Пансионату «Лодэ» исполнилось 15 лет

img_0238Кожны, хто хоць аднойчы пабываў на жывапісным паўвостраве, дзе размешчаны пансіянат “Ладэ”, прыйшоў
у захапленне  ад прыгажосці мясцовай прыроды і выдатных умоў, створаных для гасцей.

Штогод сюды прыязджаюць адпачывальнікі са многіх краін свету — Ізраіля, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Іспаніі… З задавальненнем адпачываюць сярод непаўторных мясцін таксама жыхары Расіі, Украіны і Беларусі. Мясцовыя ж жыхары часта праводзяць на паўвостраве выхадныя. І гэта зразумела: што можа быць лепш адпачынку на свежым паветры, сярод зеляніны пышных елак і хвой, стройных бяроз? Для гасцей арганізавана выдатнае трохразовае харчаванне, пражыванне ва ўтульных доміках з усімі зручнасцямі. Шмат прыемных уражанняў у гасцей пакідаюць прагулка на катары, лодках і катамаранах, катанне на кані. Ля возера створана выдатная пляжная зона. І дзецям, і дарослым будзе цікава наведаць мясцовы заапарк, дзе можна пабачыць як жывёл беларускай прыроды, так і экзатычных звяроў і птушак. Тут ёсць стройныя лані, ваўкі і лісы, паўліны і фазаны.
img_0215Паўвостраў, на якім знаходзіцца пансіянат “Ладэ”, з даўніх часоў называецца Ксяндзовым. Адкуль пайшла такая рэлігійная назва? Існуе адна-адзіная легенда, якая дайшла да сучаснага пакалення ад продкаў. Цікава паслухаць яе, паколькі ў раённым краязнаўчым музеі гістарычных звестак пра гэты ўнікальны аб’ект прыроды няма.
…Паколькі ў Вялікім княстве Літоўскім каталіцкая вера дамініравала, паўвостраў у возеры Лепельскае быў прадастаўлены для землекарыстання лепельскаму касцёлу Святога Казіміра, які існаваў да 1604 года.
Невядома, калі ўлада касцёла над паўвостравам закончылася. Пры раздзеле Вялікага княства Літоўскага тэрыторыя сучаснай Беларусі адышла да Расійскай імперыі. Галоўнай была прызнана праваслаўная царква. Хутчэй за ўсё землі паўвострава адышлі да валоданняў бліжэйшых памешчыкаў з Завідзічаў — Кусцінскіх. Назва ж паўвострава замацавалася з часоў Вялікага княства Літоўскага.
Захавалася не толькі назва, а і легенда пра выкарыстанне тэрыторыі касцёлам. Паколькі востраў тады быў значна большых памераў, чым цяпер, каталікі на ўзвышаных месцах вырошчвалі хлеб, гародніну, абкошвалі нізіны. Атрыманую прадукцыю выкарыстоўвалі культавыя служыцелі: ужывалі самі, прадавалі і абменьвалі.
Аднак Ксяндзоў востраў выкарыстоўваўся не толькі з гаспадарчай мэтай. Частку сушы з боку Бяленіцы займаў жывапісны бор, які суседнічаў з дубровай.
img_0220Лес паўвострава ксяндзы абуладкавалі для адпачынку гараджан. На каталіцкія святы і проста ў выхадныя дні ў мясцовым лесе арганізоўваліся масавыя святы і народныя гулянні. Увесь культурны Лепель наведваў Ксяндзоў востраў. На лодках людзі прыплывалі самастойна, выкарыстоўвалі касцёльныя вёславыя судны для арганізаванага перавозу, многія ж ішлі пешшу праз Бяленіцу па мосце над пратокай.
На паўвостраве арганізоўваліся масавыя гулянні, размяшчаліся перасоўныя гандлёвыя кропкі, палаткі.
Аднак вось прыйшоў у барацьбе і трывозе баявы 1917 год. Звесткі пра паўвостраў першых гадоў савецкай улады не захаваліся. Паслярэвалюцыйнае жыццё паўвострава адышло ў нябыт таму, што людзям не было часу цікавіцца чужымі радасцямі або горам — самім бы выжыць у эпоху вялікага развалу, гвалту, тэрору і голаду. Людзі пажылога ўзросту, якія жывуць у бліжэйшых вёсках, памятаюць толькі сад на паўвостраве, які займаў узвышанасць і належыў калгасу.
img_0230Ваеннае жыццё Ксяндзова паўвострава так і не ўвайшло ў гісторыю.
