Памяць, нягледзячы на тое, што сёлета размяняла дзясяты дзясятак, яшчэ светлая і даволі ўчэпістая

Фота ад 30 мая 013 Вольга Іванаўна захвалявалася, палезла ў шафу, падаставала розныя альбомы, дакументы:
— Ах, каб жа я ведала, я ж бы раней усё падрыхтавала…
А што тут рыхтаваць? Бабуліну працоўную кніжку? Дык яна і без дакументаў неўзабаве сама мне ўсё раскажа — лепей за якую кніжку. Памяць, нягледзячы на тое, што сёлета размяняла дзясяты дзясятак, яшчэ светлая і даволі ўчэпістая. Можа, вядома, пераблытаць які год: калі ўладкоўвалася на тую ці іншую працу ці калі, скажам, хату будавалі. Хіба гэта істотна! Галоўныя падзеі жыцця свайго Вольга Кліменка не пераблытае і не запамятае. Цяжка забыць!
Зрэшты, нездарма бабуля Вольга настойліва корпаецца ў шафах. Шукае яна, можа, галоўны свой скарб — “трохкутнічак”, бацькава пісьмо з фронту.
Было такіх два: адно датаванае сорак трэцім, другое — сорак чацвёртым годам. Адно, па словах бабулі, забраў ваенкамат, калі шукаў бацькавы сляды. Гэтыя лісты Іван Мацкевіч пісаў з фронту сваёй сястры ў Новасібірск, і тая іх пераслала пляменніцы.
Шукалі, ды так нічога фактычна і не знайшлі. Прыйшло дзве паперы. Адна распавядала пра Івана. Там было коратка ўказана месца яго службы (“п/п 37335 “А”) і не вельмі дакладная дата (“знік без вестак 08. 1944 г.”). Другая падобныя звесткі выдавала праз Вользінага старэйшага брата Уладзіміра (“69 Гв. Сп 21 Гв СД. Загінуў 8.10.43 г.”).
Абодва, зразумела, з вайны не вярнуліся. І не ведае Вольга, дзе злажылі галовы.
— Валодзя не проста братам, ён сябрам маім быў, — прыгадвае Вольга Іванаўна.— Ён да вайны ў Маскве вучыўся. Не ведаю, дзе, памятаю, я яго дражніла “каўбаснікам”. З Масквы і на фронт пайшоў.
Мацкевічы родам з Закаліўя. Нейкі час да вайны жылі ў Крыўках. Акрамя Вольгі і Валодзі была яшчэ маленькая Марына. Нарадзілася яна, лічы, перад вайной, у трыццаць дзявятым годзе. І калі не стала бацькоў, вольга фактычна замяніла ёй маці.
Перад вайною Івана Мацкевіча, ляснічага, накіравалі працаваць у Будслаў. Калі пачалася вайна, ён адправіў сям’ю зноў на Лепельшчыну, у Барсукі, да цёткі Аксінні, а сам застаўся. З таго часу яго болей і не бачылі. Бачыў толькі аднаго разу знаёмы, як ён адпраўляўся цягніком на фронт.
У сорак першым нечакана загінула маці. Стагавалі сена, звалілася і моцна пабілася. Да бальніцы не давезлі, у Лепелі ў знаёмых памерла.
— Казалі, каб пры Саветах, то вылечылі б і ўнукаў дачакалася б, — уздыхае Вольга, — а так вайна, ні медыкаментаў, нічога.
Засталіся адны. У Барсукі то немцы зарвуцца, то партызаны падкрадуцца.
— Немцы па вёсцы бегаюць, курэй трыбушаць, яйкі збіраюць, а партызаны па задворках ды за агародамі пільнуюць, — кажа Вольга Іванаўна. — Мы з дзядзькам кароў пасвілі, раптам яго не стала. Паказваў партызанам дарогу на Стайск.
Зімою немцы ганялі расчышчаць дарогі ад снегу, улетку — разбіваць брукаванку і кідаць у гразь каменне, дзе дарогі непраезджыя. У дзядзькавай хаце стаялі байцы аднаго з атрадаў Керпіча. Гэта быў атрад Іванова. Сам камандзір спыніўся ў хаце насупраць.
Пасля вайны Вольга падалася ў Лепель працу шукаць, трэба ж было неяк жыць. Знаёмы працаваў начальнікам пошты. Дзяўчына напісала заяву і праз нейкі час яе ўзялі на працу ў фельдсувязь. Транспарту не было. Здаралася, нават у Віцебск пешшу хадзілі. Да ста пакетаў дастаўлялі ў міліцыю, у КДБ.
Аднаго разу па дарозе на чыгуначную станцыю зайшла да знаёмых і сустрэлася там з ваеннаслужачым. Міша Кліменка служыў на сто шаснаццатым. Закахаўся адразу, пайшоў праводзіць да цягніка. Памятае, тады ледзьве не пасварыліся. Ды так ужо і не адпусціў. Неўзабаве дэмабілізаваўся на сваю Палтаўшчыну, аднак у хуткім часе вярнуўся.
У пяцьдзясят трэцім нарадзілася Наташа. Міхаіл уладкаваўся ў райсаюз на “паўтаратонку”. Затым перасеў на больш сур’ёзную машыну. Вольга рабіла і на радыёкропцы, і ў цэху, доўгі час — на хлебазаводзе. Тым часам ужо надакучыла здымаць кватэры. Паслухаліся парады ўзяць крэдыт ды будаваць сваю хату. Увесну крэдыт узялі, а ў сярэдзіне лістапада ўжо ў хату ўлезлі. Нарадзілі яшчэ Паўла, Веру, Андрэя.
Бабуля налічыла на пальцах восем унукаў і пяцёра праўнукаў. Унукамі вельмі ганарыцца, кажа, што адзін нават у Амерыцы жыве.
Даўно ўжо памёр яе Міхаіл. Вольга адна. Аднак ці будзеш тут адна з такой гвардыяй дзяцей, унукаў, праўнукаў. То той, то гэты пад’едзе ці падбяжыць. Ды і сама яшчэ, дзякуй Богу, на нагах…
…І вось нарэшце знайшла той запаветны бацькаў “трохкутнічак”. Калі бярэш у рукі падобныя рэчы, не пазбегнуць трымцення. Адчуваеш, што дакранаешся да той эпохі, да той гераічнай старонкі жыцця краіны, калі жылі, ды не проста жылі, а годна, і з гонарам неслі свой крыж твае бацькі, дзяды… Почырк даволі разборлівы і нават прыгожы, акуратны, аднак літары, выведзеныя ці не простым алоўкам, ужо зацерліся, кепска чытаюцца. З тэксту ўсяго і змог разабраць, што франтавік Іван Мацкевіч быў у шпіталі, выпісаўся і зараз чакае камісіі і адпраўкі на фронт.
Ён адпраўляўся зноў на вайну, каб з яе не вярнуцца. Колькі ж іх, безыменных салдатаў, невядомых герояў, не вярнулася з таго вогненнага пекла, дзеля таго, каб мы жылі! І магіла ў іх адна — безыменнага салдата. І подзвіг іх адзін — дзеля жыцця на зямлі. І памяць пра іх адна — вечная. І гэтая памяць цепліцца ў дзевяностагадовай Вольгі Кліменка, і працягваецца ў яе дзяцей, унукаў, праўнукаў, і будзе памяць жыць…
Уладзімір
МІХНО.
На здымках: Вольга Іванаўна Кліменка; запаветны франтавы “трохкутнічак”.
Фота аўтара.

Фота ад 30 мая 009

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.