Поўным ходам ідзе рамонт і ў Заслонаўскім яслі-садзе Лепельскага раёна

202Летнія дзянькі – радасць для адных і вялікі клопат для іншых. Пакуль школьнікі адпачываюць, а іх бацькі набываюць неабходныя рэчы да новага навучальнага года, педагогі і будаўнікі даводзяць да ладу школы і дзіцячыя сады, каб сустрэць дзяцей у цёплым і ўтульным памяшканні.

 

Поўным ходам ідзе рамонт і ў Заслонаўскім яслі-садзе Лепельскага раёна. Будынак даваеннага часу, таму яго абнаўленне — на адным з першых месцаў у спісе надзённых задач.

— Распачалі рамонт у канцы студзеня, і ўжо паспелі правесці вельмі вялікую работу, — расказвае Ларыса Шастакова, якая часова выконвае абавязкі загадчыцы дзіцячага сада. — Зрабілі фасад, асфальтаваныя дарожкі, замянілі шыферны дах на металічны гонт, замянілі таксама дзверы, падлогу, сістэмы водазабеспячэння, каналізацыйныя трубы, сантэхніку. Лядашчыя драўляныя вокны памянялі на шклопакеты. Зрабілі навясную столь, атынкавалі і пафарбавалі сцены. Асноўным падрадчыкам работ выступае КРБВП “Будаўнік”. Шчырыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць райвыканкаму і аддзелу адукацыі, спорту і турызму.

Пад час нашага наведвання цалкам адрамантавалі групу №2. Зараз дзеці пад пільным наглядам выхавальніцы Аксаны Хацяновіч гуляюць у новым памяшканні.

Безумоўна, знешні выгляд будынка таксама мае вялікае значэнне. Да пачатку верасня правядуць добраўпарадкаванне тэрыторыі. Зрабілі спецыяльную пляцоўку для вывучэння правілаў дарожнага руху. Клопат пра будучыню — клопат пра нашых дзяцей.

Яўген МУДРЫ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.