Почему в магазинах возник дефицит товаров?

У рэдакцыю патэлефанавала жанчына, прадставілася:

— Я — Софя Сакалоўская, пенсіянерка. Шмат гадоў адпрацавала ў Грыгаравіцкай сярэдняй школе. Звяртаюся да вас з наступным пытаннем. На працягу бягучага года ў нашай мясцовай краме маецца невялікі асартымент тавараў. З лета на прылаўках не было кураціны, толькі свіныя паўфабрыкаты. А ў мяне ж, як і ў многіх іншых вяскоўцаў, узроставыя праблемы са здароўем. Не ўсе могуць есці тлустую свініну, патрэбна і мяса больш дыетычнае. Па-другое, у нашай краме прадаецца хлеб толькі вытворчасці Бешанковіцкага хлебазавода. А дзе ж хлеб мясцовай вытворчасці? Мне, напрыклад, падабаецца наш хлеб дыябетычны, які з Бешанковічаў не прывозяць. Калі я звярнулася з гэтым пытаннем да прадаўца Таццяна Курылы, яна адказала, што іншы хлеб ім прывозіць забаранілі. Хто? Чаму? Асартымент малочнай прадукцыі, у тым ліку філіяла “Лепельскі МКК”, таксама небагаты, вельмі мала і іншых тавараў. Няўжо ўсе яны адпраўлены ў гарадскія крамы, а пра нас, вяскоўцаў, забыліся?

 

Выезд у гандлёвую краму

Праблема, паднятая нашай чытачкай, падалася мне вельмі вострай і актуальнай. Праз некалькі дзён удалося паехаць у Грыгаравічы, каб на месцы разабрацца ў сутнасці пытання.

Калісьці вёска Грыгаравічы была вельмі ажыўленым населеным пунктам. У 1980-90-ыя гады аднайменны саўгас дасягаў высокіх вытворчых паказчыкаў, на палетках вырошчваліся зерневыя, кармавыя і тэхнічныя культуры, статкі жывёлы давалі мясную і малочную прадукцыю, у гаспадарцы дзейнічала ўласная свінаферма. Дзіцячы сад і школа заўсёды былі запоўнены, у класах налічвалася больш як па 30 вучняў. Дзейнічалі грамадскі пральны пункт, дзе можна было хутка і па прымальным кошце памыць бялізну (пральных машын-аўтаматаў тады яшчэ не было), і грамадская лазня з парылкай. Працавалі фельчарска-акушэрскі пункт, клуб з бібліятэкай і аддзяленне паштовай сувязі. Для вяскоўцаў была пабудавана крама з вялікай гандлёвай залай.

Зараз у Грыгаравічах засталася толькі крама, дзе амаль год працуе прадаўцом Таццяна Курыла.

Словы Софі Аляксандраўны цалкам падцвердзіліся. На стэлажах для хлебабулачных вырабаў было толькі каля 5 паўбоханаў хлеба і 4 батоны выпечкі Бешанковіцкага хлебазавода. Хлеба мясцовай вытворчасці не было, прычым прадавец і нешматлікія наведвальнікі крамы сказалі, што мясцовая хлебапрадукцыя не завозілася ўжо даўно.

У маразільнай скрыні для мясной прадукцыі ляжалі некалькі невялікіх кантэйнераў з паўфабрыкатамі са свініны (фарш, выразка) вытворчасці Лепельскага кулінарнага камбіната, на вітрыне побач убачыў некалькі вэнджаных і вараных каўбас розных прадпрыемстваў-вытворцаў.

На прылаўках было таксама па 5-7 відаў макаронаў, круп, цукерак і іншых бакалейных тавараў.

У маразільнай скрыні для малочнай прадукцыі знаходзіліся каля 20 пачкаў марожанага розных вытворцаў, у тым ліку і філіяла “Лепельскі МКК”. Мяне зацікавіла, хто будзе набываць марожанае зімой. Аднак пры гэтым не заўважыў ніводнага пачка такога важнага тавару, як сметанковае масла. У халадзільніку было таксама 5 стаканчыкаў смятаны “Сафійка” і 2 пакеты са смятанай ад “Лепелькі”.

— А дзе смятана “Брэст-Літоўск”, якую любяць многія, дзе ёгурты, карысныя для пажылых людзей, а не толькі для дзяцей? — узрушана кажа Софя Сакалоўская, якая якраз наведала краму. — Дзе ў рэшце рэшт кураціна? У Віцебскай вобласці на многіх фермах гадуюцца куры. Дзе ж гэта прадукцыя?

У размове з прадаўцом успомніў пра перабоі з завозам спіртных вырабаў і цыгарэт, якія часткова назіраліся на працягу года ў шэрагу крам Лепельскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства.

