Паштовы рабаўнік у Лепельскім раёне

Розныя аб’екты выбіраюць законанепаслухмяныя грамадзяне для злачынных замахаў. Жыхар Чашніцкага раёна Леанід Дабрынскі паклаў вока на паштовае аддзяленне ў лепельскай Велеўшчыне. Сарваў навясныя замкі і завітаў няпрошаны госць у памяшканне. Набраў тавара-матэрыяльных каштоўнасцей больш як на 2,5 мільёна рублёў. Браў усё, што пад руку траплялася. Калготкі жаночыя, шкарпэткі, цукеркі, мясныя і рыбараслінныя кансервы… Апетыт быў у злодзея нейкі неўтаймаваны.
У пратаколе агляду месца злачынства былі зафіксаваны сляды пранікнення ў паштовае аддзяленне, забраны навясны замок, фрагмент дзвярнога палатна са слядамі прадмета ўзлому, запалкі, а таксама бутэлька з-пад мінеральнай вады з адбіткам пальца рукі…
Работнікі міліцыі пачалі па гарачых слядах шукаць злодзея. Высветлілі, што ў Велеўшчыне некалі жыў Л. Дабрынскі, раней асуджаны за маёмасныя крадзяжы. Даведаліся таксама, што ў мясцовага жыхара ”гасцюе” гэты грамадзянін. Інфармацыя пацвердзілася. Леанід Дабрынскі паказаў у розных пакоях украдзеныя тавары. Распавёў і пра абставіны злачыннага ваяжу ў аддзяленне сувязі. Там, напэўна, на радасцях спаражніў бутэльку мінеральнай вады, піва і ў дадатак, для прыемнага паху, туалетнай вады глынуў.
Цікавыя паказанні даў К.Ф. Шамшур, у доме якога атабарыўся на час злодзей. Дзесьці апоўначы да яго пастукаўся і папрасіўся пераначаваць Леанід Дабрынскі. Дазволіў. Не праганяць жа чалавека пасярод начы. Госць падаўся ў іншы пакой. Зранку гаспадар заспеў Леаніда на кухні. Той сядзеў на падлозе ў акружэнні нейкіх прадуктаў. Аб іх паходжанні не распытваў. Крыху пазней госць прапаноўваў пакаштаваць тушонкі. Гаспадар адмовіўся. Дзесьці каля абедзенай пары наведаліся ў хату супрацоўнікі міліцыі…
Л.А. Дабрынскі пакараны абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на чатыры гады.
Заслужыў — атрымай, на чужое дабро рот не разявай.
В. ЖЫГІМОНТ,
памочнік пракурора раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.