По пути оптимизации производства

img_6493 img_6502 img_6480 Год таму, а дакладней чацвёртага студзеня, Лепельскі электрамеханічны завод, які старэйшае пакаленне памятае як завод шасцерняў, спыніў сваё існаванне. Аб’яднанае вытворчае прадпрыемства атрымала назву ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” (РМЗ). Кіраўніком яго быў прызначаны былы дырэктар рамонтна-механічнага завода Юрый Сёмкін. У №5 за 17 студзеня мінулага года гэтай падзеі была прысвечана публікацыя “Аб’яднаны два заводы”. У ходзе інтэрв’ю новы дырэктар пры адказе на пытанне аб ацэнцы альянса параіў пачакаць пэўны час, каб новае прадпрыемства трывала стала на рэйкі, пачало працаваць у новых умовах. У пачатку года бягучага аўтар гэтых радкоў сустрэўся з ім зноў.

— Юрый Вітальевіч, аб’яднаны завод адпрацаваў роўна год. Якімі паказчыкамі сёння характарызуецца праца прадпрыемства?
— Агульная рэнтабельнасць таварыства летась атрымалася станоўчай. Праўда, рэнтабельнасць невысокая, усяго адзін працэнт. Аднак пры гэтым мы не маем запазычанасцяў, што, пагадзіцеся, вельмі важна ў цяперашні час. Мы цалкам закрываем свае бягучыя патрэбы ў метале, паліве, электраэнергіі, самастойна выплачваем заработную плату.
— Адзін працэнт, на мой погляд, гэта зусім мала. Паводле афіцыйных даных Белстата і заяў экспертаў Нацыянальнага банка, інфляцыя беларускага рубля за 2017 год склала па розных ацэнках ад пяці да сямі працэнтаў. Атрыманы вамі працэнт будзе “з’едзены” інфляцыяй…
— Гэты працэнт выведзены ўжо з улікам інфляцыйных працэсаў. Аднак я б хацеў звярнуцца да іншых паказчыкаў, якія, на мой погляд, больш яскрава ілюструюць карціну. За 2017 год нам удалося выпусціць шасцерняў удвая больш, чым за год папярэдні. На магутнасцях былога рамонтна-механічнага завода прадукцыі выпушчана больш як на 60 працэнтаў, таксама на 60% больш выдаў прадукцыі і ўчастак дрэваапрацоўкі. І самая галоўная тэндэнцыя — мы не працуем на склад, наша прадукцыя не залежваецца, адразу рэалізуецца пакупнікам, мы атрымліваем поўны і своечасовы разлік. І станоўчыя тэндэнцыі замацоўваюцца.
А самы адчувальны для простага чалавека рост — гэта рост заработнай платы, яго даходаў. Дык вось, з улікам інфляцыі, заработная плата на аб’яднаным заводзе ўзрасла не менш як на 25 працэнтаў. У лістападзе 2016 года сярэдні налічаны зарабак быў 364 рублі, у лістападзе 2017-га — 501 рубель. Вядома, гэта невысокі ўзровень, і ён не дасягае да дэклараванай тысячы рублёў. Аднак больш пакуль што выплачваць не можам па аб’ектыўных эканамічных прычынах.
— За кошт чаго ўдалося так істотна падняць заробкі?
— У першую чаргу — шляхам нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці. Больш вырабляем — больш атрымліваем. Па-другое, перагледзелі ўсе палажэнні аб выплаце заработнай платы, вярнулі выплаты прэмій. На працягу года было аднаразовае павышэнне стаўкі першага разраду. Адным словам, пастараліся зрабіць усё магчымае для падтрымання простых работнікаў.
* * *
— Перад аб’яднаннем работнікі выказвалі занепакоенасць, што будуць скарачэнні, некаторыя могуць застацца без працы. Якая сёння карціна занятасці?