— Спіртное ў нас на паліцах заўсёды ёсць, — адзначае Таццяна Курыла. — А вось з тытунёвымі вырабамі маецца пэўная праблема. У цяперашні час у наяўнасці толькі цыгарэты дарагія, па 3 і больш рублёў за пачак, а танных, па 1,5 рубля, няма. Аднак яны найбольш папулярныя ў мясцовых жыхароў.

— Якім чынам вы ажыццяўляеце заяўкі на прывоз новага тавару?

— Кожны дзень я адсочваю, колькі і якога тавару застаецца на паліцах, чаго трэба давезці. З пэўнымі просьбамі ў краму звяртаюцца кліенты, якія просяць даставіць неабходныя ім рэчы. Усе заяўкі я абядноўваю ў агульную і кожны дзень, тэлефануючы на аптовую базу філіяла, даводжу таваразнаўцы Кацярыне Дзмітрыеўне, якая курыруе нашу краму. Я штодзённа кажу, што патрэбны кураціна, хлеб Лепельскага хлебазавода, масла, танныя цыгарэты і шмат іншага тавару. Аднак заўсёды прывозіцца той жа пералік тавараў, які ёсць зараз. На іншыя тавары паступае адказ, што “не павязуць, бо няма”.

— Аднак няўжо больш выгадна прывозіць хлеб з Бешанковічаў, чым набываць прадукцыю мясцовай вытворчасці?

— Бешанковіцкі хлебазавод уваходзіць у Віцебскае аблспажыўтаварыства, а Лепельскі зяўляецца самастойным прадпрыемствам. Наколькі мне вядома, з адміністрацыі аблспажыўтаварыства даведзена заданне набываць і рэалізоўваць у крамах сеткі толькі прадукцыю аблспажыўтаварыства.

— А чым тлумачыцца адсутнасць кураціны і іншых важных для вяскоўцаў тавараў?

— Часцей за ўсё тлумачаць недахопам грошай.

 

Як райспажыўтаварыства стала філіялам

Некаторае тлумачэнне дала начальнік аддзела рознічнага гандлю Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства Алена Жарнасек:

— 2 гады таму ўсе райспажыўтаварыствы вобласці былі ўключаны на правах філіялаў у Віцебскае абласное спажывецкае таварыства. Усе разліковыя рахункі, грашовыя разлікі перададзены ў г. Віцебск. У г. Лепелі ажыццяўляецца толькі бягучае абслугоўванне. У нашай арганізацыі няма нават свайго разліковага рахунка, з якога мы маглі б аплачваць пастаўкі тавараў або забяспечваць уласныя патрэбы.

— У ранейшыя гады пакупнікі часта скардзіліся на лепельскі хлеб, а зараз скардзяцца, што не могуць яго набыць у кааператыўных крамах…

— Так, у сістэме спажыўкааперацыі ёсць некалькі сваіх хлебазаводаў. У прыватнасці, з Бешанковічаў завозіцца хлеб у крамы па Віцебскай трасе — у Валосавіцкі бок. У вёскі Стары Лепель, Юркоўшчына дастаўляецца хлеб з Ушацкага хлебазавода. З адміністрацыі Віцебскага аблспажыўтаварыства даводзіцца цвёрдая ўстаноўка на тое, каб звесці набыццё хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў ад іншых вытворцаў да мінімуму. Нам жа, наадварот, хацелася б, каб на прылаўках прысутнічала больш мясцовага хлеба.

— А ў чым прычына перабояў з пастаўкамі ў гандлёвыя кропкі кураціны і іншай патрэбнай пакупнікам харчовай прадукцыі?

— У адсутнасці грошай, абаротных сродкаў для набыцця новых партый тавараў. Пастаўшчыкі, мясакамбінаты не даюць нам сваю прадукцыю, бо аблспажыўтаварыства завінавацілася і не расплацілася да канца за ранейшыя пастаўкі.

— Сістэма рознічнага гандлю накіравана на працу з канчатковым спажыўцом. Пакупнікі адразу на месцы разлічваюцца за тавары наяўнымі або безнаяўнымі (праз пластыкавыя карткі) грашыма. У рознічнага прадаўца па вызначэнні не можа не быць грошай. Як аказалася, што ў сістэме кааператыўнага гандлю не аказалася грошай?

