Пасля ўрокаў вечарам у Лепелі

505 Вечар у гімназіі наступае неяк непрыкметна. Вось нібыта толькі што закончыліся ўрокі, народу паменела, засталіся хіба тыя, хто ўдзельнічае ў розных гуртках ці занятыя дадатковымі заняткамі. А хтосьці ўжо прыйшоў на рэпетыцыю.

Зрэшты, маіх будучых вячэрніх субяседнікаў тут пакуль яшчэ няма. Чаму? Вельмі проста. Усе яны старшакласнікі, многія – заўтрашнія выпускнікі. Вось урокі закончыліся, і падлеткі займаюцца ў рэпетытараў. У кожнага ж амбіцыі. Вучоба для гімназістаў – зусім не жартачкі, бо нагрузкі капітальныя.

З надыходам вечара спартыўная зала і раздзявалкі запаўняюцца народам. Народ у «трэніках», у красоўках ды кедах, разняволены, вясёлы, шчаслівы. Здавалася, і не было ніякіх ні ўрокаў, ні рэпетытараў. Настае блажэннаяспартыўная часіна.

Адразу скажу, што спартыўныя секцыі тут працуюць па вечарах штодня, акрамя хіба серады і нядзелі. У панядзелак дзесьці а шостай гадзіне вечара дзеці прыходзяць на валейбол, і святло Ў зале гарыць аж да васьмі. У аўторак з пяці да сямі вечара «рэжуцца» ў баскетбол. Па чацвяргах вячэрнюю гімназію «акупіруюць» футбалісты, праўда, тыя сыходзяць крыху раней, бо заняткі секцыі заканчваюцца ў шаснаццаць дзесяць.

У пятніцу зноў эстафета пераходзіць да валейбалістаў, і вечар да васьмі іхні. Субота – шосты дзень, а гэта значыць, што пазаўрочныя мерапрыемствы пачынаюцца ўжо з раніцы. У кожнага такога дня свая спецыфіка і скіраванасць. Бываюць, напрыклад, і цалкам спартыўныя, «здаровыя» суботы. Аднак у кожным разе вянчаюць суботні расклад баталіі баскетбалістаў, якія зацягваюцца ледзьве не да пяці вечара.

У навучальнай установе тры фізрукі, і ў кожнага з іх – свой участак работы. Свая планка адказнасці. Уладзімір Плігаўка – трэнер па валейболе, Сяргей Ткачэнка займаецца з баскетбалістамі, а ў футбалістаў «настаўнік зборнай» Канстанцін Шчэрбач.

А вось і мае сённяшнія суразмоўцы. Тут два капітаны зборных – Ягор Калінін ўзначальвае юначую, а Каця Скавародка – дзявочую каманду валейбалістаў. А таксама ігракі – Андрэй Падасінавік, Яна Трэндзянок, Насця Пучкова.

Пытаюся, чаму яны сёння тут, хіба мала спраў іншых?

— Па здароўе прыйшлі, — усміхаюцца.

Зараз у іх будзе размінка, а неўзабаве пачнуць гуляць. Зрэшты, перада мною сёння не два, а тры капітаны. Бо Андрэй хоць у валейболе і просты ігрок, затое капітан футбольнай зборнай, і яго «зорная часіна» па чацвяргах. Надзвычай, дарэчы, сур’ёзны цінэйджар для сваіх шаснаццаці гадоў. Гуляе не толькі за школу, але і за горад. Збіраецца стаць праграмістам, бо лічыць, што гэтая прафесія ў наш час надзвычай перспектыўная. Адно што пакуль не ведае, у якой навучальнай установе будзе асвойваць прафесію. Пакажа час, а дакладней, вынікі цэнтралізаванага тэставання.

А паспрабаваў сябе хлопец, здаецца, ужо ўсюды – і ў вучобе, і ў спорце, і нават у тэатры. Наведваў тэатр-студыю «Сюрпрыз». Прыгадвае, як той іграў Псіну ў спектаклі «Рыжий, честный, влюблённый». Прыгадвае з лёгкім гумарам і настальгіяй па дзяцінстве, калі было значна болей вольнага часу, чым зараз, у юнацтве. Спыняцца падрабязна на школьных і грамадскіх заслугах Ягора Калініна не буду, напэўна, чытачы газеты яшчэ памятаюць нядаўняе з ім інтэрв’ю, як з кіраўніком маладзёжнай палаты.

Колькі слоў пра дзяўчат. Насця збіраецца ў лінгвістычны. Прафесію эканаміста хоча выбраць Яна, бо таксама бачыць у ёй пэўныя перспектывы. Каця, здаецца, пакуль яшчэ не вызначылася, аднак, не сумняецца, што таксама атрымае вышэйшую адукацыю. Ну, а ў школе, акрамя таго, што актывісткі, дзяўчаты яшчэ і ўсур’ёз займаюцца спортам, да гэтай справы падыходзяць настолькі сур’ёзна, што дастойна абараняюць гонар роднай школы і на пазашкольных спаборніцтвах і выдаюць добрыя вынікі.

Да нашай размовы падключаецца і трэнер валейбалістаў. Уладзімір Міхайлавіч распавядае пра тое, што яго выхаванцы штогод займаюць прызавыя месцы на раённых спаборніцтвах. Узгадвае пра таварысцкія сустрэчы, якія ладзяць паміж гімназіяй і ліцэем, і каледжам. Вось і надаўна хадзілі па паядынак у ліцэй.

Дарэчы, аказваецца, спортам па вечарах тут займаюцца не толькі дзеці і падлеткі, але і настаўнікі.

Тым часам, акрамя спартыўных баталій, вечарамі ў навучальнай установе кіпяць і іншыя жарсці. Так дзесьці да паловы на сёмую гадзіну вечара працуе тутэйшая сацыяльная. Сустракаюцца з бацькамі, запрашаюць да размовы дзяцей і падлеткаў з праблемных сем’яў, дапамагаюць цінэйджарам знайсці сябе ў гэтым складаным і жорсткім жыцці з яго зусім не дзіцячымі праблемамі.

Ужыўшы слова «цінэйджар», не магу не сказаць, што па вечарах тройчы на тыдзень у гімназіі працуе гурток менавіта з такою назваю. Аднак, пра нашых будучых калегаў-журналістаў з гуртка «Цінэйджар», якім кіруе Наталля Драздовіч, распавяду ў асобнай публікацыі.

Уладзімір МІХНО.

 На здымках: вечарамі ў гімназіі.

504

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.