Першы ўрок — не ў залік?

Навучэнец аграрна-тэхнічнага каледжа мае аўтамабіль ВАЗ-21013. Пра машыну сваю клапоціцца, паставіў у яе сучасную акустычную сістэму. Літаральна на паўгадзіны пакінуў яе на тэрыторыі майстэрняў. Зладзюжка, напэўна, падпільноўваў гэты зручны момант, падабраў ключ і залез у аўто. Украсці, магчыма, і не хацеў, аднак сцягнуў сабвуфер — важны элемент акустычнай сістэмы. Міліцыянеры выявілі, што да крадзяжу мае прамое дачыненне непрацуючы лепяльчанін 1997 года нара­джэння. Украдзенае вярнулі.

Аднак першы ўрок для клептамана не пайшоў на карысць. Літаральна праз тыдзень ён знайшоў сабе хаўрусніка, лепяльчаніна 1995 года нара­джэння, таксама непрацуючага. На гэты раз паспрабавалі пажывіцца на гарадскім рынку. Увечары ўзламалі замкі на адным з ралетаў, вынеслі куртак, джынсаў і іншага тавару на 43 мільёны рублёў.

Для пошуку і затрымання злодзеяў акрамя аператыўнікаў з аддзялення крымінальнага вышуку былі задзейнічаны міліцыянер-кінолаг і службовы сабака. Абодвух падазроных затрымалі, украдзенае вярнулі, зараз праводзяцца следчыя дзеянні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.