншы населены пункт.

Ніколі не абыходзілася свята без узнагароджанняў і падарункаў. Адзначалі тых людзей, якія не пакладаючы рук працавалі на карысць сельскай гаспадаркі, тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Старажылы і ветэраны працы мясцовага калгасу заўсёды былі самымі ганаровымі на свяце. Шмат пажаданняў гучала ў іх адрас.

Успаміналі і тых, каго ўжо няма сярод жывых. Звычайна за іх быў першы тост за вялікім сталом на свежым паветры.

Таксама праводзіліся рознага кшталту выставы, конкурсы на лепшыя сядзібы, дзеля якога кожны вясковец імкнуўся арыгінальна ўпрыгожыць дом і свой прысядзібны надзел.

Вы і не здагадаецеся, якія ўручаліся падарункі вяскоўцам. Парася, малое і візгатлівае, было найлепшым сюрпрызам для пераможцаў розных конкурсаў. А потым з гэтымі жывёламі на руках усе фатаграфаваліся са шчаслівымі ўсмешкамі на тварах.

Раней падчас свята вёскі брыгадзір, альбо іншы прадстаўнік улады, вадзіў гасцей ад хаты да хаты. Пра кожную сям’ю ён знаходзіў цёплыя словы, расказваў пра гаспадароў. Гаспадыні з усёй шчырасцю сустракалі гасцей і аднавяскоўцаў, запрашалі ў хату, частавалі.

Успаміналі і тых, хто не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны, а гэта 20 жажлян.

Падрабязней чытайце ў газеце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.