— На працягу года мы не скарацілі ніводнага работніка. Былі, вядома, звальненні, але па іншых прычынах. Скажам, чалавек на пенсію выходзіў або звальняўся сам, бо знайшоў іншае месца працы, пераязджаў у іншы горад. Скажу нават больш — працоўна калектыў павялічыўся. У лістападзе 2016 года на рамонтна-механічным і электрамеханічным заводах усяго сярэднеспісачная колькасць работнікаў была 191 чалавек, а роўна праз год, у лістападзе 2017-га, — 227 чалавек. Мы фактычна нанова адрадзілі канструктарска-тэхнічны аддзел, прынялі туды трох маладых спецыялістаў, дапоўнілі імі касцяк старых работнікаў. Астатнія прынятыя — прадстаўнікі рабочых спецыяльнасцяў. І пры гэтым мы ледзьве спраўляліся з выкананнем заказаў. А сёлетні год абяцае быць яшчэ больш напружаным. Таму мы павялічваем колькасць работнікаў. У першую чаргу заводу патрэбны токары, фрэзероўшчыкі, слесары. Я б сказаў так: нас чакае шмат працы і заказаў. Мы аднавілі выпуск шасцерняў, якія да гэтага не выпускаліся некалькі гадоў. Адзінае, што стрымлівае патэнцыйных нашых работнікаў, гэта адносна невысокая заработная плата. І ўсё ж такі я не губляю аптымізму…
— Наколькі разумею, асноўным заказчыкам прадукцыі з’яўляецца галаўное прадпрыемства холдынга — Мінскі трактарны завод?
— Так, 97 працэнтаў прадукцыі — шасцерні для МТЗ. Мінулы год для трактаразаводцаў склаўся даволі ўдала. Эканоміка Расіі паступова адужвае ад наступстваў крызісаў, іх сельгасвытворцы зноў набываюць трактары і іншую сельгастэхніку. Пастаўкі ідуць і ва Украіну, даволі шмат трактароў набывае Пакістан. Адпаведна, і ў Лепель паступае шмат заказаў як для галоўнага зборачнага канвеера, так і для камплектаў, на запчасткі.
* * *
Аб’яднанае прадпрыемства ўключае ў сабе, умоўна кажучы, тры ўчасткі. Першы, самы вялікі, які дае самыя значныя аб’ёмы прадукцыі — вытворчасць шасцерняў. Тут працуюць цэлыя станочныя лініі, шасцерні вырабляюцца ў дзве змены, апрацоўваюцца дзясяткі, сотні, тысячы тон металу. Другі — дрэваапрацоўчы. Ён сам па сабе невялікі, заняты да дзесяці чалавек. Хаця, варта зазначыць, што ў ранейшыя гады кіраўніцтва электрамеханічнага завода зрабіла значныя капіталаўкладанні ў абсталяванне, закуплены неблагія дрэваапрацоўчыя станкі, на якіх можна апрацоўваць любую драўніну, выпускаць любыя драўляныя вырабы. Аднак доля ўчастка ў агульным выпуску прадукцыі мізэрная.
На Партызанскай працуе трэці ўчастак, там дзейнічае вытворчасць поўнага цыклу, вырабляецца прадукцыя з эскіза да гатовага экзэмпляра, які адпраўляецца спажыўцу. Пры гэтым кожны ўчастак мае сваю спецыфіку, але разам яны ствараюць жыццяздольны механізм.
Сукупны аб’ём двух апошніх участкаў зусім малы, тры працэнты, але яны вельмі важныя для асноўнай вытворчасці. Патлумачу на прыкладзе. Нядаўна нам трэба было ўстанаўліваць тры станкі з лічбавым праграмным кіраваннем у цэху шасцерняў. Іх трэба было падрамантаваць, наладзіць, замяніць некаторыя дэталі і механізмы. Сваіх грошай ад вытворчасці шасцерняў на той момант не было, галаўное прадпрыемства таксама не мела магчымасці аператыўна аказаць дапамогу. Аднак два іншыя ўчасткі вырабілі пэўны аб’ём прадукцыі, мы яе паставілі заказчыку, атрымалі грошы і на іх адрамантавалі і наладзілі адзін станок. Ён зараз спраўна выдае прадукцыю, прыносіць даход. На другім трэба мяняць электрарухавік, у бліжэйшы час разлічваем зноў на грошы ад двух малых участкаў.
