Партизанский мастер по оружию

rygor-alyashkevichБольш за дзесяць год таму краязнаўчыя пошукі прывялі мяне ў запаведную вёску Кветча Лепельскага раёна, дзе жыў партызанскі майстар па зброі Рыгор Аляшкевіч. Некалі слава пра кавальскае майстэрства гэтага чалавека далёка разносілася па
навакольных паселішчах. І ў цяперашні час людзі старэйшага ўзросту ў запаведных вёсках добра памятаюць яго.
Рыгор Аляшкевіч для свайго часу быў асобай аўтарытэтнай і легендарнай — карыстаўся павагай не толькі сярод простых людзей. Да яго парад прыслухоўвалася і кіраўніцтва запаведніка, працы ў якім ён прысвяціў усё жыццё. У гады Вялікай Айчыннай вайны кавальскія навыкі Рыгора саслужылі добрую справу партызанам, яго ўмелымі рукамі было адноўлена шмат адзінак зброі.
На момант майго наведвання Кветчы Рыгора Аляшкевіча ўжо не было ў жывых, ён памёр у 1988 годзе. Таму наша першае вочнае знаёмства адбылося з яго сынам Віктарам, які жыў у бацькоўскай хаце. Менавіта ён паведаміў мне некаторыя эпізоды з біяграфіі бацькі. Аднак найбольш падрабязныя звесткі я знайшоў у літаратурных крыніцах і архіўных дакументах. Вось што згадваў пра сябе Рыгор Аляшкевіч: “Сам я родам з-пад Плешчаніцаў, як і мой бацька з дзедам. Мы там арандавалі зямлю ў пана Жаброўскага. Мой дзед выразаў з дрэва розныя рэчы, посуд. Мой бацька вучыўся на ксяндза. Пазней ажаніўся з матуляй, якая была рускай, і сваякі яго праклялі. Потым бацька аслеп і памёр, а я застаўся за старэйшага. Заўсёды пытаўся ў дзеда парады. Ён быў разумны, вялікі майстар: выразаў з дрэва Езуса, які плача.
“Цясляр робіць грудзьмі, а каваль — людзьмі”, — адказаў яму дзед на пытанне, якую працоўную сцежку выбраць.
“У запаведніку працаваў з часу яго стварэння, з 1925 года. Раней я працаваў кавалём і слесарам. Пасля пайшоў у армію. У 1920 годзе ваяваў з панамі. Служыў у кавалерыйскай часці ў Барысаве. Там быў таксама кавалём. А як дэмабілізаваўся, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай і застаўся ў Кветчы”, — узгадваў пра сябе Рыгор Аляшкевіч.
У партызанскую барацьбу мужчына ўключыўся ў першыя месяцы акупацыі. З верасня 1941 года падтрымліваў сувязь з партызанскімі фарміраваннямі, якія пачалі стварацца і дзейнічалі ў запаведных лясах. Партызанам увесь час не ставала зброі, якую даводзілася вышукваць на палях мінулых баёў. Большая частка яе была непрыдатнай для выкарыстання і патрабавала рамонту. За дапамогай звярталіся да Аляшкевіча, які займаўся аднаўленнем зброі. Майстрам было адрамантавана больш за 500 штук вінтовак, 80 кулямётаў, дваццаць аўтаматаў і чатыры гарматы. З успамінаў Рыгора Аляшкевіча: “Ведаеш, якую гармату зладзіў у партызанах? Вось толькі прыцэлу ды бусолі не было, праз ствол наводзілі. А колькі ППШ ды вінтовак нарабіў, дык і ліку няма”.
Хата зброевага майстра стаяла на беразе Сергуцкага канала, на шлюзе №3, даглядчыкам якога да вайны ён і працаваў. Гэта дазваляла рамантаваць зброю, не выклікаючы асаблівага падазрэння ў акупацыйных уладаў, і давала магчымасць партызанам заставацца незаўважанымі ў зносінах з майстрам. Аднак Р. Аляшкевіча западозрылі ў сувязі з ляснымі бандытамі, арыштавалі і трымалі ў турме ў Бягомлі, адкуль яму атрымалася ўцячы.
Рыгор Аляшкевіч быў залічаны ў штат атрада №1 брыгады імя Кірава Мінскай вобласці. На працягу 1942 — 1944 гадоў ён рамантаваў зброю не толькі для патрэб сваёй брыгады, а і для партызанаў усёй Барысаўскай зоны. У чэрвені 1943 года, падчас карнай аперацыі, добра ведаючы мясцовасць, выводзіў партызанаў з акружэння.
За ўдзел у партызанскім руху зброевы майстар Рыгор Аляшкевіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Партызану Айчыннай вайны” II ступені.
Праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля вайны, там, дзе некалі на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка размяшчаліся партызанскія фарміраванні, былі ўстаноўлены памятныя знакі ў выглядзе цэментных слупоў. Гэтыя месцы былі ўказаны былым партызанам Аляшкевічам.
Валерый ТУХТА, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.