Парадак на мехдварах

IMG_8007 Мэтай чарговага аб’езду рамонтна-механічных майстэрняў сельгасарганізацый стала ў першую чаргу праверка пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне, гатоўнасці да працы ў зімовых умовах, а таксама агульнага стану тэрыторый і пабудоў. У рэйд выправіліся начальнік раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду Станіслаў Кажан, дзяржаўны інспектар галоўдзяржтэхнагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Лобач і аўтар гэтых радкоў. Першым пунктам стаў мехдвор ААТ “Лядна”, дзе за стан тэхнікі адказваюць галоўны інжынер Анатоль Бурак і загадчык майстэрні Павел Вячэрскі.

Мехдвор сустрэў чысцінёй, парадкам. Некаторыя недахопы, вядома, былі, але яны часцей суправаджаюць любы вытворчы працэс. Напрыклад, узяўся механізатар рамантаваць трактар — расклаў побач ключы, запчасткі, пралілося машыннае масла. Аднак, як правіла, па завяршэнні работ рамонтнае месца прыводзіцца ў парадак.

— Мехдвор ААТ “Лядна” часта прыводжу ў прыклад іншым, — дзеліцца Станіслаў Кажан, — у першую чаргу таму, што там добраўпарадкаваннем займаюцца без лішніх напамінаў: летам абкошваюць траву, фарбуюць і рамантуюць пабудовы, абгароджваюць. Вядома, не на ўсё хапае грошай, але сістэма працы наладжана. Яна не створана за адзін дзень, гэта вынік сістэматычнай дзейнасці.

У гаспадарцы — чатыры збожжаўборачныя камбайны, усе яны сёлета добра папрацавалі на палях. Два ўжо вычышчаныя, змазаныя і цалкам падрыхтаваныя да пастаноўкі на зіму. Яшчэ два стаялі на мыйцы, яны апошнімі прыйшлі з поля пасля абмалоту насенных траў. Два-тры дні — і гэтая тэхніка будзе пастаўлена ў зімовы ангар.

У шэрагах стаіць і глебаапрацоўчая тэхніка. У дыскавых баронах, культыватарах, плугах рабочыя органы загрунтаваныя для недапушчэння ржы. На пасяўным агрэгаце Lemken слесар з гэтай жа мэтай змазваў каткі.

Зайшлі і ў рамонтны цэх, там якраз работнікі завіхаліся ля печы. Закінулі дроў, падпалілі, уключылі вентылятар — цёплае паветра пачало напаўняць памяшканне. Запас дроў ёсць — значыць, да зімы гатовыя.

Наступным пунктам стала рамонтна-механічная майстэрня ААТ “Чарэйшчына”, дзе загадчыкам працуе Міхаіл Іваноў. Малады мужчына нядаўна прыехаў у Беларусь з Украіны, прывёз сям’ю.

У асноўным на мехдвары парадак, аднак выяўлены і шэраг недахопаў: тэхніка, якая выкарыстоўваецца, расстаўлена не па сваіх месцах, а абы-дзе.

— Паставіць на месца тэхніку, навесці парадак пасля рамонтных работ, падмесці тэрыторыю, скласці металалом — гэта ўсё непрыкметныя на першы погляд элементы, з якіх паступова складваецца культура вытворчасці. А там, дзе расце культура, падтрымліваецца і парадак. Гэтыя паняцці ўзаемазвязаныя. А з ростам культуры вытворчасці растуць і прадукцыйнасць працы, самааддача работнікаў, лепей і надзейней працуе тэхніка, усё радзей і радзей адбываюцца няшчасныя выпадкі, — аргументуе Іван Лобач.

У рамонтным цэху стаялі разабраны трактар і ўжо адрамантаваны МАЗ. Машына ззяла свежай фарбай. На трактар механізатар Мікалай Усовік з дапамогай кран-бэлькі ставіў каробку хуткасцяў, яму дапамагаў калега Пётр Бараноўскі. Мужчыны спрытна, хутка спраўляліся з задачай. Відаць, што вопыт у іх вялікі.

З пяці збожжаўборачных камбайнаў чатыры стаялі пад навесам для захоўвання, завяршалася праца па іх кансервацыі на зіму. Чацвёрты камбайн быў на прачыстцы.

Апошнім пунктам стаў мехдвор КУВСГП “Лепельскае”, правёў па ім галоўны інжынер Міхаіл Бумага. Уражанне ад наведвання засталося дваістае: з аднаго боку, работы па падрыхтоўцы тэхнікі да зімовага захоў­вання вядуцца, з другога — на мехдвары не бачна культуры, тэхніка расстаўлена бессістэмна, прыязджаючы з поля, не ачышчаецца, не прамываецца, вісяць рэшткі саломы, травы.

Пры аглядзе тэхнікі, якая стаяла ў арачніку, выяўлены недагляд — у сеялцы Lemken засталіся рэшткі насення рапсу. Механізатары, ставячы агрэгат на захоўванне, не палічылі патрэбным вычысціць яго. Насенне ж можа загніць, прарасці, забіваючы трубкі. Факт гаворыць пра тое, што інжынерная служба гаспадаркі не наладзіла кантроль за выкананнем работ.

Тэрыторыя мехдвара вя­лікая, таму падмятаць, прыбіраць яе трэба часцей, на што і была звернута ўвага.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Мікалай Усовік і Пётр Бараноўскі.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.