Парк памяняе аблічча

— Аляксандр Аляксандравіч, што, на ваш погляд, найбольш істотнага ўдалося зрабіць?
— Праца па рэканструкцыі парку распачалася яшчэ гадоў пяць таму, у межах падрыхтоўкі да 570-годдзя горада, і актывізавалася па ініцыятыве старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава, якім абазначана наступная ўстаноўка: штогод у нашым горадзе павінна нешта мяняцца да лепшага. Адна за адной пачалі паяўляцца скульптуры — Русалка, Цмок. Вырас помнік заснавальніку горада Льву Сапегу.
— Што зроблена для адпачынку дзяцей?
— Летась зманціравана дзіцячая пляцоўка. Гэта цэлы комплекс збудаванняў для дзіцячых забаў — горкі, арэлі і іншыя кампаненты. Між іншым, хацелася б яшчэ раз нагадаць дарослым, што дзіцячыя арэлі не для іх.
— Сёлета, як вядома, горад адзначыць юбілей…
— Адбылася нарада ў старшыні райвыканкама. Распрацаваны шэраг мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні горада, у тым ліку і рэканструкцыі парку, якая пройдзе ў некалькі этапаў. Першы — у межах падрыхтоўкі да святкавання Дня Перамогі, другі прымеркаваны да Дня Незалежнасці, на трэцім этапе работы павінны закончыцца да восені, калі будзем адзначаць дзень горада.
— Што канкрэтна мяркуецца зра­біць?
— Найперш правя­дзём падрэзку і прарэджванне дрэў. Ёсць аварыйныя, іх трэба выдаліць, астатнія — акультурыць. Работы будуць праводзіцца таксама і ў Камсамольскім парку, дзе раней гэтага не рабілася.
— А якая ўвогуле тэрыторыя парку?
— Больш за дзесяць гектараў. Зразумела, наводзіць парадак у парку будзем і на суботніках, задзейнічаем вучняў і навучэнцаў. Аднак толькі суботнікамі тут не абыдземся. Асноўныя работы будуць праведзены сіламі гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ПМС. Намечана ўстаноўка агароджы. Мяркуем узвесці даволі высокую металічную агароджу, установім відэаназіранне. Правя­дзём бягучы рамонт амфітэатра, пантоннага моста і пляжа.
— Прынамсі, якія работы чакаюцца на пляжы?
— Замена зношаных канструкцый, рамонт малых архітэктурных формаў. Завершым агароджу пляжа, пафарбуем яе. Установім шэзлонгі, пляжныя парасоны, абсталюем раздзявальні.
— Вы казалі пра рамонт амфітэатра, а ці плануецца яго карэнная рэканструкцыя?
— Гэта справа далейшай перспектывы. Мяркуем зрабіць збудаванне крытым і правесці капітальны рамонт па новых праектных тэхналогіях. Гэта будзе сучасны амфітэатр.
— Работы па азеляненні парку пачнуцца ўжо ў хуткім часе?
— Так. Будзем са­джаць кветкі, на месцы старых елак, якія мяркуем убраць, пасадзім туі.
— Колькі абыдзецца рэканструкцыя парку?
— Каля паўмільярда рублёў.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымку: абноўленая дзіцячая пляцоўка ў гарадскім парку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.