Плавал по Черному морю на ледокольном буксире

partreta-shunaАнатоль Шуневіч. Хто ж ён такі? Марак. Аграном. Бацька чатырох сыноў. Цікавы субяседнік. Шчыры беларус. Іншыя адкрыта грэбуюць роднай моваю і лічуць гэта прымальным і натуральным, хоць завуцца беларусамі. А па Шуневічу звацца беларусам — значыць быць ім.

Хто ён такі — Анатоль Восіпавіч? Давайце ж забяжым у дзяцінства і юнацтва гэтага чалавека, каб зразумець яго неспакойную, штурмавую натуру.
Шуневічы жылі на хутарах, на астравах. Сем’і ў іх былі вялікія. Анатолеў дзядуля, па бацьку, быў ляснічым, шасцёра дзяцей меў, рана памёр — у трыццаць восем гадоў. Матчыны ж бацькі жылі на хутары Паўлава (мясцовая назва Барок) ля Барсукоў. Прозвішча мелі Цяліца. Былі са збяднелай шляхты. Калісьці Шуневічы былі высланыя і знайшлі прыстанак на захадзе Беларусі, у вёсцы, якая так і называлася — Шуневічы. Там і прыжыліся.
Бацькі Анатоля — звычайныя вясковыя людзі. Жылі ў Валовай Гары, дзе хлопчык і нарадзіўся. Бацька быў егерам у запаведніку, а маці ў калгасе працавала пасля калектывізацыі. Мусілі здаць у калгас усю гаспадарку, засталіся фактычна ні з чым. Добра, у бацькі пастаянная зарплата была, а ў сям’і гадавалася ўсяго адно дзіця.
На пачатку вайны бацьку накіравалі ў школу кулямётчыкаў у Падмаскоўе. Затым ён абараняў Маскву. Абаронцы сталіцы доўга на фронце не ваявалі. Большасць з іх альбо палеглі ў першых жа баях, альбо былі цяжка паранены, фактычна скалечаны і ўжо ў шэрагі байцоў не вярнуліся. Так здарылася і з кулямётчыкам Восіпам Шуневічам. Стаялі такія маразы, што замярзала тэхніка. Падраздзяленне, дзе ён ваяваў, за дзень адбіла восем варожых атак. Раптам міна разарвалася наперадзе, кулямёт ушчэнт разнесла, а яго самога зрашэціла асколкамі. Адвезлі ў шпіталь у Маскву, а затым накіравалі ў Тамбоў. Жыў, праўда, Восіп яшчэ доўга, пакуль акурат на месцы раны не ўтварылася пухліна. Памёр у семдзесят другім годзе.
-2-
Добра памятае Толік ваенныя гады, хоць нарадзіўся ў саракавым. Усё бацьку казаў, што хоча боцікі, гармонік і цукерку. Бацька яму, малому, шапку-вушанку падарыў і наказваў зберагчы. Не збярог. Дзядзька, матчын брат, які ваяваў кулямётчыкам у атрадзе Кірпіча, выцыганіў у малога шапку, памяняў на будзёнаўку. З-за тае будзёнаўкі хлопчык ледзьве не загінуў. Заходзяць у хату двое немцаў, шапку з зоркай убачылі. А маці сарвала шапку і ў чалеснік закінула. Затым у падпечак палезла. Там курка сядзела, якая штодня несла па яечку. Чатыры яйкі дастала, немцам дала. Тыя задаволеныя выйшлі з хаты.
Вайну перажылі ў лясных буданах. Пасля вайны Толік вучыўся чатыры класы ў Бярэзінскай школе, у Барсуках. Сямігодку заканчваў у Окане. Хадзілі штодня восем кіламетраў пешшу. Зімой пастаяльцамі жылі ў Окане — з сястрою стрыечнай. Бохан хлеба на дваіх, вядро бульбы і шматок сала з далонь — іх тыднёвы рацыён. Пасля сямігодкі пайшоў у Слабаду, а на ногі не было чаго абуць, так дзесяць класаў і не скончыў.
А з трынаццаці гадоў ужо ў калгас пайшоў, яшчэ падпрацоўваў у леспрамгасе маркіроўшчыкам: замяраў таўшчыню бярвёнаў і падпісваў кожнае. Зарабляў рублёў чатырыста. Калі шаснаццаць споўнілася, загадалі ісці ў калгас. А там не плацілі нічога. Добра, карова была, ягады ды грыбы выручалі. Перажылі. А пашпарта не давалі. І даведкі не давалі таксама, каб з’ехаць у горад.
