Плён працы хлебароба

IMG_4518Уборачная кампанія падыходзіць да завяршэння, ёсць магчымасць падвесці папярэднія вынікі, правесці аналіз, скласці планы на бліжэйшы час і больш аддаленую перспектыву.
У цяперашні час у раёне збажына зжата больш, чым з 90 працэнтаў плошчаў, а дакладней, з 94,7%. З 13831 гектара зерневых убрана 13096. Валавы намалот складае 33525 тон, сярэдняя ўра­джайнасць — 25,6 цэнтнера з гектара.
Пачынаючы з мінулага года, земляробы папрацавалі добра. У хуткім часе пасля завяршэння леташняга жніва на палеткі выехалі трактары, аснашчаныя плугамі і іншай глебаапрацоўчай тэхнікай, пачалася пасяўная кампанія. Даволі шмат было пасеяна азімага рапсу, а таксама зерневых культур. Варта зазначыць, што сёлета аграрыі ў азімых пасевах павялічылі долю жыта. Гэта традыцыйная для Лепельшчыны культура, аптымальна падыходзіць па глебава-кліматычных умовах.
Зіма сёлета выдалася нязвыклая. Многія памятаюць адлігу, якая трымалася амаль два месяцы, а потым былі 25-градусныя маразы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што на палях было вельмі мала снегу, вышыня покрыва вагалася ад двух да дзесяці сантыметраў. Маласнежнасць самым адмоўным чынам адбілася на стане парасткаў азімага рапсу, да паловы палёў, а ў некаторых гаспадарках і цалкам, давялося перасяваць. Зерневыя ж культуры выйшлі з зімы з мінімальнымі стратамі.
Увесну пасяўная кампанія пачалася надзвычай рана, бо палі былі амаль свабодныя ад снегу, глеба даволі хутка падсохла і магла трымаць тэхніку. І тут зноў перавагу атрымалі тыя гаспадары, якія бездакорна выконвалі тэхналагічныя патрабаванні.
Хутка, у справах і клопатах праляцелі сонечны і спякотны май, насычаны дажджамі чэрвень. У ліпені, нарэшце, усталявалася цёплае сонечнае над­вор’е, а ў час жніва наступіла сапраўдная спёка. Уборачная пара выдалася гарачай як у прамым, так і ў пераносным сэнсах. У першыя дні жніўня метэастанцыяй былі зафіксаваны некалькі тэмпературных рэкордаў. Тады ж за дзень убіралі з палёў сотні гектараў, а намалоты прырасталі да тысячы тон.
Флагманам уборачнай кампаніі, безумоўна, стаў сельскагаспадарчы вытворчы філіял “Заазер’е” ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”. Пад жніво ў яго было прызначана 2770 гектараў збожжавых, на палях працавалі 11 камбайнаў. Зараз валавы намалот гаспадаркі складае 8961 тону — чвэрць ад агульнараённага. Пры гэтым ураджайнасць складае 32,2 цэнтнера з гектара ў бункернай вазе — таксама вышэйшы паказчык. Некаторыя ж палеткі парадавалі ўраджайнасцю ў 50-60 ц/га. Прычына поспеху бачыцца ў забяспечанасці гаспадаркі якасным насенным матэрыялам, сродкамі аховы раслін, добрасумленным выкананні тэхналогіі вырошчвання і, у першую чаргу, у працавітасці ўсіх работнікаў — ад агранома да паляводаў. Дарэчы, з сямі экіпажаў-тысячнікаў Лепельшчыны пяцёра працуюць менавіта ў “Заазер’і”. Самымі першымі сталі Сяргей Касцюковіч і Вадзім Пыхцін, другімі — Аляксандр Жарнасек і Юрый Крывец. У хуткім часе да іх далучыліся экіпажы Уладзіміра Стадніка і Максіма Букі, а таксама Пятра Духовіча і Паўла Калесніковіча, Генадзя і Мікалая Мірановічаў.
Два экіпажы-тысячнікі працуюць на палях ААТ “Чарэйшчына”. Гэта Віктар Барысёнак і Пётр Казлоўскі, Сяргей Плігаўка і Раман Лабжанідзэ. Дарэчы, “Чарэйшчына” сёлета паказала вельмі неблагія вынікі працы. Пры ўраджайнасці 25,8 ц/га там намалацілі 3328 тон збожжа. Па ўраджайнасці яны — трэція ў раёне, другое месца стала трымаюць за сабой працаўнікі СВП “Пражэктар”. Там кожны гектар даў па 31,1 цэнтнера, валавы намалот склаў амаль пяць тысяч тон.
Вельмі выдатна спрацавалі сёлета земляробы ААТ “Ладасна”. Вясной перад імі ляжала вялікая задача — узараць і засеяць некалькі соцень гектараў глебы, з чым яны ўдала справіліся. Усе аперацыі правялі своечасова. У жніво ўключыліся ўсімі сіламі, выкарыстоўвалі кожны дзень па максімуме. У выніку — самымі першымі ў раёне завяршылі ўборку зерневых.
Нельга абмінуць і вадзіцеляў, якія перавезлі ад камбайнаў тысячу і больш тон збожжа. Такіх у раёне два. На рахунку Сяргея Чуеса з СВФ “Заазер’е” — 1798 тон, Уладзіміра Стэльмаха з СВП “Пражэктар” — 1500 тон.
Нельга абмінуць і непрыемныя моманты — нізкія тэмпы жніва ў дзвюх гаспадарках: СФГ “Азімка” і ААТ “Лепельскі райаграсэрвіс”. Там тэмпы ўборкі недаравальна нізкія. Так, на 25 жніўня работнікі аграсэрвіса зжалі 69,3 працэнта плошчаў, “Азімкі” — 79,7 працэнта. Аднак, калі ў “Азімцы” застаецца дажаць каля 60 гектараў, то ў аграсэрвісе — больш за чатырыста. У гаспадарцы спасылаюцца найперш на недахоп дызельнага паліва, аднак і самім працаў­нікам, а найперш кіраўніцтву варта было загадзя паклапаціцца аб стварэнні неабходнага запасу, аб крэдытах на надзённыя патрэбы. Не за гарамі і восень з яе дажджамі, слотай, таму земляробам трэба пастарацца, нарасціць тэмпы ўборкі, каб паспець сабраць зерне з найменшымі стратамі.
З завяршэннем жніва не завяршаецца круг земляробчых спраў і клопатаў, яны выходзяць на новы цыкл. Найбольш прадбачлівыя і аператыўныя ўжо цяпер, ніколькі не мару­дзячы, выводзяць на палеткі, вызваленыя ад саломы, глебаапрацоўчую тэхніку.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: кіпіць работа на жніве.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.