Первое место в Европе

dsc_0039За акном кастрычнік. У такую пару рэдка бывае добрае надвор’е. У секцыях па байдарках і каноэ скончыўся сезон. Хоць, як кажуць трэнеры, сезон у іх не канчаецца і зімой. Проста відазмяняюцца трэніроўкі.
Установа «Віцебская абласная СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ «Альбатрос» мае структурныя падраздзяленні. Адно з іх знаходзіцца ў Лепельскім раёне, дзе працуе зладжаны трэнерскі састаў: Дзмітрый Юшкевіч, Аляксандр Аношка, Валерый Харкевіч, Міхаіл Гінтофт, Яўген Кафанаў і Сяргей Новікаў. Гутарым з інструктарам-метадыстам установы Інай Харкевіч.
— З якімі вынікамі скончылі сезон на вадзе?
— Закрыццё сезона адзначылася адкрытым першынством СДЮШАР «Альбатрос». Праводзіліся мерапрыемствы ў Лепелі, бо гэта ўладкаванае месца для правядзення такіх спаборніцтваў. У Лепелі ціхая, спакойная вада з раўнамернымі глыбінямі, раўназначна для ўсіх вызначаюцца дарожкі.
Удзельнічалі каманды з Лепеля, Віцебска, Новалукомля, Наваполацка, в. Бароўка (Лепельскі раён). Былі запрошаны каманды з Оршы, Полацка, Мазыра, але ў сувязі з правядзеннем унутраных спаборніцтваў не змаглі прыняць удзел.
Першае месца на дыстанцыі 1000 метраў на каноэ-адзіночцы заняў Уладзіслаў Касцюковіч, другое месца на гэтай жа дыстанцыі — Даніла Палонскі. Сярод дзяўчат першае месца на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 1000 метраў заняла Анастасія Баранава. На дыстанцыі 500 метраў на байдарцы-адзіночцы другое месца ў Ільі Казачкіна, трэцяе месца — у Цімура Аксяновіча. На каноэ-адзіночцы на гэтай жа дыстанцыі другое месца заняў Павел Краўцоў, трэцяе месца — Арцём Конеў. Сярод дзяўчат другое месца на дыстанцыі 500 метраў на байдарцы-адзіночцы заняла Аляўціна Шыршова (в. Бароўка).
— Летам, вядома, заняткі праводзяцца на прыродзе, на свежым паветры. Чым жа займаюцца дзеці ў зімовы перыяд?
— Падрыхтоўчы сезон — з першага кастрычніка па першага красавіка. Сюды ўваходзяць агульнафізічная падрыхтоўка, якая ўключае ў сябе лыжы, цяжкую атлетыку (набор практыкаванняў на развіццё якасцяў весляра), крос, агульнаўмацавальныя практыкаванні. Са снежня па сакавік уключна арандуем спартыўную залу і праводзім гульнявую трэніроўку, дзе перавага аддаецца баскетболу, а таксама футболу. У канцы студзеня — пачатку лютага праводзім тэставыя спаборніцтвы па агульнафізічнай падрыхтоўцы. Праходзяць яны на месцах, на вяслярных базах.
— Ці займаюцца дзеці падчас канікулаў?
— У восеньскія і вясновыя канікулы ў абавязковым парадку праводзім спартыўныя аздараўленчыя лагеры. Вучэбна-трэніровачныя заняткі праходзяць на вяслярных базах, харчаванне — на пляцоўках агульнаадукацыйных школ. Апошні час — у СШ №3, за што вялікі дзякуй дырэктару Аляксандру Бруцкаму-Сцямпкоўскаму.
— Напэўна, за гэты перыяд трэба падрыхтаваць і плаўсродкі. Хто гэтым займаецца?
— Абнаўляецца парк вяслярных судоў, набываюцца выратавальныя камізэлькі, вёслы. Ну і, вядома, цэлы год робіцца рамонт лодак, вёслаў. Ёсць у штаце механік па тэхнічных відах спорту.
Хочацца адзначыць, што ў сезоне-2018 яркай зорачкай у Лепельскім раёне стаў Ілья Палонскі (трэнер Дзмітрый Юшкевіч). Ён на ІV Еўрапейскіх студэнцкіх гульнях, якія праходзілі ў Партугаліі, заняў першае месца на каноэ-адзіночцы на дыстанцыі 1000 метраў. Cтаў чэмпіёнам і быў адабраны ў зборную каманду Беларусі ў класе судоў каноэ-адзіночкі на дыстанцыі 5000 метраў на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь, які праходзіў у Брэсце. Чэмпіянат міру праходзіў у Партугаліі, дзе заняў дзясятае месца. Барацьба была вострая, бо там быў сабраны ўвесь зорны склад сусветнай рэгаты.
Ілья ў сезоне-2018 знаходзіцца ў складзе Нацыянальнай каманды — пераменны склад, каноэ (мужчыны).
У гэтым годзе спартсменамі-навучэнцамі Лепеля і Лепельскага раёна, в. Бароўка, выканана сем першых спартыўных разрадаў. Майстрам спорту Рэспублікі Беларусь стаў Уладзіслаў Волах.
У гэтым сезоне паступілі ў вышэйшае звяно трое навучэнцаў Лепеля і Лепельскага раёна: Дзмітрый Баранкоў і Ганна Арбузава (з Бароўкі) — ва УА «Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву», Крысціна Грамыка з Бароўкі — ва УА «Гомельскае вучылішча алімпійскага рэзерву».
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.