Скончыліся баі, адрадзіўся калгас… Сад паўвострава зноў стаў валоданнем гаспадаркі. Збіралі яблыкі, здавалі іх дзяржаве. Нават вартаўнікоў прызначалі, каб ахоўвалі народнае багацце.
Напэўна, яблыкі не прыносілі калгасу даходу. Спачатку іх перасталі ахоўваць. Сяляне з усіх бліжэйшых вёсак і гараджане разам прыходзілі збіраць плады, не даючы ім паспець. Аднак добрай гаспадыняй была старшыня калгаса Ірына Шкацёнак, якую да цяперашняга часу пажылыя вяскоўцы ўспамінаюць добрым словам. Як добры кіраўнік, не магла яна бачыць парослую яблынямі ўрадлівую глебу. Аднойчы накіравала яна на Ксяндзоў паўвостраў мноства трактароў, якія і выкарчавалі пладовыя дрэвы. Толькі некалькі іх схаваліся ў кустоўі, а таму захаваліся да цяперашняга часу.
Паўвостраў пачаў засявацца хлябамі. Нядрэнны ўраджай быў атрыманы — зямля адпачыла пад садам за многія дзесяцігоддзі, стала ўрадлівай. Вось толькі пасля затаплення пераадольваць брод на трактары было цяжка. Аднак Ірына Шкацёнак і тут праявіла кемлівасць — арганізавала насып дамбы праз праліў.
На паўвостраве вырошчваўся не толькі хлеб. Як і ў ранейшыя царскія часіны, у мясцовым лесе пачалі арганізоўвацца масавыя гулянні людзей. Напрыклад на свята працы — Першага мая, або ў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі савецкая ўлада арганізоўвала тут урачыстыя мітынгі, калектыўныя абеды, выязны гандаль, адпачынак групамі і сем’ямі. Потым тут святкаваліся Дзень моладзі, Свята ўраджаю, Дзень вясны, Дзень піянерскай арганізацыі, злёт турыстаў… Арганізатараў культурна-масавых мерапрыемстваў прыцягвала цудоўная прырода Ксяндзова вострава.
Немалую ролю ў асваенні мясцовай прыроды сыграла і загадкавае ўнутранае возера, падобных на якое ў раёне ўжо дакладна няма.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны быў узведзены ільнозавод на высокім беразе самага глыбокага возера раёна Белага, якое злучалася з возерам Лепельскае вузкай пратокай. Пасля запуску гідраэлектрастанцыі падняты на тры з паловай метра ўзровень воднай паверхні абодвух азёр ператварыў пратоку ў даволі шырокі праліў.
Возера Белае сталі лічыць часткай або залівам Лепельскага. На яго беразе вырас пасёлак ільнозавода, пазней перайменаваны ў Белаазёрны і ўключаны ў склад горада. Аднак якое дачыненне да Ксяндзова паўвострава мае ільнозавод, калі іх раздзяляюць тры кіламетры? Прамое. На новае прадпрыемства часта прыязджалі з праверкай кіраўнікі са сталіцы. Спадабалася мінчанам лепельская прырода, асабліва Ксяндзоў паўвостраў. І вырашылі яны пабудаваць на яго хваёвым беразе турыстычную базу, як раней называліся месцы для аздараўлення, перайменаваныя пазней у базы адпачынку. Супраціўлялася або падтрымала нядрэнную ідэю мясцовая ўлада, невядома. Па сутнасці, сельскагаспадарчай дзейнасці на палявым узвышшы паўвострава турбаза не перашкаджала, паколькі збіралася размясціцца ў лесе і гэтым нават дапамагчы яго захаваць. Так, у 1960-я гады рабочыя льнозавода пабудавалі на Ксяндзовым паўвостраве некалькі домікаў для летняга пражывання турыстаў. У штат прадпрыемства быў уключаны невялікі персанал, які абслугоўваў турбазу, у тым ліку лодачнік.
img_0234Завод карысці ад турбазы не меў ніякай, а яго работнікі — тым больш, паколькі ні адзін з іх не меў магчымасці на ёй адпачываць. Тут аздараўлялася выключна сталічнае кіраўніцтва.
У 1976 — 77-м гадах турбаза была прададзена Віцебскаму тэхналагічнаму інстытуту, які адразу ж прыступіў да пашырэння сваіх валоданняў. Выраслі новыя дамы для адпачывальнікаў, сталовая з кухняй і грамадскія памяшканні. Палявое ўзвышша да таго часу, бачна, не выкарыстоўвалася, паколькі на ім былі размешчаны футбольнае і гандбольнае палі, пастаўлены вароты і спартыўныя снарады.
