Пацеркі ў каралях

298Слабодка: Марозава ці Камёнкава?

Калі зірнуць на возера Ладасна (у кнізе “Памяць. Лепельскі раён” падаецца іншая назва — возера Часцінка) з вышыні птушынага палёту, то невялікія вёсачкі, размешчаныя вакол, — Мягелі, Задоры, Курмялёўка, Двор Бабча, Кабак — нагадаюць пацеркі ў каралях. Адна з такіх пацерак — Марозава Слабодка, вёсачка, якая ніколі не была вялікай, але і зараз яшчэ не здрабнела. На пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы меліся два двары і жыло васямнаццаць чалавек. Напрыканцы ж стагоддзя было пятнаццаць падвор’яў і 32 жыхары. Сённяшнія дэмаграфічныя паказчыкі вёскі ўяўляюць сабою нешта сярэдняе паміж дзвюма вышэйзгаданымі лічбамі. Прынамсі, самі мясцовыя налічылі тут сем ці восем хат са сталымі жыхарамі, астатнія — дачнікі. Калі ў вёсцы і дарога заасфальтаваная, і возера пад бокам — як тут не спадабаецца дачнікам Марозава Слабодка!
Зрэшты, чаму Марозава? Відавочна, славуты селекцыянер з Фатыні Язэп Мароз наўрад ці меў да яе нейкае дачыненне, бо адлегласць паміж абодвума населенымі пунктамі немалая. А вось васьмідзесяцітрохгадовая Зоя Закрэўская, былая настаўніца, напрыклад, сцвярджае, што тут увогуле закралася нейкая памылка малапісьменнага пісарчука. Бо ў яе дакументах месцам нараджэння пазначана проста Слабодка. А ўсе тутэйшыя называюць вёску не Марозавай, а Камёнкавай Слабодкай. Нібыта былі тут паны Камёнкі… пацвярджае такую версію і васьмідзесяцігадовы Сяргей Шадырка, малодшы брат Зоі Ягораўны.
Сама настаўніца ўжо не з’яўляецца сталаю жыхаркаю вёскі. У яе кватэра ў Бароўцы, а тут, у бацькоўскай хаце — дача, якую 300трымае дзеля дзяцей і ўнукаў. Вельмі ж любяць яны гасціць у маці, у бабулі ў вёсцы.
Не глядзі, што дача, бацькаўшчына ў бабулі Зоі дагледжаная. Адно што здзівіў мяне… галош на сцяне. Аказалася, пад ім хаваецца электрычная разетка. Вельмі ж баіцца бабуля навальніцы. І не без прычыны. Распавяла, што двойчы біў па ёй пярун. Аднаго разу, як у поле бегла кароў пасвіць, а другі раз — прама ў хаце. У печы палілі, бліны з маці пяклі. Толькі яна смятанку замяшала, як трэсне — і агонь з разеткі. Яна, малая, і знепрытомнела. Прачнулася ад таго, што маці галосіць па забітае громам дачцэ. Больш таго, двойчы пацярпеў ад маланкі і бацька. І таксама адзін раз у хаце. Счарнеў ад удару настолькі, што ў зямлю закопвалі. Аднак ачуняў.
Ягора Шадырку смерць падпільноўвала неаднойчы. Толькі вярнуўся з “фінскай” вайны, а тут нямецкая акупацыя. Зноў — у армію. Адступаў да Вязьмы — трапіў у палон. Урэшце, удалося збегчы. І, вось дзіва, пасля доўгіх скітанняў знайшоў тую самую часць, дзе дагэтуль служыў, і нават камандзір там быў той самы. З баямі дайшоў да Прагі. Кантужаны, вярнуўся дадому ў сорак пятым. І толькі нашмат пазней унук праз інтэрнэт знойдзе звестку пра тое, што яго дзядуля быў узнагароджаны ордэнам. Пры жыцці ўзнагарода Ягора так і не знайшла.

“Усім вам капут!”

