Пад вальс Мендэльсона

Чалавек па-сапраўднаму можа быць шчаслівым толькі ў сям’і. Таму работнікі аддзела ЗАГС райвыканкама сумесна з сельвыканкамамі раёна, урачыста рэгіструючы шлюбы і нараджэнні дзяцей, садзейнічаюць усталяванню згоды і ладу ў нашым грамадстве, паспяховаму вырашэнню дэмаграфічных праблем, з’яўленню ўсё большай колькасці шчаслівых людзей.
— У першым паўгоддзі на Лепельшчыне быў зарэгі­страваны 161 шлюб, — паведаміла начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Алена Бельская. — Гэта значыць, што сёлета ўжо 322 жыхары нашага горада і раёна знайшлі свайго жыццёвага спадарожніка, каб сумесна крочыць па жыцці, абуладкоўваць свой агульны сямейны дабрабыт, нараджаць і выхоўваць дзяцей.
— Колькі шлюбаў было заключана з іншаземцамі?
— Дзевяць. Гэта на тры больш, чым летась. Наогул, у апошні час назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці шлюбаў, якія рэгіструюцца з грамадзянамі іншых дзяржаў. Найбольш тут пашанцавала грамадзянам Расіі, пяцёра з якіх пайшлі пад вянец, і па адным — прадстаўнікі Германіі, Украіны, Каралеўства Саудаўская Аравія і Рэспублікі Малдова.
— Ці ўзнікалі абставіны, калі даводзілася зніжаць шлюбны ўзрост?
— Такіх выпадкаў за сту­дзень — чэрвень было зафіксавана чатыры, і ўсе яны былі звязаны з цяжарнасцю нявесты. Дарэчы, у першым паўгоддзі мінулага года гэта было зроблена толькі ў адным выпадку.
— Колькі створана пар, якія мелі сумесных дзяцей на дзень рэгістрацыі шлюбу?
— У першым паўгоддзі ўступілі ў шлюб васямнаццаць такіх пар, што на адну болей, чым было за гэты ж перыяд часу летась.
— Ці назіраецца вялікая розніца ва ўзросце паміж асобамі, што сёлета ўступілі ў шлюбныя адносіны?
— Зафіксаваны толькі адзінкавыя выпадкі заключэння шлюбаў, калі розніца ва ўзросце складае ад 16 да 20 і больш гадоў. А вось пры розніцы ва ўзросце ад 11 да 15 гадоў у студзені — чэрвені ўступілі ў шлюб дзевяць пар, шэсць — дзесяць гадоў — 29.
— Ці паўсюдна створаны належныя ўмовы для рэгістрацыі шлюбаў?
— Ва ўсіх органах запісу актаў грамадзянскага стану раёна маюцца неабходныя памяшканні для заключэння шлюбаў ва ўрачыстай абстаноўцы. У цяперашні час вя­дзецца рамонт фасада будынка аддзела ЗАГС райвыканкама. Для зручнасці наведвальнікаў у нас у зале ўрачыстых рэгістрацый устаноўлены кандыцыянер.
Мікалай
ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.