Парни Лепельщины готовы к военной службе

img_1320Адбылося пасяджэнне прызыўной камісіі райвыканкама, на якім было прынята рашэнне
аб чарговым прызыве на вайсковую службу.
Па выкліку заходзіць малады чалавек, прадстаўляецца. Начальнік групы прызыву райваенкамата маёр Дзмітрый Заікін кажа:
— Таварыш прызыўнік, прызыўной камісіяй прынята рашэнне аб прызыве вас на тэрміновую вайсковую службу. Рашэнне вам зразумелае, пытанні ёсць?
— Няма, — як правіла, гучыць адказ.
— Атрымайце копію рашэння, можаце быць свабоднымі. Пра дату адпраўкі ў вайсковую часць вам будзе паведамлена дадаткова.
Некалькі прызыўнікоў задалі пытанні адносна таго, у якія часці іх мяркуюць накіраваць для праходжання тэрміновай службы.
— Пакуль што мы маем папярэднія планы размеркавання, — кажа Дзмітрый Заікін. — Будзем накіроўваць нашых хлопцаў у міліцэйскія часці ў Віцебску, лепельскія прызыўнікі запатрабаваныя ў пагранічных часцях Полацка, Гомеля і Смаргоні. Традыцыйна Лепельшчыну годна прадстаўляюць у Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. Усё больш увагі на мясцовы прызыўны кантынгент звяртае камандаванне мясцовых вайсковых часцей, і ў першую чаргу 231-й артылерыйскай брыгады з Бароўкі і 19-й гвардзейскай механізаванай брыгады з Заслонава. Значную частку прызыўнікоў плануем накіраваць у 72-гі аб’яднаны вучэбны цэнтр у Барысаве. Там маладыя салдаты атрымаюць пачатковую ваенную падрыхтоўку, прымуць прысягу, затым, пасля праходжання паўнавартаснага навучання і атрымання вайсковых спецыяльнасцяў, будуць размеркаваны па вайсковых часцях. Часці пастаяннай баявой гатоўнасці такім чынам атрымаюць падрыхтаваных спецыялістаў, якім адразу можна будзе даверыць складаную баявую тэхніку.
— Калі будуць праводзіцца адпраўкі ў вайсковыя часці?
— У наступным месяцы.
Працэдуры агучвання рашэнняў і ўручэння павестак, як правіла, папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа. Усе прызыўнікі на працягу некалькіх месяцаў праходзілі медыцынскую камісію, спецыялісты выяўлялі, наколькі хлопцы здольныя да службы, ці вытрымаюць яны нагрузкі. Пры патрэбе прызыўнікоў накіроўваюць на дадатковае, больш глыбокае абследаванне ў дыягнастычныя медыцынскія ўстановы ў Віцебск. Па выяўленых захворваннях прызначаецца лячэнне.
Як і ў ранейшыя гады, трывогу выклікае стан здароўя некаторых прызыўнікоў. Прыкметамі сучаснага жыцця становяцца сардэчна-сасудзістыя захворванні, а таксама скаліёзы — скрыўленні хрыбетніка. Прычым з кожным годам захворванні маладзеюць, пашыраюцца. Усё гэта, як кажуць медыкі, вынік маларухомага ладу жыцця — маладыя людзі больш сядзяць за камп’ютарам ці смартфонам, чым бегаюць за мячом па футбольным полі, не ганяюць зімой шайбу, не бегаюць на лыжах, увогуле не цікавяцца фізкультурай, ды і фізічнай працай сябе не абцяжарваюць. Сюды ж дададзім і курэнне з ужываннем спіртнога, піва.
— А які маральна-псіхалагічны настрой?
— Самы розны. Ёсць тыя, хто шчыра жадае служыць, сумленна авалодваць вайсковымі спецыяльнасцямі, і тыя, хто да перспектыў службы ставяцца раўнадушна, адбыць сваё — і ўсё.
У бягучы прызыў ваенкаматам Лепельскага і Ушацкага раёнаў плануецца накіраваць у вайсковыя часці 39 чалавек. У асноўным маладыя людзі прайшлі медкамісію, не маюць праблем са здароўем і прызнаны годнымі для нясення службы.
На здымку: чарговы прызыўнік атрымаў копію рашэння.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.