Такая вось невялікая, утульная, удалечыні ад бойкіх дарог і без аніякіх аб’ектаў сацкультбыту вёсачка. З “выгодаў” — хіба што крынічка ля возера, пра якую ўзгадваюць тутэйшыя. Праўда, мала хто ўжо той крынічкай карыстаецца, бо ў вёсцы ёсць водаправод.
За тое, што ў Марозавай Слабодцы ніколі не было ні мага­зіна, ні клуба, ні школы, мясцовыя жартам называюць яе “спальнай вёсачкай”. Пра гэта паведаміла мне Зоя Ягораўна, а заадно распавяла настаўніца і “кароткі курс гісторыі” сваёй роднай вёскі.
Даўно, напэўна, яшчэ да рэвалюцыі тут было ўжо не два, а болей двароў. Чацвёра братоў Закрэўскіх — Ян, Мартын, Валента і Альбін з Кублічаў — прадстаўнікі дробнай шляхты, купілі тут зямлю. Чаму Зоя Ягораўна мяркуе, што гэта было яшчэ да рэвалюцыі? Таму, што яе свякроў Марыя 1900-га года нараджэння. У Яна і Марыі было дзесяць дзяцей. Дзве дзяўчынкі памерлі маленькімі, а васьмёра — Эдуард, Леанід, Іосіф, Пётр, Уладзімір, Валянціна, Марыя і Зоя — дажылі да сталых гадоў. Напрыклад, Пётр — муж Зоі Ягораўны — памёр толькі ў 1991 годзе.
Да вайны, акрамя чатырох Закрэўскіх, тут ужо жылі трое Краўчанкаў і трое Шадыркаў, чацвёра Знаркоў і Дзятлавы.
Вайна. Вёска, лічы, на мяжы з Ушаччынай, партызанская зона. Немцы ў ёй не стаялі, але часта наведваліся з Каменя на матацыклах, і тады з падворкаў даносілася: ”Матка, яйка!” Не адмаўляліся і ад сала ды іншых прысмакаў. Беглі хутчэй ім адчыняць, бо тыя вельмі не любілі зачыненых дзвярэй.
301Лясныя мсціўцы наведваліся сюды ноччу, каб з немцамі не сустрэцца. Аднак жа аднойчы не размінуліся: тыя сядзяць, у карты гуляюць, а гэтыя — у вёску. Завязаўся бой. І тады фашысты сагналі ў хату да “Мікіцёнка” (Івана Знарка) ўсіх вяскоўцаў і кажуць:”Няхай хоць адзін хто з нашых загіне — усім вам капут!” Прыставілі вартавога. І вось людзі ляжаць на падлозе ды чакаюць смерці. Пайшлі чуткі, што сюды вядуць параненага немца. Аднак пранесла ліха. Ці то фашыстам у баі было не да вяскоўцаў — усе засталіся жывымі. І ахоўнік кудысьці знік. Шадыркі — маці і трое дзяцей: Зоя, Іван і Сяргей — тут жа падаліся ў лес, на Ушаччыну, дайшлі да Мосара. Там перазімавалі ў незнаёмых людзей. Увесну сорак чацвёртага адправіліся далей, у Пліну, дзе іх і захапілі немцы. Людскі натоўп гналі па дарозе ў накірунку Старога Лепеля. Уначы Шадыркам удалося неўпрыкмет знікнуць у лесе і ўцячы. Астатніх пагналі ў Германію.
Вярнуліся ў родную вёску… на папялішчы. Практычна ўся Марозава Слабодка ў 1943-1944 гадах была спаленая. З больш як дваццаці хат ацалелі, можа, чатыры ці пяць. Шадыркі жылі ў зямлянцы, туліліся на канцы вёскі ў цёткі Зоі, матчынай сястры, пакуль не вярнуўся з фронту бацька. Тады выпісалі лесу і пачалі будаваць новую хату.
Не ўсім аднавяскоўцам, аднак, пашанцавала вярнуцца з вайны. Не прыйшлі Іосіф Закрэўскі, Фёдар і Канстанцін Знаркі, Мікалай і Аляксандр Краўчанкі і іншыя.

