Почему по пятницам у почтальона на Лепельщине толстая сумка?

Звычайна ў якасці паштальёна мы ўяўляем жанчыну з вялікай чорнай сумкай, з якой тырчаць часопісы і газеты. Яна шпарка ідзе па вуліцам і ўкладае ў паштовыя скрыні “навіны”.

Вось і памыліліся мы са сваімі ўяўленнямі. Не толькі прадстаўнікі слабога полу займаюцца гэтай дзейнасцю. Маім суразмоўцам на гэты раз стаў Аляксандр Шартух, які лісты і карэспандэнцыю дастаўляе жыхарам вёсак Чарэйшчына і Уліцінкі.

Завочнае знаёмства з Аляксандрам Канстанцінавічам пачалося з тэлефоннага званка ў рэдакцыю нашых чытачоў.

— Абавязкова напішыце пра нашага паштальёна. Такіх адказных і добрых людзей не так і шмат. Ён ніколі не адмаўляе ў дапамозе, своечасова дастаўляе нам газеты, памятае пра ўсе просьбы і хутка іх выконвае. Толькі не забудзьцеся, — паведаміў наш чытач (на жаль не назваў свайго імя).

Ну, раз такі цікавы і добры чалавек, накіроўваемся да яго.

Пакуль шукалі ў Чарэйшчыне Аляксандра Канстанцінавіча, налічыла аж 5 вуліц з цікавымі назвамі: Папко, Цэнтральная, Будаўнікоў, 60 год калгаса. Раней нават не задумвалася, што гэтая вёска такая вялікая і шматлюдная. У дадатак прыемна было ехаць па заасфальтаванай дарозе, што нават задумалася. Узгадаўся момант, як шмат гадоў таму, а з тае пары я там больш не была, падчас кіраўніцтва Алега Ляшчынскага аграфірмай “Белая Русь” ездзілі з супрацоўнікамі рэдакцыі ў гэтую прыгожую пару на буракі. Рамантыка ды і толькі!

А вось і яшчэ адна прыгожая назва вуліцы — Азёрная, якая нам і патрэбна.

— Чаму яна так называецца? У вашай жа вёсцы возера няма… — здзіўлена звяртаюся да свайго суразмоўцы.

— У нашай няма, аднак ёсць побач — Неграза, — смяецца гаспадар дома №10.

Так і пачалася наша гутарка. Аляксандр Канстанцінавіч з 2019 года працуе паштальёнам. Кажа, што па пятніцах і аўторках яго сумка асабліва тоўстая, бо ў вёсках з задавальненнем чытаюць раённую газету.

Нарадзіўся мужчына ў Лепелі, але дзяцінства, юнацтва і невялікі перыяд дарослага жыцця прайшлі ў Казахстане, Кастанайскай вобласці, куды бацькі паехалі асвойваць цаліну. Да, у той краіне было што асвойваць: стэпі, стэпі, стэпі…

Там жа мой суразмоўца атрымаў спецыяльнасць зваршчыка, скончыўшы СПТВ. Прафесія, трэба сказаць, вельмі адказная, бо ад якасці працы спецыяліста залежыць даўгавечнасць і надзейнасць канструкцый, тэрмін службы.

Як вядома, зваршчык павінен валодаць фізічнай сілай і цягавітасцю, вастрынёй зроку і ўменнем доўга засяроджваць увагу. Усе гэтыя якасці адразу адзначаю падчас размовы ў сваім субяседніку. Мужчына высокі, плячысты, бачна, што працы не баіцца.

На Лепельшчыну Аляксандр Канстанцінавіч вярнуўся ў перыяд развалу Савецкага Саюза. Тут жа і сустрэў сваю каханую Леанарду Янковіч, якая родам з Браслаўскага раёна.

Пазнаёміліся маладыя ў вёсцы Лядна 35 гадоў таму, аб чым абодва ніколькі не шкадуюць. Сястра Леанарды выйшла замуж за стрыечнага брата Аляксандра, таму даводзілася сустракацца на сямейных святах. Там і завязалася сяброўства, якое перарасло ў каханне.

Пакуль гутарылі, узгадалі, як цікава было на танцах у клубе: весела, рамантычна, хоць і стомленыя ўсе былі пасля працы.

