Пасярод Сталюг на Лепельшчыне — добраўпарадкаваная студня, зладкаваная з жалезабетонных кольцаў

310На адлегласці паўтара кіламетра на паўночны ўсход ад вёскі Аношкі Слабадскога сельсавета абапал шашы Лепель — Латыгалічы раскінулася вёска Сталюгі, у якой у 1997 годзе налічвалася адзінаццаць падворкаў і 14 жыхароў.

Цяпер колькасць жылых дамоў і іх насельнікаў значна зменшылася.
У вёсцы пэўная колькасць жылых пабудоў захавалася, а астатнія набылі статус дамоў часовага пражывання, у якіх перыядычна адпачываюць дзеці і ўнукі былых жыхароў Сталюг, ды і бавяць свой вольны час у некаторых выкупленых у спадкаемцаў былых жылых сядзібах гараджане.
Пасярод Сталюг — добраўпарадкаваная студня, зладкаваная з жалезабетонных кольцаў.
Побач узведзены сучасны аўтапавільён, у якім можна схавацца ад непагадзі ў час чакання рэйсавага аўтобуса, што два дні на тыдзень — у сераду і нядзелю — заязджае ў Сталюгі раніцай і ўвечары, так што на ім можна дабрацца ў Лепель і вярнуцца ў зваротным напрамку. Дарэчы, адзіная вуліца вёскі заасфальтаваная, таму па ёй зручна рухацца аўтобусу або любому іншаму транспартнаму сродку.
З заходняга і ўсходняга боку да Сталюг ушчыльную прымыкаюць густыя шматгадовыя лясныя насаджэнні, у якіх у сезон можна назбіраць грыбоў і ягад.
Першая хата ў Сталюгах, калі ўязджаеш у вёску з боку Аношак, прытулілася ля ляснога масіву, які цягнецца на захад амаль да возера Безадэннага. На падворку кінуліся ў вочы дзясяткі пчаліных домікаў. Тут жа стаяла і аўтамашына “Волга”, на пярэднім шкле якой было пазначана праходжанне тэхнічнага агляду ў 2015 годзе.
— Пчаліная пасека і гэтая легкавая аўтамашына — мая ўласнасць, — паведаміў мясцовы жыхар Леанід Гулько. — Я родны брат былой гаспадыні гэтай хаты Ніны Мільчанінай, якая сёлета ў сакавіку памерла. Хата і ўся прысядзібная гаспадарка адышлі ва ўласнасць пляменніцы Святлане, якая зараз з сям’ёй жыве ў Лепелі, а мне дазволіла тут пагасцяваць, заняцца медазборам.
У Сталюгах двойчы на тыдзень — па серадах і суботах — прыязджае аўталаўка, у якой можна купіць прадукты харчавання.
— Дзе цяпер знаходзяцца астатнія дзеці Івана і Ніны Мільчаніных?
— Раіса ў Лепелі, а Міхаіл мае дом сядзібнага тыпу ў Чэрцах.
Леанід Гулько распавёў пра сваё жыццё-быццё. Нарадзіўся ў 1940 годзе ў Рэутполлі Валосавіцкага сельсавета. Разам з былым жыхаром Аношак Мікалаем Прускім у 1959 — 1962 гадах у Казахстане ўздымалі цалінныя і залежныя землі, працавалі трактарыстамі ў Паўладарскай вобласці.
Пасля вяртання чатыры гады круціў баранку вадзіцелем у саўгасе “Валосавічы”. Потым уладкаваўся механізатарам у ДБУ №11. Будаваў дарогу Валосавічы — Красналукі. Калі дарожную арганізацыю перавялі ў Віцебск, разам з ёй таксама перабраўся жыць і працаваць у абласны цэнтр. Ажаніўся, пабудаваў дом у Віцебску, дзе зараз жыве жонка Тамара.
309Час ад часу з’язджаю ў Віцебск, баўлю там вольны час, а жонка дабіраецца ў Сталюгі, каб адпачыць на ўлонні цудоўнай навакольнай прыроды. Нашы дзеці — сын Андрэй і дачка Вольга — ужо дарослыя, маюць свае сем’і. Маем чатырох ўнукаў і двух праўнукаў.
Перайшоў вуліцу і накіраваўся да хаты, што стаяла насупраць. Жылая пабудова і прысядзібны зямельны ўчастак каля яе выглядалі вельмі дагледжанымі, добраўпарадкаванымі. У двары раслі кветкі, паўсюдна тут былі нават абуладкаваны прыгожыя малыя архітэктурныя формы і выявы казачных герояў. Аднак на ўваходных дзвярах вісеў замок. Таму пакрочыў да наступнай хаты.