АДЗІНАЙ ВЯСКОВАЙ
СЯМ’ЁЮ

Марозава Слабодка — вёска трактарыстаў і шафёраў. Мяркуйце самі: практычна ўсе мужыкі, чые жонкі засталіся зараз тут удовамі, працавалі ці на трактарах, ці на іншай тэхніцы ў былым, некалі слаўным калгасе “Палітаддзелец”. Цётка Марыя з ушацкіх Арцюшак выйшла сюды замуж у шасцідзясятыя гады за трактарыста Дзмітрыя Знарка, яе цяперашнюю суседку цётку Надзю ў тыя ж самыя шасцідзясятыя “праз раку ды за руку” выцягнуў з Мягеляў трактарыст Уладзімір Закрэўскі, а яго родны брат Пётр далёка не хадзіў, упадабаў аднавяскоўку Зою. Трактарыст Мікалай Знарок узяў у жонкі Еўдакію Краснік са Стараселля. А Сяргей Шадырка, які даводзіцца родным братам Зоі Закрэўскай, ажаніўся з прадаўцом Вікторыяй. Дарэчы, ён таксама не злазіў з трактара шмат гадоў, пакуль, урэшце, не пералез… на экскаватар ЮМЗ, на якім і дапрацаваў да пенсіі. Шафёрам на “Ніве” ў цяперашнім ААТ “Ладасна” працуе Міхаіл Знарок, за рулём і Павел Севярын — падвозіць на “ГАЗіку” даярак. Усе мужчыны са Слабодкі — на тэхніцы. Вось толькі мужыкоў тут засталося — на пальцах аднае рукі пералічыць можна. Гэта раней, у бурны савецкі час вёска нагадвала машынны двор. Зараз, калі і прыязджаюць сюды на машынах, дык толькі на легкавых — гарадскія дзеці і ўнукі.
Унукаў прычакала на канікулы Марыя Знарок. Сын Алег з Віцебска прывёз сваіх двайнят, васьмікласнікаў Дзіму з Ільёй. Гарэзы! Паспелі ўжо рассадзіць мячом люстэрка на бацькавай машыне. А бабуля вельмі рада ўнукам. Старэйшы ўнук, Сярожа, сын Аляксандра, што жыве ў Кабаку, на кадэта ў Лужасне вучыцца. Ты што! Бабуля губы падцяла — гонару за ўнука не абабрацца. Спрытней за самога пра яго “кадэцкую службу” распавядае. Марыя гаспадарку звяла, ведама, удава, хіба што курэй пакінула, але агародзік пакуль вытрымлівае. Вунь якая ў яе ружа прыгожая квяцістая-пляцістая пад хлеўчуком расце! Пад ёю і сфатаграфавалася з унукамі.
Адзінокай свечкаю дагарае ў хаце Надзея Закрэўская. Мужа ўжо дзевятнаццаць гадоў як няма. Дзяцей Бог не даў. Застаецца спадзявацца на сваякоў, якіх тут — поўная вёска. Вы яшчэ не заблыталіся разбірацца, хто ў Марозавай Слабодцы каму брат, кум, сват і г.д.? Хата ў бабулі Надзеі светлая. Адных вокнаў у зале, як у цяпліцы. Маладыя ж былі, хто думаў пра старасць! Будавалі, каб святлей і весялей жылося. Вось толькі цяпла тыя вокны не дадаюць, асабліва зімою, як, зрэшты, і зрашэчаная грыбком падлога. Добра, што суседзі не пакідаюць. Неяк сусед-дачнік пабачыў яе бяду і кажа: “Бяры, Надзея, у мяне дошак, колькі трэба”. Ну, дзе ж яна чужое возьме! А тут і самога не стала. Загінуў трагічна, добры быў сусед… А чысценька ў хаце ў сямідзесяціпяцігадовай бабулі! Маладыя хай пазайздросцяць. У вёсцы жартуюць: ”У яе смеціць няма каму”. Жарты кепскія, а толькі і сапраўды чыста — у чысцюляў.302
У Еўдакіі Знарок двое сыноў дома, абодва нежанатыя, трэці — у Бароўцы, удавец. Такі лёс… Сама пасля цяжкай траўмы соўгаецца па хаце з табурэткаю, скардзіцца, чаму лёс не даў ёй дачку для парадку. Хворую маці, якой ужо восемдзесят тры гады, даглядае сын Мікалай, атрымлівае невялікую пенсію па доглядзе. Добра, што сама пенсію ладную зарабіла, даяркаю працавала. Было, што пятнаццаць кароў даіла ўручную. На вокны пластыкавыя грошы сабралі — пацяплела ў хаце значна…
У Сяргея Шадыркі не агарод — лялька. Бульбачка роўненькая — адна ў адну, парнічок для памідорак спрытны, вінаград уецца, рабіна чарнаплодная ля лазенькі спее, збажыною васьмідзесяцігадовы Сяргей Ягоравіч ніву засеяў. Трэба ж козачцы, у якой двое казлянятак, і курам таксама трэба. Увосень адбудзе дзядуля пільніцу, бульбачку ў склепе забуртуе і — у “вырай”. Дакладней, у гарадскую кватэру, у Мінск да дачкі на зіму, каб вясною зноў прыляцець дадому, на родныя гоні, дзе нарадзіўся і дзе ўвесь свой век пражыў.
Пенсіянеры ў Марозавай Слабодцы нібыта спаборнічаюць, хто лепей дагледзіць свае соткі. Вось і Леакадзія Севярын не злазіць з градак. І слухаюцца яе, растуць агурочкі, нягледзячы на неагурочнае надвор’е. І перац у парніку вымахаў, не кажучы пра бульбу ды збажыну. Парасятам, якія рохкаюць у хлеўчуку, будзе што есці. Ды і самім спатрэбіцца, дзецям, унукам трэба дапамагчы. Добра, як ёсць і кепска, як няма. Павел кажа, што яшчэ і карову трымаў бы, і пасвіць ёсць дзе, ды куды ёй, карове, адной на ўсю вёску. Звяліся ў вёсцы рагулі, сяляне перайшлі да больш дробнай і меней затратнай гаспадаркі.
Ды не звялася ў Марозавай Слабодцы традыцыя жыць дружна, адною невялікаю вясковаю сям’ёю, па-сваяцку і проста па-чалавечы дапамагаць адзін аднаму, праведваць, гасцяваць, быць разам і ў радасці, і ў горы… І гэта так важна ў наш зменлівы час, асабліва людзям на схіле веку.
Уладзімір МІХНО.

На здымках: Марыя Венядзіктаўна Знарок з унукамі; на маляўнічым прыазер’і выраслі дачы; старэйшая карэнная жыхарка вёскі, настаўніца Зоя Ягораўна Закрэўская; Сяргей Ягоравіч Шадырка не расстаецца з матыкаю.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.