Первая попытка изгнать гитлеровцев с Пышно была летом 1942 года

0_e95da_8bce0afc_xl З самага пачатку шырокага разгортвання партызанскага руху на Лепельшчыне народныя мсціўцы ставілі перад сабой як першачарговую задачу: выбіць немцаў з Пышна і ўстанавіць там свой гарнізон. Гэтым дасягаліся адразу тры мэты: будзе перарэзана важная дарога Лепель — Беразіно — Докшыцы, паралізавана дзейнасць чыгуначнай вузкакалейкі Лепель — Параф’янава, ды і вядомае з глыбокай старажытнасці буйное мястэчка стане своеасаблівым фарпостам партызанскага краю.
Першая спроба выгнаць гітлераўцаў з Пышна была зроблена яшчэ летам 1942 года. Тады лясныя салдаты нечакана для ворага напалі на гарнізон, знішчылі паўтара дзясятка фашыстаў. З кастрычніка партызаны блакіравалі жвіроўку, якая вяла з Лепеля ў Пышна, таму гітлераўцам з вялікай цяжкасцю даводзілася дастаўляць у свой гарнізон, размешчаны ў населеным пункце, прадукты і боепрыпасы.
Аднойчы ў засадзе на ўскрайку лесу паабапал дарогі ў ваколіцах вёскі Студзёнка размясціўся трэці атрад партызанскай брыгады “Дубава”. Цяжкія цёмна-сінія хмары стаялі над лесам. Дажджу не было, аднак асенні холад прабіраў да касцей. Партызаны ляжалі і чакалі ворага. Хвілін праз сорак удалечыні паказаўся доўгі абоз з конскіх павозак.
— Зброю да бою! — скамандаваў камандзір атрада.
Усе падрыхтаваліся. Спераду абоза ішлі ланцугом каля дваццаці немцаў, якія ўважліва паглядалі па баках. Вось яны параўняліся з левым флангам засады. Затрашчэлі кулямёты і аўтаматы, і большасць фашыстаў, быццам трава пад касой, пападалі на шашу. З пісталетам у руцэ першым падбег да адной з павозак Канстанцін Яско, а за ім — Аляксей Жукоўскі. У кювеце непадалёк ляжаў фашыст. Яско выстраліў, параніўшы яго ў руку. Афіцэр выхапіў з кабуры пісталет і прыцэліўся ў Яско. Асечка. Яско з кінжалам у руцэ кінуўся на немца. Але той аказаўся не са слабых, выбіў кінжал з рукі Яско і падмяў яго пад сябе. Яшчэ момант — і ў руцэ гітлераўца бліснуў занесены над галавой партызана востры кінжал. Аднак побач узнік Аляксей Жукоўскі. Ён схапіў афіцэра за валасы і кінуў яго на зямлю. Яско дабіў фашыста.
Смела павялі сябе ў гэтым баі Аляксандр Шаўчэнка, Мікалай Самусь, Барыс Чэклін. Прынамсі, Барыс Чэклін, будучы паранены ў нагу, не пакінуў поле бою. Тады да яго падбегла медыцынская сястра і сілай прымусіла яго спусціцца за пагорак, каб зрабіць перавязку.
Засада аказалася выніковай. Немцы згубілі забітымі 19 чалавек. Партызаны ўзялі вялікія трафеі: два кулямёты, дзесяць вінтовак, адзін аўтамат і шэсць павозак з прадуктамі. Нямецкі абоз да Пышна не дайшоў, як, дарэчы, і ў іншыя разы.
Цяпер партызаны пачалі нападаць на Пышна амаль кожную ноч. Абстрэльвалі вёску з гарматы. Падпаўзалі і закідвалі гранатамі фашысцкія агнявыя кропкі. Не вытрымалі такога напружання немцы і пасля чарговай паспяховай атакі народных мсціўцаў вымушаны былі збегчы ў Лепель.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.