Адпачывальнікі на турбазе змянялі адзін аднаго на працягу ўсяго лета. Невядома, ці прыносіла ўстанова прыбытак тэхналагічнаму інстытуту. Ва ўсялякім выпадку, яна спыніла сваю дзейнасць у 90-х гадах мінулага стагоддзя.

Пашырыць адпачынак на Ксяндзовым паўвострае паспрабаваў у час перабудовы ініцыятыўны старшыня калгаса “Парыжская камуна” Міхаіл Баранаў, які ў сваёй гаспадарцы арганізаваў вытворчасць піва, самагону, сыру, масла, грыбоў, расліннага чаю. А таксама
распачаў рэалізацыю ўласнай прадукцыі ў вёсцы Горкі, г.Лепелі і суседніх раёнах. Пачаў Міхаіл Іванавіч будаўніцтва ў пачатку паўвострава двухпавярховага рэстарана, лазні і падыходу да вады. Аднак праз некаторы час будаўніцтва было спынена з-за недахопу фінансавых сродкаў.
У 2000-м годзе вядомы краязнаўца нашага раёна Уладзімір Шушкевіч пачаў збор звестак для ўласнай кнігі “Падарожжа вакол Лепельскага возера”. Для пошуку неабходнай інфармацыі ён пайшоў у абход вадаёма. Уладзімір Канстанцінавіч прайшоў паўвостраў па перыметры і дэталёва апісаў свой шлях у кнізе, якая трапіла ў рукі Уладзіміру Гарбачову, дырэктару шматпрофільнай медыцынскай кампаніі “Ладэ”. Чалавек прадпрымальны, які бачыць перспектыву, адразу звярнуў увагу на аздараўленчыя магчымасці Ксяндзова паўвострава. Наведаў яго, і праз некаторы час уладальнікам унікальнага кутка прыроды стала кампанія “Ладэ”.
У 2002-м годзе на паўвостраве завіскаталі бензапілы, загрукалі сякеры… За кароткі час вырас сучасны пасёлак, падобны на жылы масіў. Некалі закінуты Ксяндзовы паўвостраў ператварыўся ў сучасную базу адпачынку, якая атрымала назву пансіяната “Ладэ”.
У цяперашні час пансіянат “Ладэ” з’яўляецца адным з самых папулярных месцаў адпачынку.
— Звычайна адпачывальнікі браніруюць месцы ў пансіянаце задоўга да прыезду, — расказвае дырэктар пансіяната “Ладэ” Уладзімір Матукевіч. — Аднак паміж заездамі і не ў сезон могуць з’явіцца свабодныя месцы, і такім чынам можа пашанцаваць пасяліцца адразу.
Пансіянат разлічаны на адначасовы прыём 126 чалавек, якія маюць магчымасць размясціцца ў драўляных доміках сямейнага тыпу на два-дванаццаць чалавек. На вуліцы маюцца альтанкі з камінамі, спартыўныя пляцоўкі і арэлі. Арганізаваны пракат коней, плавальных сродкаў, а таксама ездавых сабак-маламутаў.
Ацяпленне домікаў цэнтралізаванае. У некаторых, для экзотыкі, устаноўлены каміны. Ёсць і нумары летняга тыпу, без ацяплення. Калі ж наступае пік адпачынку і ў пансіянаце няма свабодных месцаў, можна заказаць палатку на дваіх за прымальны кошт.
Першыя домікі, з якімі пансіянат пачынаў аздараўленчую дзейнасць, былі шасціпакаёвыя — дванаццацімясцовыя. Усе нумары былі двухмясцовымі. Калі ж у доміку пажадала адпачыць закаханая або сямейная пара, можна заказаць нумар з адным двухспальным ложкам. На кожным паверсе ёсць асобны санвузел.
Для знаёмства з умовамі, створанымі для адпачывальнікаў, Уладзімір Ягоравіч прапанаваў прайсці і агледзець свабодныя нумары.
Вось домік №14. Уваходзім — і адразу бачым прасторную гасціную. Адпачывальнікам прапануецца двухмясцовы нумар з усімі зручнасцямі. Домік №13 прадугледжаны як люкс. Тут ёсць індывідуальныя санвузлы, можна дадаткова паставіць дзіцячы ложак і пасяліцца ў нумары ўсёй сям’ёй.
