Партизанская семья

karpenkiІвана Карпенку з вёскі Забор’е ў 1935 годзе пасля заканчэння Лепельскага педвучылішча накіравалі на працу ў Бягомльскі раён. Завочна паступіў на гістарычны факультэт у Мінскі педінстытут, але з другога курса быў прызваны ў Чырвоную армію. Служыў на пасадзе палітрука ва ўкраінскім горадзе Камянец-Падольскім, дзе і застала вайна. Пасля таго, як часць, дзе служыў Іван, трапіла ў акружэнне і была разбіта, ён вырашыў вяртацца ў родныя мясціны. Некалькі месяцаў хаваўся ў лясах каля Забор’я, пакуль не сустрэўся з партызанамі брыгады “Чэкіст”, атрады якой, пашкуматаныя ў баях на Шклоўшчыне, перамяшчаліся ў лепельскія лясы. Іван без ваганняў далучыўся да “чэкістаў”.
Яшчэ падчас вучобы ў Лепельскім педвучылішчы Іван пазнаёміўся з лепяльчанкай Розай, якая таксама вучылася на настаўніцу. Неўзабаве дзяўчына стала яго жонкай. У маладой сям’і нарадзіліся дзве дачушкі Тамара і Раіса. Пакуль Іван служыў у войску, жонка разам з дзецьмі жыла ў бацькоў. Хаваючыся ад акупацыйных уладаў, Іван не мог не хвалявацца пра сваіх родных, якіх утрымлівалі ў лепельскім гета.
Доўга не думаючы, прыняў рашэнне — забраць у лес жонку з дзецьмі, якім у няволі пагражала немінучая пагібель. Ноччу прабраўся на тэрыторыю гета і загадаў збірацца ў дарогу. Супраць былі бацькі Розы, якія адмовіліся аддаваць унучак. Хутаючы ад холаду маленькую дачушку Раю, з вялікім цяжарам на душы, ішлі з горада маладыя бацькі. Пяцігадовая Тамара засталася з дзедам і бабуляй. У хуткім часе яна загінула разам з іншымі вязнямі Лепельскага гета, расправу над якімі немцы ўчынілі на ўскрайку вёскі Чарнаручча.
У брыгадзе “Чэкіст” Іван Карпенка займаў пасаду палітрука ў першым атрадзе, партызанкай стала і жонка Роза Фішкіна. За ўдзел у партызанскім руху яны адзначаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны”. Пасля вызвалення Лепеля вярнуліся ў родны горад. Роза ўладкавалася на працу настаўніцай. Непрацяглы час Іван таксама працаваў на педагагічных пасадах. Але ў лістападзе 1944 года быў накіраваны на фронт радавым байцом. У адным з танкавых дэсантаў быў
цяжка паранены ў жывот, доўгі час лячыўся. Ордэн Чырвонай Зоркі атрымаў у шпіталі.
Пасля вайны Іван Карпенка вярнуўся да сваёй мірнай прафесіі — настаўніка. Доўгі час узначальваў сярэднюю школу №3, дзе таксама працавала і жонка.
У 1965 годзе за ўдзел у партызанскім руху Іван Карпенка і Роза Фішкіна ўзнагароджаны медалямі “За адвагу”.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.