У першыя месяцы ў работнікаў участкаў былі, так бы мовіць, некаторыя прэтэнзіі на грошы, заробленыя намі, наладжваецца іх абсталяванне. Неаднаразова даводзілася растлумачваць, што цяпер няма раздзялення на “нашых” і “іхніх”, што мы зараз адзіны працоўны калектыў, што абсталяванне як найхутчэй трэба ўводзіць у працу, каб яно не стаяла мёртвым грузам, а пачынала прыносіць даход. І цяпер, пасля года сумеснай працы, усе прыходзяць да высновы аб важнасці і выгаднасці аб’яднання.
— А якая прадукцыя выпускаецца на малых участках?
— Самая разнастайная. Крытэрый адзін — не працаваць на склад. Вырабляем прадукцыю па канкрэтных заказах. Хаця і бываюць выключэнні. Напрыклад, з ЖКГ нам заказалі дзесяць кантэйнераў. Мы зрабілі 20, рэшту паставілі на склад. Ведаем, што за бліжэйшыя месяц-два спатрэбяцца і яны. Выраблялі яшчэ арэлі для дзіцячых пляцовак, спартыўнае абсталяванне, турнікі, брамы для футбольных пляцовак, дэкаратыўныя масткі, канструкцыі для вывешвання банераў і плакатаў, вонкавай рэкламы. Усё гэта — жывыя грошы, наша фінансавая незалежнасць. Таму на 2018 год ставіцца задача значна павялічыць аб’ём выпускаемай і рэалізуемай дадатковай прадукцыі, з цяперашніх трох працэнтаў у агульным аб’ёме да дзесяці.
— Якімі яшчэ спосабамі ўдалося дасягнуць станоўчай рэнтабельнасці?
— Мы вывелі з абароту, закансервавалі некалькі будынкаў. Напрыклад, адміністрацыйны корпус на Партызанскай, зачынілі адзін невыкарыстоўваемы цэх на Барысаўскім тракце. У выніку менш плацім падаткаў на нерухомасць і зямлю, а гэта эканомія. Вызваленыя сродкі накіроўваем на развіццё, рамонт і ўвядзенне ў строй абсталявання, на павышэнне заробкаў. Дзесьці ўдаецца зэканоміць, дзесьці скараціць выдаткі, паступае больш заказаў, аптымізавалі рабочы час — вось так, адно да аднаго, патроху і выходзім на рэнтабельнасць працы.
* * *
Паводле ацэнак эканамістаў, заказ па шасцернях на 2018 год пабольшыцца яшчэ працэнтаў на 30. Плануецца значна павялічыць выпуск і рэалізацыю іншай прадукцыі — задача вельмі амбіцыйная.
Напрыканцы пагутарыў з некалькімі работнікамі.
Алена Стэльмах, зубарэзчыца:
— На вытворчасці працую дзевяць гадоў. Пасля аб’яднання нічога не змянілася, як наразалі зубы шасцерняў на станках, так і наразаем.
Віктар Квяцінскі, наладчык:
— Я працую наладчыкам шостага разраду, атрымаў яго яшчэ пры Савецкім Саюзе. Па штодзённай працы з работнікамі з Партызанскай мы ніяк не перасякаемся, мы маем свой фронт работ тут. Толькі хацелася б, каб заробкі былі паболей.
Ларыса Дзівін, шліфоўшчыца:
— На электрамеханічны завод я ўладкавалася каля дзесяці гадоў таму. Аднак сам працэс аб’яднання прайшоў міма мяне, я на той час была ў дэкрэтным водпуску. У цэху працую месяцы чатыры. Якіх-небудзь радыкальных перамен не заўважыла, аб’ёмы і віды працы засталіся ў асноўным тыя ж самыя.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: адміністрацыйны будынак ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”; цэх па вытворчасці шасцерняў; зубарэзчыцы Алена Стэльмах і Ірына Дзівіна і наладчык Віктар Квяцінскі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.