На самым беразе возера размешчаны летнія домікі тыпу швейцарскіх шале. Шлях сюды пралягае каля саўны. Праходзім па зручным добраўпарадкаваным пляжы з прычаламі. Вось ён, шале. І хоць не ў гарах, затое на імклівым схіле возера Лепельскае. Жывапіснасцю возера можна палюбавацца прама з ганка. Насупраць, над возерам размешчаны другі такі ж шале. Ёсць у гэтым доміку таксама два эканом-класы з дзіцячым ложкам на другім ярусе.
Ва ўтульным кафэ-бары можна не толькі харчавацца адпачывальнікам, а і заказаць правядзенне карпаратыўнай вечарынкі або ўрачыстага рытуалу.
І дзецям, і дарослым прыемна будзе правесці час, атрымаць зарад бадзёрасці і новых сіл на пляцоўцы для адпачынку і ў спартыўным гарадку.
Паступова прывяла нас сцяжынка-змейка ў не менш цікавае месца — заапарк. Ён унікальны не памерамі, не колькасцю звяроў, а прыволлем, на якім жывуць звяры. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зазірнуць у вальер да ланяў. Нават цяжка сказаць, што жывёлы знаходзяцца ў няволі — настолькі мірна і спакойна праходзіць іх жыццё.
Сабакі-маламуты, на першы погляд, з-за свайго вялікага памеру могуць падацца агрэсіўнымі, але яны зусім бяскрыўдныя. Іх гены відазменены такім чынам, што калісьці страшныя звяры сталі міралюбівымі і асабліва прыязнымі да чалавека.
Немагчыма прайсці міма непаўторнага возера, якое можна назваць унутраным, на паўвостраве. Яно падзяляе заапарк і жылую зону.
Возера зарыбляецца, таму аматары пасядзець з вудачкай у цяні хваёвых вершалін або на адкрытым сонцапёку заўсёды знойдуць для сябе асобнае ўтульнае мястэчка. Праходзім па лясной сцяжынцы ў абыход вадаёма і ўзыходзім на пірс. Калі хтосьці жадае, магчыма закінуць вудачку або пачытаць кнігу ў акружэнні цішыні. А можна проста абаперціся на поручні і любавацца незвычайнай прыгажосцю. Ззаду, злева, справа — лес, прама — заапарк, з якога мы нядаўна выйшлі і які ў свой час быў месцам забаў, полем, садам і спартыўным гарадком.
А калі ж мы выйдзем на бераг і пройдзем яшчэ некалькі крокаў, то ўбачым прыгажосць, якую наогул нельга апісаць. Хочацца моўчкі слухаць цішыню і нават парушыць яе цяжка, бо месца тут асабліва ціхае, нават маўклівае.
Так, умовы для адпачывальнікаў на паўвостраве створаны выдатныя, але работа па добраўпарадкаванні на яго тэрыторыі не спыняецца. Пастаянна з’яўляецца штосьці новае, ажыццяўляюцца новыя цікавыя ідэі. Ужо атрымана рашэнне Лепельскага райвыканкама на будаўніцтва на тэрыторыі пансіяната “Ладэ” лячэбнага корпуса.
— У будучым мы плануем павялічыць колькасць жывёл у заапарку, — расказвае Уладзімір Матукевіч. — Плануем таксама ўстанавіць арыгінальныя скульптуры, які ўпрыгожаць агульны выгляд паўвострава. Многія з іх будуць мець камічны сюжэт.
Аднак аказанне паслуг адпачынку — гэта толькі частка дзейнасці ААТ “Ладэ”. Гэта шматпрофільная медыцынская кампанія, якая аказвае жыхарам краіны шырокі спектр медыцынскіх паслуг па такіх накірунках, як тэрапія, хірургія, гінекалогія і планаванне цяжарнасці, уралогія, стаматалогія і г.д. У медыцынскай кампаніі “Ладэ” працуюць дзясяткі высокакваліфікаваных спецыялістаў, многія з якіх з’яўляюцца кандыдатамі і доктарамі медыцынскіх навук. Філіялы медыцынскай кампаніі працуюць у Брэсце, Гродне, запланавана адкрыццё філіяла ў Віцебску. Усяго на працягу года шматпрофільнай медыцынскай кампаніяй “Ладэ” прымаецца больш за адзін мільён пацыентаў. Трэба адзначыць, што для жыхароў Лепельскага раёна пры наведванні медыцынскага цэнтра “Ладэ” прадугледжана 20-працэнтная зніжка.
