Почему апельсин в воде не тонет?

sam_5187Маленькая Насця ўсур’ёз зацікавілася вадою.
— А пачалося ўсё са звычайнай дзіцячай дапытлівасці, — расказвае намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці дзіцячага яслі-сада №6 Ірына Калітуха, — праходзілі тэму вады. Іншыя дзеці паслухалі расказ выхавальніцы — на тым і закончылася. А Насця ніяк не магла супакоіцца, усё распытвала. І калі дадому прыбегла, у бацькоў пыталася, чаму вада мокрая, якая яна
салёная і г.д.

І вырашыла выхавальніца Галіна Шынкевіч разам з Насцяй дэталёва і грунтоўна даследаваць ваду. Хтосьці пасміхнецца, маўляў, якая там у дзіцяці можа быць грунтоўнасць! Мушу паспрачацца. У выніку работа Анастасіі Хамічонак “Чароўная вада” заняла другое месца на ІІ абласным этапе рэспубліканскага конкурсу работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык”.
Папку, дзе абагулена даследчая праца дзяўчынкі, прыемна ўзяць у рукі. Гартаю. Тэкставы матэрыял прыгожа і багата ілюстраваны фотаздымкамі, якія добра дапаўняюць тэкст. Вядома, да афармлення даследавання прыклала руку і выхавальніца, але ж яны разам, у тандэме, рабілі працу.
А вось Дзяніса Ганжурава і Назара Саламаціна зацікавіў апельсін. І чаму ў яго такі пах, і чаму ён такі смачны? Ды галоўнае, што здзівіла хлопчыкаў, — чаму апельсін у вадзе не тоне? Цэлы — не тоне, а калі аблупіш — ідзе на дно. Аказваецца, апельсінавая корка — своеасаблівая плавальная камізэлька. У ёй апельсін — як на выратавальным крузе. А ўсё дзякуючы будове. Порыстая апельсінавая корка ўтрымлівае шмат паветра, а шчыльнасць “распранутага” апельсіна, наадварот, большая за шчыльнасць вады.
Дзеці растуць і актыўна пазнаюць свет. У шостым садзіку ім у гэтым ахвотна дапамагаюць дарослыя. Тры апошнія гады ўстанова ўдзельнічала ў абласным праекце па развіцці даследчай актыўнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.
img_3312Характэрна, што бацькі, прынамсі, большасцю, таксама не абыякавыя да таго, чым займаюцца іх дзеці ў садзіку і часцей ахвотна дапамагаюць ім у творчых справах.
Ужо змалку тут робяць акцэнт на выхаванні патрыятызму, любові да Радзімы, яе гісторыі, нацыянальных вытокаў. Працуе бацькоўскі клуб “Ваш вясёлы вечар”. Рэгулярна праходзяць сустрэчы з бацькамі. Дзеці знаёмяцца з беларускімі гульнямі, народнымі абрадамі, багатым песенным і казачным рэпертуарам. Педагогі актыўна далучаюць дзяцей да роднай мовы.
Хочаш пачаць выхаванне дзіцяці ад пачатку, ад вытоку — пачні яго з казкі. У казцы ўсё: яна і простая для ўспрыняцця, і мудрая. Тут і ўрок, і цікавы для занятку сюжэт, і магчымасць падумаць.
Дарэчы, у садзіку парадавалі навіною. Аказваецца “Аграпрамбанк” выпусціў нядаўна ў Мінску кнігу “Беларускія народныя казкі”.
І ўсё ж друкаваныя казачныя выданні па-ранейшаму, на жаль, у дэфіцыце на перыферыі. Сталічныя кніжныя навінкі не хутка даходзяць да правінцыйнага чытача. У шостым садзіку вырашылі змяніць сітуацыю карэнным чынам сваімі рукамі ў літаральным сэнсе гэтага слова. Педагогі звярнуліся па дапамогу да бацькоў.
— Мы папрасілі бацькоў, і тыя ахвотна адгукнуліся на нашу просьбу, — расказвае выхавальніца Валянціна Палітыка. — Бацькі разам з дзецьмі самі стварылі кніжачкі беларускіх народных казак. Вялікі ім дзякуй за гэта!
Яна паказвае кніжачкі. А якія ж яны прыгожыя — з яркімі малюнкамі! А як жа іх шмат! І казкі розныя, і персанажы, нібы жывыя, і форма кніжачак розная. Вунь, напрыклад, ёсць кніжачка ў выглядзе доміка. Хацелася б назваць прозвішчы бацькоў, якія так старанна парупіліся, дапамаглі дзецям. Ды дзе ж ты іх назавеш усіх, калі кніжачак, можа, дзясяткі тры. Ужо набіраецца на добрую выставу, якую і збіраюцца, дарэчы, у хуткім часе тут наладзіць.
Карысць ад падобнага занятку відавочная: бацькі лішні раз не пасядзяць ля камп’ютара, а прыгадаюць сваё дзяцінства і любімых казачных персанажаў. Разам з дзецьмі зоймуцца справаю — наладзіцца паразуменне, палепшаюць стасункі. І ў садзіку будуць добрыя наглядныя дапаможнікі.
Зрэшты, казачны час ужо на двары. Да Новага года засталося зусім мала часу. І праца кіпіць ваўсю: шыюць-майструюць карнавальныя касцюмы, вучаць вершы, рэпеціруюць песні і танцы. Для старэйшых і сярэдніх груп рыхтуюць прадстаўленне па матывах казкі “Снежная каралева”. Меншыя адправяцца ў навагодняе падарожжа, а самыя маленькія (ясельная група) прыйдуць на сустрэчу Дзеда Мароза і Снягуркі са звяркамі.
Адным словам, усіх чакае навагодні маскарад. Выхавальнікі ўпэўнены, што без касцюма не застанецца ніхто. А каму і кім быць — выбіраць самім дзецям, каб потым не крыўдавалі. Шкада толькі, што дзеці ўсё меней жадаюць быць прынцамі, прынцэсамі, папялушкамі, а ўсё болей — героямі сучасных мульцікаў, зусім ужо не такімі крэатыўнымі і харызматычнымі. Ну а пакуль дзеці актыўна пішуць пісьмы Дзеду Марозу, і тыя абавязкова знойдуць свайго адрасата — бацькі гэта ўлічваюць. І пра навагоднія падарункі таксама паклапоцяцца бацькі. Так што будуць пад Новы год цукеркі ад Дзеда Мароза.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Дзяніс Ганжураў і Назар Саламацін зацікавіліся апельсінам; Насця Хамічонак даследуе чароўную ваду.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.