Пожары в Лепельском районе: какова основная причина несчастных случаев?

Пажарны аварыйна-выратавальны пост №11 знаходзіцца ў Бароўцы, у адным з боксаў былой вайсковай часці. Гадоў 20 таму, калі прымалася рашэнне аб адкрыцці яго менавіта тут, галоўным фактарам была блізкасць да дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”, каб у выпадку любога надзвычайнага здарэння выратавальнікі былі побач, адразу прыйшлі на дапамогу. Аднак, на вялікае шчасце, за ўсе гады службы ў “Жамчужыну” наведваліся толькі з прафілактычнымі мэтамі. Ды аднойчы спрацавала пажарная сігналізацыя. Аднак па прыбыцці нічога не было выяўлена, нават задымлення. Магчыма, быў просты збой электронікі.
На момант прыезду карэспандэнта дзяжуства на пасту неслі камандзір аддзялення прапаршчык унутранай службы Андрэй Смаляк і вадзіцель старшына ўнутранай службы Сяргей Папко.
— Распавядзіце крыху пра сябе. Як доўга служыце, ці памятаеце першы пажар, у тушэнні якога прымалі ўдзел?
img_0683— Свой першы выезд ніколі не забуду, ён пакінуў страшнае ўражанне, — расказвае Сяргей Папко. — Гэта было ў 2001 годзе, выклік паступіў з Забароўя. Там гарэла вясковая хата. Пасля тушэння знайшлі труп старой жанчыны, моцна абпалены. Пасля расследавання карціна была адноўлена. Бабуля лягла спаць, накрылася футрам са штучнага матэрыялу, а ў нагах на падлозе паставіла электрычны абагравальнік. Пакуль спала, ёй зрабілася цёпла. У сне жанчына скінула футра на падлогу. Яно трапіла на абагравальнік — вось і пажар. Дзеля справядлівасці скажу, што пажары з чалавечымі ахвярамі вельмі страшныя, жахлівыя.
— Мой першы выезд па трывозе быў не такі драматычны, — кажа Андрэй Смаляк, — адбыўся ў 1995 годзе. Выклік паступіў з вёскі Поплаўкі. Аказалася, што ў хаце было невялікае задымленне. Гаспадары самі паспелі справіцца. Мне ж успамінаецца іншае — пажар 1999 года ў Даліках. Тады ў вёсцы згарэла пяць сядзіб, усяго 25 пабудоў. На шчасце, абышлося без чалавечых ахвяр, але тушэнне зацягнулася да позняй ночы. Ваду падвозілі, чым маглі, малакавозамі, трактарамі з бочкамі.
У распараджэнні паста знаходзяцца дзве пажарныя машыны. Адна на базе ЗіЛ-131, павышанай праходнасці, з’яўляецца асноўнай. Рэзервовая — ЗіЛ-130 — стаіць у суседнім боксе на ўсялякі выпадак, таксама запраўленая палівам, з вадой.
— Якая ў бягучую пару года галоўная пагроза, печкі?
— І гэта таксама, — кажа Андрэй, — аднак самая частая прычына, на мой погляд, — чалавечы фактар, чалавечае глупства, абыякавасць, спадзяванне на авось. Людзі злоўжываюць спіртным, кураць, не ставяцца з належнай увагай да элементарных правілаў бяспекі. Рэгулярна мы абыходзім так званыя праблемныя сем’і, дамы. Чаго толькі там не даводзіцца бачыць!? Адны толькі скруткі чаго вартыя!
— Што за скруткі?
— Электракабелі злучаюць метадам скруткі. Калі іх правільна скруціць і не перавышаць намінальную нагрузку, то гэта надзейнае злучэнне. Часта ж даводзіцца бачыць, як гаспадары ці ўмельцы-самавучкі скруцяць праводку абы-як, потым падключаць такія ж самаробныя ТЭНы, дадуць такую вялікую нагрузку, што ажно іскры адлятаюць. І калі ўказваеш на парушэнне, яны толькі вочы шырока раскрываюць і кажуць: “А што такое?” Не разумею такіх людзей. Рызыкуюць сваім жыццём, жыццём сваіх дзяцей…
Сваё меркаванне дадае Сяргей Папко:
— Самая напружаная для нас пара — красавік-май. Памятаеш, як летась і сёлета бывала? — звяртаецца да калегі. — З раніцы як выязджалі, так позна ўначы вярталіся.