-3-
Армія. Балтыйскі флот. Адслужыў чатыры гады — з пяцьдзясят дзявятага па шэсцьдзясят трэці. Дзедаўшчыны не было, але старэйшых паважалі. Стаяў на манеўровым клапане. Даваў ход эскадраваму мінаносцу “Сокрушительный”. З Ракасоўскім за руку павітаўся. Той быў з імі аднойчы ў паходзе. Даводзілася плаваць і ў дзесяцібальны шторм. Нічога не палохала. Апошнія гады службы правёў у Кранштаце.
Пасля службы ўжо з вёскі было вырвацца лягчэй. Атрымаў пашпарт і плаваў па Чорным моры на ледакольным буксіры. У Адэсе ў вячэрняй школе закончыў нарэшце дзесяць класаў. Жаніўся. Два гады плаваў, пасля пакінуў мора. Працаваў Анатоль Восіпавіч у Адэсе — у абласным упраўленні сельскай гаспадаркі, у сельскагаспадарчым інстытуце, эканамістам у прыгараднай гаспадарцы, пасля рэктар зноў запрасіў на працу старшым навуковым супрацоўнікам у праблемную лабараторыю.
Можа, так і застаўся б у Адэсе, але сэрца падвяло — і ўрачы парэкамендавалі той клімат, у якім нарадзіўся. А жонка з Адэсы з ім не паехала. Так і засталіся там трое сыноў. Руслан зараз у Галандыі працуе. Алег з Андрэем — журналісты. Праўда, Андрэй пасля сыходу з газеты, дзе быў фотакорам, падаўся ў электрыкі. А вось Алег да гэтага часу ў прафесіі, прычым у розных краінах працуе, з “гарачых кропак” рэпартажы робіць.
Вярнуўся Анатоль Восіпавіч дадому, пакінуўшы той сям’і ў Адэсе добры дом. На той час маці ўжо ў Лепелі на Пясчанцы хаціну набыла. Дома ажаніўся другі раз. Ад другога шлюбу сына мае. Трэнерам працуе сын Анатоль. І тут, на Лепельшчыне, шмат дзе давялося папрацаваць — і ў РАПО, і ў СПТВ, дзе кіраваў гаспадаркай, выкладаў агранамію, быў майстрам вытворчага навучання, на сортавыпрабавальнай станцыі, якая ў той час падпарадкоўвалася Мінску, на сортаўчастку. Магчыма, хтосьці назаве няўжыўчывым, легкадумным-легкакрылым. Назаве той, хто не ведае Шуневіча. Я ж скажу па-іншаму — праўдалюб. Век праўды шукаў, абвостранае пачуццё справядлівасці мае. Так, характарам цвёрды, як той арэшак, бескампрамісны. Дзе іншы змаўчаў бы, Анатоль Восіпавіч маўчаць не стане. Прызнацца, мне такія людзі даспадобы.
-4-
Хата цяперашняя дасталася жонцы ў спадчыну. Сам дабудаваў, да ладу давёў. Калі спатрэбіліся грошы — сын у Акадэміі кіравання платна вучыўся, — не задумваючыся, зарэгістраваўся прыватным прадпрымальнікам і пайшоў на рынак. Нават калі ўжо гады прыспешваюць і здароўе сур’ёзна падводзіць, па-ранейшаму застаецца самаахвярным. Не пра сябе, пра іншых думае. Агародзік невялікі ля хаты, яблынькі маладыя, парнічкі. Гаспадар, селянін жа патомны. Са сваёю Алай Пятроўнай у згодзе жывуць — вось табе і няўжыўчывы!
Шуневіч гаворыць па-беларуску і ганарыцца гэтым. Што чалавеку трэба? Быць ідэнтычным, самавітым. Каб зямля родная карміла, каб мова родная гаіла душэўныя раны, каб дзеці бацькам звалі. Каб Радзімы не цураўся, не саромеўся, род свой помніў і доўжыў годна. Усяго гэтага дасягнуў Анатоль Шуневіч. І хто скажа, што ён нешчаслівы?!
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Анатоль Восіпавіч Шуневіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.