У акне ўбачыў гаспадыню Соф’ю Кузьміч, якая запрасіла зайсці ў госці. Соф’я Пятроўна паведаміла, што ўласніцай суседняй хаты з’яўляецца лепяльчанка Ганна. Яе маці Іна разам з сястрой Палінай жывуць у Сталюгах у летні час, вырошчваюць разнастайную гародніну, утрымліваюць нават невялікую прысядзібную гаспадарку ў выглядзе курэй-бройлераў.
Пра сябе Соф’я Кузьміч расказала, што ёй ужо споўнілася 82 гады. Разам з мужам Сяргеем вырасціла пецярых дзяцей — Раісу, Ларысу, Ірыну, Тамару і Мішу. На жаль, муж ужо даўно пайшоў з жыцця. Мае сем унукаў, шэсць праўнукаў і аднаго прапраўнука Андрэя.
Соф’я Пятроўна — актыўная ўдзельніца мясцовай мастацкай самадзейнасці, выступае ў фальклорным калектыве. Піша выдатныя вершы, цікава распавядае пра розныя смешныя выпадкі, якія напаткала ў жыцці. Нягледзячы на свой вельмі сталы ўзрост, працягвае захоўваць тонкае пачуццё гумару, жыве актыўным, паўнакроўным жыццём. На стале ў Соф’і Кузьміч убачыў свежы нумар раённай газеты “Лепельскі край” і дзве мастацкія кнігі на беларускай мове, аўтарамі якіх з’яўляюцца Іван Навуменка і Міхась Зарэцкі.
— Я пастаянная падпісчыца раённай газеты, а кнігі мне перадалі з Велеўшчынкай сельскай бібліятэкі, — сказала Соф’я Пятроўна. — Калі прачытаю гэтыя кнігі, закажу новыя. Люблю чытаць. Вольнага часу ў мяне цяпер хапае. Толькі вось усё больш здароўе падводзіць, з цяжкасцю хаджу па хаце. Жыву ў вёсцы толькі ў цёплыя перыяды года, а зімой знаходжуся ў дачок.
Развітаўся з Соф’яй Кузьміч. Пакрочыў далей па вёсцы. З правага боку мінуў некалькі дамоў і з левага — адзін, а не завітаў у іх толькі таму, што жылыя пабудовы былі замкнёныя. Магчыма, іх гаспадары паехалі ў горад ці пайшлі ў лес за грыбамі або ягадамі.
Потым справа ўбачыў хату, у двары якой вісела на шнурах, сохла на сонцы і пад парывамі цёплага ветру свежавымытая вопратка і бялізна, а ў кветніку вабілі вочы прыгожыя кветкі. Побач была зладкавана ўтульная і зручная лавачка, якая нядаўна была пафарбавана ў зялёны колер. А за хатай бачыліся роўныя барозны выкапанай бульбы на прысядзібным зямельным участку. Паўсюдна тут адчувалася ўмелая, руплівая рука гаспадара.
— Гэта мой сын Сяргей так шчыруе, — паведаміла гаспадыня хаты Марыя Пшонка. — Мне ўжо споўнілася 88 гадоў, я з цяжкасцю перамяшчаюся па хаце. Нават калі даводзіцца мыць вопратку і бялізну, толькі ўключаю і выключаю пральную машыну, а ўсё астатняе робіць мой сын. Калі б ён не жыў са мной, не ведаю, хто б мне дапамог у паўсядзённых справах?!
Мой муж даўно ўжо памёр, сын Уладзімір таксама. Яшчэ адзін сын Аляксандр жыве ў Матырыне, дачка Тамара кінула свой жыццёвы якар у Слабадзе. Толькі ўнукаў у мяне ўжо адзінаццаць, а праўнукаў — не злічыць.
У самым канцы Сталюг дзве хаты месцяцца амаль побач праз вуліцу. У двары адной з іх убачыў маладую жанчыну, якая назвалася Жаннай.
— Даглядаю састарэлую маці Зінаіду Пажарыцкую, якая па стане здароўя ўжо не ходзіць, — паведаміла яна. — З вясны ўжо жыву тут, а ў Віцебску — муж і сын-трэцякласнік. На жаль, у Віцебск забраць маці не магу, паколькі жыву з сям’ёй у аднапакаёвай кватэры.
А ў двары хаты насупраць перабірала толькі што выкапаную бульбу Надзея Баравік. Не захацеў яе турбаваць лішнімі размовамі, няхай жанчына займаецца сваімі справамі.
Цікава было пагутарыць з жыхарамі Сталюг. Яны працавітыя і добразычлівыя, гатовыя дапамагчы родным і блізкім людзям у цяжкую хвіліну.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымках: Соф’я Кузьміч — пастаянная падпісчыца раённай газеты “Лепельскі край”; Леанід Гулько каля сваёй аўтамашыны “Волга”, якая вельмі каларытна глядзіцца ў вясковым двары, адна з хат у Сталюгах, якую выкупілі гараджане пад дачу.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.