Племянная справа

cowsПра племянную справу ў гаспадарках раёна гутарым з дырэктарам філіяла “Лепельская племстанцыя” РУП “Віцебскае племпрадпрыемства” Святланай Ганчар.
— Святлана Мікалаеўна, колькі на сёння ў сельгас­арганізацыях Лепельшчыны гадуецца дойных кароў і якіх парод?
— Па апошніх звестках у гаспадарках раёна ўтрымліваюцца 6504 дойныя каровы. На Лепельшчыне доўгія гады разводзілася чорна-пярэстая парода, характэрная для ўсёй поўначы Беларусі. У 2006 — 2007 гадах быў узяты курс на галшцінізацыю малочнага статка. Гэта значыць, што пасля даследаванняў найбольш перспектыўнай для вывя­дзення на Віцебшчыне была прызнана галшцінская парода кароў. Яны вызначаюцца крыху большымі памерамі, чым чорна-пярэстыя каровы, і значна большай прадукцыйнасцю. Аднак зразумела, што ў адзін момант усё пагалоўе­ буйной рагатай жывёлы памяняць немагчыма, гэта справа распланоўваецца на гады. Увогуле хачу сказаць, што племянная справа — гэта не вынік, а працэс, якім трэба займацца пастаянна, планамерна. На сёння каровы на фермах у значнай ступені галшцінізаваныя. Спецыялісты племстанцыі рэгулярна вядуць кантроль за працэсам абсемянення кароў, за семянным матэрыялам, які паступае, каб не дапускаць роднаснага перакрыжавання і ў той жа час атрымаць здаровае, высокапрадукцыйнае патомства. Для абсемянення кароў выкарыстоўваецца семянны матэрыял пародзістых бычкоў, атрыманых у сваю чаргу ад правераных кароў і бычкоў. А для абсемянення цялушак выкарыстоўваюцца бычкі. Іх гаспадаркі набываюць самастойна. Такіх бычкоў, напрыклад, прапануе Аршанскае племпрадпрыемства. Аднак і пры гэтым варта весці племянны ўлік, каб пазбегнуць блізкароднасных перакрыжаванняў.
— А чым яны могуць пагражаць?
— Пры такіх перакрыжаваннях, як правіла, малы працэнт атрымання цялятаў, патомства атрымліваецца слабае, хваравітае. Частыя і генныя мутацыі. У выніку можам атрымаць прамое выраджэнне статка.
— Якімі яшчэ лічбамі характарызуецца праца асемянатараў?
— Самы галоўны паказчык — працэнт атрымання цялятаў. За дзесяць месяцаў бягучага года на кожныя сто абсемянёных кароў атрыманы па 80 цялятаў, што на шэсць цялятаў больш за адпаведны леташні перыяд. Гэта ўстойлівы сярэдні паказчык. Вядома, ёсць і гаспадаркі-лідары, такія як СВФ “Заазер’е”, там выдатна працуюць асемянатары Віктар Шаршнёў і Марына Кавалевіч. У СВП “Пражэктар” з племянной справай выдатна спраўляецца Вольга Стажык, неблагія вынікі дае Ірына Шумаева з ААТ “Лядна”.
Усяго за дзесяць месяцаў атрымана 5879 цялятаў, што на 610 больш за леташні перыяд. З іх 2862 цялушкі, яны з цягам часу папоўняць дойны статак, прыйдуць на замену старым, выбракаваным каровам. Астатнія 3017 — бычкі, яны накіраваныя на адкорм для далейшай здачы на мяса.
— У апошняй раённай зводцы па вытворчасці малака ўказаны надоі на карову па 10 — 10,5 кілаграма за суткі, СВП “Пражэктар” і СВФ “Заазер’е” могуць пахваліцца ўдоямі каля 14 кілаграмаў. Пры галшцінізацыі дойнага статка якія павінны быць паказчыкі?
— Спачатку дазвольце патлумачыць статыстыку. У яе ўключаюцца ўсе каровы, якія ўтрымліваюцца на ферме. Напрыклад, з фермы, дзе ўтрымліваюцца 200 кароў, надойваецца за суткі дзве тысячы кілаграмаў малака. У сярэднім выходзіць па дзесяць кілаграмаў на карову. Аднак з гэтых дзвюхсот кароў 80 — у запуску, гэта значыць не дояцца, а ў статыстыку ўключаюцца. Калі раздзяліць дзве тоны малака на 120 кароў, атрымаем па 16,5 кілаграма малака на карову. А галшцінскія высокапрадукцыйныя каровы могуць даваць да 20 і больш кілаграмаў малака за суткі. Так што поле для працы нашым ветэрынарам, заатэхнікам і асемянатарам вельмі вялікае.
— А якія фактары, на ваш погляд, стрымліваюць павышэнне прадукцыйнасці дойнага статка?
— Нізкі ўзровень адказнасці некаторых працаўнікоў фермаў. Не сакрэт, што часта з-за злоўжывання спіртным яны элементарна “забываюць” накарміць кароў. Якія пры такім стаўленні да працы могуць быць надоі і прывагі? Аднак там, дзе праца пастаўлена на высокі ўзровень, у тым жа самым СВП “Пражэктар”, людзі ставяцца да даручанай справы адказна, атрымліваюць высокія вынікі.
Васіль
МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.