Первая запись была составлена 5 августа 1944 г

100Напярэдадні юбілею мы пагутарылі з начальнікам аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Лепельскага райвыканкама Аленай Бельскай.

— Алена Канстанцінаўна, чаму менавіта гэтая дата стала пачаткам адліку?
— Каб адказаць на гэта пытанне, звернемся да гісторыі. З 1722 года, калі Пётр І устанавіў абавязковую рэгістрацыю нараджэння праваслаўнага насельніцтва, і да Кастрычніцкай рэвалюцыі запісы актаў грамадзянскага стану праходзілі ў царкве. Усе звесткі запісваліся ў спецыяльную кнігу, якая называлася метрычнай. Пасведчанне аб нараджэнні часам і зараз называюць метрыкамі. 18 снежня 1917 г. быў прыняты дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і вядзенні кніг актаў стану”. Быў скасаваны стары парадак шлюбна-сямейных стасункаў і сфарміраваны новы орган — аддзел запісаў актаў грамадзянскага стану.
— А як было на Лепельшчыне?
— На жаль, не засталося дакументаў — сведак тых гадоў. У час Вялікай Айчыннай вайны амаль увесь архіў быў знішчаны. Удалося выратаваць толькі невялікую частку дакументаў за 1924-1925 гг., а таксама 1928-1929 гг. Самыя старыя кнігі, што захаваліся, — аб нараджэнні за 1924 год — Лепельскага і Несінскага валвыканкамаў тагачаснага Бачэйкаўскага павета. Лепель на той момант адносіўся да РСФСР, таму ўсе запісы рабіліся на рускай мове, аднак літаральна праз некалькі месяцаў, вясной 1924 года, адбылося ўзбуйненне тэрыторыі Беларусі, у выніку якога Лепельшчына была ўключана ў склад БССР.
— Як выглядала ў той час дэмаграфічная карціна?
— Тое, што дзяцей у лепельскіх сем’ях было шмат, пацвярджаецца запісамі актаў аб нараджэнні тых гадоў: на 20 кастрычніка 1924 года ў Лепельскім валвыканкаме было зарэгістравана 709 дзяцей (у 1927 годзе колькасць насельніцтва воласці складала 4765 чалавек), а ў Несінскай воласці 8 жніўня 1924 года зарэгістравалі 478 дзяцей (агульная колькасць насельніцтва воласці ў 1927 годзе склала 3095 чалавек). У сярэднім на пяць тысяч жыхароў прыпадала прыкладна тысяча дзяцей.
І жаніліся таксама актыўна. На 2 жніўня 1924 года ў Несінскім валвыканкаме быў зарэгістраваны сто пяцьдзясят другі шлюб. Нярэдка жаніліся саракагадовыя і старэйшыя. А вось разводзіліся значна радзей. У Лепельскім гарсавеце ў 1925 годзе скасавалі шлюб толькі дзесяць пар (у 1927 годзе ў Лепелі было каля сямі тысяч жыхароў).
У дваццаць восьмым-дваццаць дзявятым гадах, у адрозненне ад дваццаць чацвёртага-дваццаць пятага, запісы ўжо вяліся на беларускай мове, а штампы дубліраваліся таксама і на польскай.
— А што было ў вайну?
— У час Вялікай Айчыннай вайны ўлік нараджэнняў, смерцяў і шлюбаў не вёўся, аднак адразу ж пасля вызвалення Лепельшчыны органы загса прыступілі да сваіх абавязкаў. Першы запіс быў складзены 5 жніўня 1944 года. Ён сведчыў пра нараджэнне сына ў бухгалтара райвыканкама. Бацьку было трыццаць, маці дваццаць чатыры гады. Першымі, хто ўступіў у шлюб пасля вызвалення Лепельшчыны, былі трыццаціаднагадовы інжынер-механік Чашніцкага райпрамкамбіната і дваццацідзевяцігадовая машыністка з Лепеля. Днём нараджэння гэтай сям’і стала 19 верасня 1944 г. Акрамя прыемных падзей у актавых запісах ёсць і трагічныя моманты. Воранскім сельсаветам 8 верасня 1944 г. зарэгістравана смерць дваццацічатырохгадовай настаўніцы і двух вучняў дзевяці і адзінаццаці гадоў. У графе “прычына смерці” напісана: “Ехалі па дарозе ў лесе ля в. Забароўе і ўз’ехалі на міну, дзе і былі разарваны на часткі”.
— Быў час, калі працавалі два загсы?
— Так, гарадскі і раённы, — з семдзесят шостага па восемдзесят дзявяты год. А ў дзевяностым былі аб’яднаны ў адзін гарадскі.
— Хто працаваў у загсе?
— Практычна з дня ўтварэння гарадскога загса і на працягу трыццаці гадоў кіравала тут Аляксандра Цобанава. Дагэтуль Аляксандра Іванаўна працавала настаўніцай рускай мовы ў сельскай школе. Асобнай залы для правядзення ўрачыстай рэгістрацыі ў той час не было. Кабінет аддзела загса знаходзіўся ў будынку райвыканкама, а цырымоніі праходзілі ў РДК. І толькі ў 1991 годзе нам перадалі памяшканне былога райкама камсамола. У сямідзясятыя гады запісы рабіліся ручкай з пяром. На рэгістрацыю шлюба запрашалі дэпутата раённага Савета, які віншаваў маладых. А ў гады перабудовы аддзел загса выдаваў яшчэ і талоны на пярсцёнкі, гарэлку, туфлі, дзіцячыя рэчы. Пасля аб’яднання Аляксандра Цобанава працавала разам з Рэгінай Васюковіч, якая загадвала ў той час раённым аддзелам загса.
— Як выглядае сучасны загс?
— Працуем усё ў тым жа памяшканні былога райкама камсамола. Мне дапамагае галоўны спецыяліст Вікторыя Васільеўна Пшонка. Ведаеце, работніку загса часам даводзіцца быць не толькі “вясельным распарадчыкам”, але і рэжысёрам, і артыстам, і псіхолагам, і юрыстам у адной асобе. Рэгіструем нараджэнні і смерці, устанаўленне бацькоўства, усынаўленне, змену прозвішча, імя, імя па-бацьку, узнаўляем і аналізуем запісы актаў грамадзянскага стану, выдаём розныя даведкі. А ў вёсцы функцыі органаў загса выконваюць кіраўнікі справамі сельскіх выканаўчых камітэтаў. Праўда, у іх паўнамоцтваў крыху меней. Напярэдадні свята хочацца павіншаваць усіх работнікаў і ветэранаў загса, пажадаць аптымізму, шчасця, здароўя.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымку: начальнік аддзела загса райвыканкама Алена Бельская і галоўны спецыяліст Вікторыя Пшонка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.