Партизанская медаль

tuxta-medal-partyzanaУ перыяд Вялікай Айчыннай вайны
на тэрыторыі Беларусі, акупіраванай
нямецка-фашысцкімі захопнікамі, шырока разгарнуўся партызанскі рух. Ствараліся
падпольныя арганізацыі, партызанскія
атрады і групы, у якія ўступалі рабочыя,
калгаснікі і прадстаўнікі інтэлігенцыі.
Ядром партызанскіх фарміраванняў былі
афіцэры і чырвонаармейцы, якія
засталіся ў акружэнні або ўцяклі з палону.

Працяглы час партызаны не мелі сваёй уласнай узнагароды. Разумеючы іх унёсак у барацьбу з нямецкімі войскамі, было прынята рашэнне аб заснаванні медаля “Партызану Айчыннай вайны” для ўзнагароджвання арганізатараў, кіраўнікоў партызанскага руху і радавых партызанаў. Узнагарода была заснавана другога лютага 1943 года і стала першым у Савецкім Саюзе медалём, які меў адразу дзве ступені.
Сярод лепяльчан шмат тых, хто прымаў удзел у партызанскім руху, змагаўся ў тыле ворага не толькі на тэрыторыі раёна, а і па ўсёй Беларусі. Большасць з іх адзначана медалём “Партызану Айчыннай вайны” першай і другой ступеняў.
Восенню 1942-га Васіль Падабед з вёскі Велеўшына быў залічаны радавым байцом у атрад №15 брыгады “Чэкіст”, якая размяшчалася ў навакольных лясах. Мужна ваяваў спачатку на Лепельшчыне, а потым на Магілёўшчыне. З характарыстыкі на камандзіра аддзялення атрада №60 імя Сядлецкага Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы Падабеда В. М. ад 15 ліпеня 1944 года: “На пасадзе камандзіра аддзялення таварыш Падабед у баях паказаў смеласць і адвагу. Вядзе аддзяленне наперад. Мае падзякі ад камандавання. Вызначыўся ў баі каля вёскі Пні Шклоўскага раёна, дзе было знішчана 26 гітлераўцаў. Удзельнічаў у баі па разгроме гарнізона “Латва”, налёце на эшалон 27 мая 1944 года, дзе быў разбіты паравоз, забіта дзевяць і паранена 17 гітлераўцаў. Старанны, дысцыплінаваны партызан”. За адвагу і гераізм Васіль Падабед 29 чэрвеня 1944 года ўзнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені.
У студзені 1943 года Іван Кузьміч з вёскі Свяда стаў партызанам брыгады “Чэкіст”. На яго рахунку — дзевяць варожых эшалонаў, пушчаных пад адхон у складзе групы падрыўнікоў. Прымаў удзел у засадах і баях па разгроме нямецкіх гарнізонаў. За ўдзел у партызанскім руху ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Затым былі баі з японцамі на Далёкім Усходзе і ўзнагароджанне медалём “За перамогу над Японіяй”. Аднак першай сваёй узнагародай, медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, атрыманай у чэрвені 1944-га, даражыў больш за ўсё. Медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені ўзнагароджаны партызанка брыгады “Чэкіст” Праскоўя Купчына (Стэльмах) са Стайска, ураджэнец вёскі Цярэшкі Пётр Мікулёнак і Гаўрыла Кунчэўскі з вёскі Барсукі, камісар атрада №31 брыгады “Чэкіст” Восіп Маляўка са Свяды і партызанскі разведчык Фёдар Пшонка са Свядзіцы.
З гонарам насіў партызанскі медаль і Васіль Пшонка з вёскі Свяда. У Другі атрад партызанскай брыгады “Дубава” ён прыйшоў васямнаццацігадовым юнаком. Неаднаразова вызначыўся падчас баявых аперацый і быў прызначаны на пасаду камандзіра аддзялення. 12 ліпеня 1944 года прадстаўленне да ўзнагароджвання Васіля Пшонкі медалём “Партызана Айчыннай вайны” І ступені падпісаў уласнаручна камандзір брыгады генерал-маёр Фёдар Дуброўскі. Яшчэ месяц пасля расфарміравання брыгады Васіль лічыўся байцом знішчальнага атрада, які вышукваў па лясах нямецкіх салдатаў, што засталіся ў акружэнні ў наваколлях Чашнікаў. Затым быў пяць месяцаў на фронце на пасадзе гарматнага нумара. Васіль атрымаў цяжкае раненне ў адным з баёў і быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Перамогу Васіль сустрэў на шпітальным ложку, а дадому вярнуўся толькі ў жніўні 1945 года.
З першага верасня 1941 года ўдзельнікам партызанскага руху на пасадзе зброевага майстра атрада №1 брыгады імя Кірава з’яўляўся Рыгор Аляшкевіч з вёскі Кветча. Узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені і ордэнам Чырвонай Зоркі.
Валерый ТУХТА,
краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.