Давялося хлопцу за каханай дзяўчынай паімчацца і ў Твярскую вобласць Расійскай федэрацыі, куды накіравалі яе на 3 гады па размеркаванні пасля вучылішча. Спецыяльнасць краўца мужчынскай і жаночай верхняй вопраткі на той час была вельмі папулярнай.

Сама ўзгадваю, як мы з маці стаялі ў чарзе ў КБА да швачкі, каб сшыць куртку.

Не было складанасцяў з працаўладкаваннем і ў Аляксандра Канстанцінавіча.

— Клопатаў заўсёды хапала, — кажа мой суразмоўца. — Тэхнікі ў калгасах было шмат, штосьці ламалася, патрабавалася заварыць, — кажа мужчына.

Там жа, у Расійскай Федэрацыі, згулялі вяселле. А ў 1989-м на 6 гадоў з вялікімі марамі пра будучыню маладая сям’я адправілася ў Казахстан. Не шкадуюць, што пабывалі ў тых краях: займелі шмат знаёмых з розных краін, навучыліся гатаваць традыцыйныя манты, лагман і іншыя смачныя стравы.

— У той час шыла адзенне на даму. Былі свае швейная машынка, авярлок і іншыя прылады. Да мяне прыходзілі са сваёй тканінай заказчыкі. Старалася дагадзіць нават самаму капрызнаму кліенту. З абрэзкаў потым шыла сваім дачцэ і пляменнікам купальнікі, — кажа Леанарда.

Вярнуўшыся на радзіму, абодва ўладкаваліся ў аграфірму “Белая Русь” і адразу атрымалі жыллё, што вельмі важна для любой сям’і. Аляксандр Канстанцінавіч няшмат парупіўся ў сельгаспрадпрыемстве: працаўладкоўваўся ў аўтабазу, ПМК-75, КУВП “Бароўка”. А вось Леанарда … — больш за 20 гадоў адпрацавала даяркай.

Як кажа жанчына, справы гэтай не баялася, бо маці ўсё жыццё рупілася на ферме. У хуткім часе Шартухі абзавяліся асабістай гаспадаркай. І да гэтага часу на падворку рохкаюць свінні, кароўка-карміцелька з бычком ходзяць па зялёным лужку, куры яйкі нясуць. А яшчэ ёсць верны сабака Татошка, які ўвесь час каля нас сядзеў і віхляў задаволена хвастом.

— А куды ж мы без гаспадаркі? Як у вёсцы жыць ды не мець рагулю на двары? — здзіўляецца Леанарда … — Пакуль працавала ў калгасе, да паловы пятай раніцы трэба было справіцца дома і хуценька бегчы да адміністрацыйнага будынка, адкуль ад’язджае аўтобус на ферму. А 9-й гадзіне вярталіся. Потым у 11.30 і 18 гадзін ад’язджалі на ферму. У прамежках спраўлялася дома, гатавала ежу, прыбірала. У такім тэмпе пражылі 23 гады. Цяпер, канечне, больш вольнага часу, аднак заўсёды знаходжу занятак. Два з паловай гектара зямлі, гэта разам з сенам, апрацоўваем з вясны да восені.

Дачка зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. А да гэтага часу працавала загадчыкам ФАПа ў роднай вёсцы. Юля разам з дачушкай Евай жыве ў бацькоў, таму сумаваць дзядулі і бабулі не даводзіцца.

Па альтанцы, у якой мы гутарылі на працягу гадзіны, бачна, што Аляксандр Канстанцінавіч імкнецца, каб сям’і было камфортна. У абвітай дзікім вінаградам канструкцыі, упэўнена, было вельмі камфортна ў летнюю спёку. А побач дыхтоўныя арэлі гаспадар змайстраваў для маленькай Евы, якая вельмі любіць бавіць час на свежым паветры.

Ужо выходзячы са двара, звярнула ўвагу на дагледжаныя яблыні і грушы, а таксама бярозкі, якія вельмі любяць гаспадары дома. Ім не патрэбны заморскія краіны, яны адпачываюць у родным краі — на ўлонні прыроды.

Наталля Храпавіцкая.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.