Для заснавальніка медыцынскага цэнтра “Ладэ” Уладзіміра Гарбачова Лепельшчына з’яўляецца асабліва дарагім месцам, паколькі тут прайшло яго дзяцінства. Уладзімір Уладзіміравіч нарадзіўся ў вёсцы Аношкі Лепельскага раёна, у свой час быў вучнем сярэдняй школы № 1 г. Лепеля. Клопат пра сваю малую радзіму і яе жыхароў ён лічыць святым абавязкам. Кожны навучальны год пры заканчэнні чвэрці вучні з найлепшай паспяховасцю ў сярэдняй школе №1 атрымліваюць ад ААТ “Ладэ” стыпендыі ў памеры ста рублёў. Фінансавая дапамога з боку кампаніі “Ладэ” аказваецца таксама сельгаспрадпрыемствам Лепельшчыны ў час правядзення пасяўных і ўборачных работ. Кожны месяц выдзяляецца дзесяць тысяч рублёў на набыццё медыцынскіх прэпаратаў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстанове аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”. Напярэдадні кожнага новага навучальнага года прадстаўнікі ААТ “Ладэ” наведваюць дзетак, якія знаходзяцца на выхаванні ў дзіцячым сацыяльным прытулку, і ўручаюць ім цацкі, канцылярскія прыналежнасці і ласункі. Двойчы за год для адпачынку сярод жывапісных мясцін на паўвостраве, “Ладэ” запрашаюцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, для якіх арганізаваны бясплатнае пражыванне, харчаванне, правядзенне неабходных медыцынскіх паслуг. На працягу тыдня ветэранам аказваюцца кансультацыі ўрача.
Бягучы год для ААТ “Ладэ” знамянальны тым, што сёлета споўнілася пятнаццаць год, як у пансіянаце на жывапісным паўвостраве былі аказаны першыя паслугі адпачывальнікам. Пятнаццаць год таму, у ліпені, пансіянат “Ладэ” сустрэў сваіх першых гасцей. Адпачынак сярод прыродных краявідаў вельмі спадабаўся турыстам. Водгукі пра яго хутка пранесліся ў сродках масавай інфармацыі, праз інтэрнэт-рэсурсы, і праз кароткі час на жывапісны паўвостраў пачалі прыязджаць адпачывальнікі не толькі з Беларусі, а і многіх краін бліжняга і далёкага замежжа. За пятнаццаць год пансіянат “Ладэ” прыняў не адну тысячу адпачывальнікаў, многія з якіх бывалі тут шмат разоў.
У час праходжання па тэрыторыі пансіяната прыемна было пабачыць шчаслівых бацькоў з дзецьмі. Хлопчыкі і дзяўчынкі гулялі на спартыўнай пляцоўцы, а дарослыя прыселі на лавачках.
— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі ўражаннямі ад адпачынку.
— Уражанні, вядома ж, самыя лепшыя. Адпачыць у пансіянат “Ладэ” мы прыязджаем ужо некалькі год запар, і кожны раз у нас застаюцца прыемныя ўспаміны. Што можа быць лепш адпачынку на свежым паветры — з возера адчуваецца пах асаблівай свежасці, так і хочацца акунуцца ў празрыстасці хваляў, атрымаць асалоду ад незвычайнай цішыні, на нейкі час забыць пра штодзённыя клопаты.
А з якой радасцю прыязджаюць сюды дзеці! Яны адразу ж бягуць у заапарк, каб пабачыць сімпатычных звяркоў, з ахвотай адпачываюць на пляжы. Усёй сям’ёй любім пакатацца на конях, катамаранах. Пансіянат “Ладэ” — гэта месца, якое заварожвае. З задавальненнем адпачываем тут самі і шчыра жадаем прыехаць сюды сваім родным, сябрам і знаёмым.
Святкаванне 15-годдзя дзейнасці пансіяната “Ладэ” стала значнай падзеяй для ўсіх работнікаў установы і шматлікіх гасцей. З нагоды свята быў спечаны вялікі прыгожы торт, якім з задавальненнем частаваліся ўсе работнікі пансіяната і жаданыя госці. Дырэктар пансіяната “Ладэ” Уладзімір Матукевіч выказаў калегам і ўсім адпачывальнікам шчырыя словы віншаванняў і найлепшыя пажаданні моцнага здароўя, аптымізму, няспыннай энергіі і дабрабыту ва ўсіх справах.
Пакідаем жывапісны паўвостраў з цудоўнымі ўражаннямі і ад душы жадаем пансіянату далейшага росквіту, каб з кожным годам колькасць жаданых гасцей толькі павялічвалася, і гэты мілы блакітнавокі куток Лепельшчыны застаўся ў сэрцы кожнага з іх у самых цёплых успамінах.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.