— А ў чым прычына?
— Травяныя палы. Увесну, калі снег сыходзіць і зямля пакрывецца дываном сухой травы, для нас, пажарных, пачынаецца самы напружаны перыяд, пакуль паверх сухой травы не прарасце зялёная, свежая. Тады пачынаецца перыяд узмоцненых дзяжурстваў. Ездзім з канца ў канец, па дарозе толькі паспяваем заправіцца вадой.
— Які парадак дзеянняў пажарных пры загаранні, скажам, вясковага дома?
Адказвае Андрэй Смаляк:
— Пасля паступлення сігнала на пульт дзяжурны накіроўвае машыны да месца загарання. Напрыклад, на пажар у Падсобным выязджаюць па адной машыне з Бароўкі і Каменя і дзве — з Лепеля. Хто прыедзе першы, па рацыі звязваецца з дзяжурным, дакладвае абстаноўку, наколькі моцнае загаранне, якія сілы дастатковыя для яго ліквідацыі. Часта бывае, што досыць адной-дзвюх машын, тады астатнім у дарозе даецца каманда, каб разварочваліся і вярталіся на базу. Спачатку высвятляем, ці ёсць пагроза для жыцця людзей, выводзім іх. Далей трэба прадухіліць пагрозу выбуху, як правіла, гэта газавы балон. Перш чым пачаць ліць ваду, трэба адключыць электразабеспячэнне. І потым ужо заліваем. Усе дзеянні адпрацаваны на трэніроўках і вывераны на рэальных выпадках.
— Ваша прафесія нездарма называецца пажарны-выратавальнік. Ці даводзілася прымяняць веды і навыкі на іншых надзвычайных сітуацыях, скажам, пры дарожна-транспартных здарэннях?
— Па праграме падрыхтоўкі нам давалі веды, інструктавалі, як дзейнічаць пры падобных сітуацыях. Паколькі наш пост знаходзіцца на трасе Мінск — Віцебск, то прадугледжваецца і такі варыянт развіцця падзей. Таму ў камплекце пажарнай машыны ёсць інструменты і прылады для вызвалення людзей з дэфармаваных аўтамабіляў, аказання ім іншай патрэбнай дапамогі. Аднак, на шчасце, да такога на маёй памяці яшчэ не даходзіла. Так, нас выклікалі на загаранні машын, але людзей у іх не было.
— Пра пажарных часта ходзяць байкі, анекдоты: маўляў нават на працу бяруць па спецыяльным конкурсе, хто здольны як мага больш праспаць…
— Так, а яшчэ баюць, што прыязджаюць пажарныя на пажар самі п’яныя і ў машыне няма вады, — падхоплівае жарт Сяргей Папко. — Жарты, байкі і анекдоты патрэбныя, каб часам разрадзіць абстаноўку. Уменне пасмяяцца над самім сабой вельмі дапамагае ў жыцці. І не толькі пажарным.
— Яшчэ чуў, што пажарныя вельмі забабонныя людзі, вераць у прыкметы, маюць талісманы, амулеты…
— Калі служба непасрэдна звязана з небяспекай, чалавек міжволі становіцца забабонным, — разважае Андрэй Смаляк. — Я і сам маю талісман, паказваць не буду, дрэнная прыкмета. Кожны чалавек, які крочыць у агонь, хоча мець акрамя рацыянальных ведаў, уменняў, навыкаў, спецыяльнага абмундзіравання яшчэ і нерацыяльньную, нерастлумачальную дапамогу. Можа яна стане той невялікай часцінкай, якая акажацца вырашальнай у цяжкую хвіліну. Гэта можа быць што заўгодна. Можа быць рэч, а можа і чалавек. Напрыклад, я пастаянна служу з Сяргеем. Дзяжурствы, як правіла, праходзяць спакойна. Неяк Сяргей пайшоў у водпуск, мне далі іншага вадзіцеля. Гэта было нешта нерастлумачальнае: што ні дзяжурства, то абавязкова выклік, пажар. Здаецца, неблагі пажарны, кваліфікаваны вадзіцель, добры таварыш, які заўсёды прыйдзе на дапамогу, але… Нібыта злы рок. Не мог дачакацца вяртання напарніка.
— Дзякую за гутарку, жадаю вам спакойнай службы і сухіх рукавоў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Сяргей Папко і Андрэй Смаляк ля сваёй дзяжурнай машыны.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.