Плынь лепельскай чыстай вады

khramy-vody-1 Пра перспектывы далейшай рэалізацыі праграмы “Чыстая вада” гутарым з начальнікам аддзела ЖКГ райвыканкама Мікалаем Пшонкам.

— Мікалай Мікалаевіч, з увядзеннем у строй другой лініі ад стайскага водазабору амаль увесь горад забяспечаны якаснай пітной вадой.

— Так, амаль увесь, за выключэннем, так бы мовіць, зарэчча — мікрараёна за ракой Улай. Сёлета была праведзена маштабная работа, быў пракладзены трубаправод, падведзена другая нітка, што дазволіла падключыць так званыя прамысловыя кварталы — малочнакансервавага камбіната, лясгаса, меліярацыі, сельгастэхнікі. Палепшылася водазабеспячэнне і саміх прамысловых прадпрыемстваў. А іх патрэбы не маленькія. Напрыклад, МКК у асобныя дні спажывае да тысячы кубаметраў вады.

Важным плюсам стала выкарыстанне поліэтыленавых труб. Напомню, што адной з прычын прыняцця і рэалізацыі праграмы “Чыстая вада” было занадта вялікае ўтрыманне жалеза ў вадзе з тагачаснага водазабору. Да прыроднай колькасці дадавалася жалеза, якое вы­дзялялася са сценак металічных трубаправодаў. Новыя трубаправоды — полі­этыленавыя. Яны гарантуюць непападанне жалеза. Да таго ж, новыя трубы больш даўгавечныя за старыя.

— Аднак за апошнія дні ў кватэрах з кранаў некалькі разоў лілася вельмі брудная вада з іржой, паступалі скаргі…

— Гэта тлумачыцца дзвюма прычынамі. Першыя нязручнасці былі дапушчаны пасля будаўніцтва і ўвядзення ў эксплуатацыю новай ніткі. Падключэнне новых ліній заўсёды суправаджаецца падобнымі казусамі — пакуль новыя трубаправоды прамыюцца, запоўняцца вадой. Непазбежныя і перапады ціску, якія падымаюць старыя асадкі, рэшткі з труб.

У другім выпадку забруджванне вады было звязана з пераходам на эксплуатацыю ва ўмовах зімовага сезона. Трубы прамываліся, натуральна, што ржа часам выцякала з кранаў. Зараз уся водаправодная сетка працуе ў штатным рэжыме. Аварыі, якія ўзнікаюць, ліквідуюцца сіламі дзяжурных рамонтных брыгад.

— Якія планы па далейшым развіцці водаправоднай сеткі горада?

— Наступны этап — падача чыстай вады ў кварталы за Улай.

— Аднак водная перашкода…

— Не перашкода. Сёння існуюць і актыўна выкарыстоўваюцца тэхналогіі пераадолення водных перашкод. Трубу дыяметрам 150 міліметраў пракладуць пад зямлёй, пад рэчышчам. Гэтымі работамі займаюцца, наколькі ведаю, мінскія кампаніі, яны валодаюць абсталяваннем, тэхналогіямі, маюць ліцэнзіі. А ўсяго ад ко­лішняй нарыхтоўчай канторы райспажыўтаварыства да бальніцы трэба будзе пракласці 1,5 кіламетра трубаправоду. Калі ўсё будзе добра і фінансаванне будзе бесперабойным, то да канца наступнага года кварталы раённай бальніцы, шпіталя, раёна электрасетак, Бяленіцы, цагельнага завода, Зялёнкі будуць падключаны да чыстай вады.

Ну і трэба будзе дэмантаваць невыкарыстоўваемую воданапорную вежу на прывакзальнай плошчы. Вежа не мае гісторыка-культурнай каштоўнасці, некалькі год стаіць закансерваваная.

— З падключэннем новых спажыўцоў ці хопіць магутнасцяў стайскага водазабору?

— Хопіць. Мы рабілі папярэднія падлікі яшчэ некалькі гадоў таму, калі толькі пачыналі свідраваць зямлю ў Стаях. Існуючых свідравін дастаткова, каб забяспечыць шматкватэрныя дамы, прыватны сектар і прамысловыя прадпрыемствы. Аднак, калі дазволяць сродкі, хочам зрабіць запас, задзел на будучыню і прабіць яшчэ адну, рэзервную, свідравіну. Калі за плячыма маеш запас, адчуваеш сябе больш упэўнена.

— Вы правільна сказалі, “калі дазволяць сродкі”. Наколькі ўпамянутыя праекты забяспечаны фінансаваннем?

— Пры планаванні бюджэту раёна на наступны год і планаванні работ па праграме “Чыстая вада” прадугледжваецца парытэтнае фінансаванне: з раённага бюджэту плануецца выдзеліць палову сродкаў, другую палову — з абласнога. Пакуль што закладзена пяць мільярдаў рублёў, патрэбна яшчэ каля 2,3 мільярда.

Гутарыў

Васіль МАТЫРКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.