— Даволі часта здараецца так, што дробныя крамы, асабліва ў аддаленых вёсках, заведама стратныя. Напрыклад, за краму трэба плаціць падатак на нерухомасць і іншыя падаткі і зборы, выплачваць заработную плату прадаўцу, на зімовы перыяд трэба наймаць качагара, які падтрымлівае аптымальную тэмпературу ў памяшканні. Трэба набыць таксама дровы або торфабрыкет, па меры неабходнасці праводзіць касметычны або капітальны рамонты, абнаўляць гандлёвае абсталяванне. Падобных расходаў утвараецца даволі шмат, не заўсёды ўдаецца пакрыць іх прыбыткамі ад невялікага тавараабароту гандлёвай кропкі ў глыбінцы накшталт вёскі Грыгаравічы. Панесеныя страты Лепельскаму раённаму спажывецкаму таварыству ўдавалася кампенсаваць прыбыткамі ад іншых гандлёвых кропак, відаў дзейнасці. Таму Лепельскае РСТ да самага моманту свайго ўключэння ў сістэму Віцебскага АСТ заставалася прыбытковай арганізацыяй, чаго нельга сказаць пра астатнія раённыя спажывецкія таварыствы вобласці. Абяднанне некалькіх стратных і аднаго прыбытковага прадпрыемства не змагло кардынальна змяніць сітуацыю. Сёлета выручка Лепельскага філіяла аблспажыўтаварыства падае кожны месяц, бо няма тавару, патрэбнага пакупнікам. Новы ж тавар мы не можам набыць з-за змяншэння выручкі і адсутнасці прыбытку.

— Якое можа быць выйсце з гэтай сітуацыі?

— Мне падаецца, што можна было б паправіць стан спраў, калі б Лепельскі філіял зноў стаў самастойнай арганізацыяй ці хаця б дзейнічаў наш разліковы рахунак, каб мы маглі самі набываць тавары і напаўняць імі крамы Лепельшчыны.

 

Як ажывіць кааператыўны гандаль?

Па просьбе аўтара сітуацыю ў кааператыўным гандлі пракаментавала і намеснік старшыні райвыканкама Аксана Церашкова:

— Пасля далучэння 2 гады таму Лепельскага філіяла да Віцебскага аблспажыўтаварыства значна скараціліся самастойнасць і паўнамоцтвы арганізацыі. Напрыклад, філіял не мае права самастойна разлічвацца, а, значыць, не можа самастойна набываць патрэбныя пакупнікам горада і раёна тавары, не можа складаць і падпісваць дагаворы. Калі Лепельскае райспажыўтаварыства было прыбытковым, то Лепельскі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства стаў стратным. Калі 3 гады таму на долю Лепельскага РСТ прыпадала 35 працэнтаў ад усяго рознічнага тавараабароту раёна, то цяпер — толькі 13. З-за недахопу грошай у крамах каапгандлю сёлета неаднаразова адзначаліся выпадкі нястачы такіх важных тавараў, як соль, некаторых відаў круп, кураціны, перад Новым годам не ва ўсіх кааператыўных крамах ёсць шампанскае і навагоднія падарункі.

— Што можна зрабіць, каб ажывіць кааператыўны гандаль?

— Мы са свайго боку робім усё магчымае, закранаем гэта пытанне на ўсіх узроўнях аж да рэспубліканскага. Агучваем праблему на абласных і рэспубліканскіх нарадах.

— Зразумела, што з вялікімі цяжкасцямі сустракаецца і Лепельскі хлебазавод, калі яму перакрыты канал рэалізацыі прадукцыі праз сістэму кааператыўнага гандлю.

— Адміністрацыя хлебазавода шукае розныя шляхі вырашэння праблемы. Гэта і супрацоўніцтва з іншымі гандлёвымі сеткамі, і рэалізацыя прадукцыі праз уласныя гандлёвыя кропкі, і, па магчымасці, супрацоўніцтва з каапгандлем, дзе каналы рэалізацыі не зусім яшчэ закрыты. Спадзяюся, сумесна нам удасца знайсці аптымальныя шляхі.

— Некалькі год таму ў сродках масавай інфармацыі былі паведамленні пра тое, што гандлёвыя сеткі, у прыватнасці, “Еўраопт” гатовы працаваць у малых населеных пунктах і вёсках, адкрываць крамы і накіроўваць аўталаўкі. На якім этапе гэтая задума ў цяперашні час? Магчыма, такім чынам удалося б палепшыць забеспячэнне вяскоўцаў таварамі паўсядзённага попыту?

— Мяркую, што гэтая ідэя на сённяшні дзень ажыццяўляецца неактыўна. Гандлёвым сеткам, будзем шчырымі, найперш цікавыя вялікія населеныя пункты, дзе жыве шмат людзей, прагназуецца значны тавараабарот. Напрыклад, з населеных пунктаў Лепельшчыны пакуль што адкрыта толькі крама “Хіт!” у Бароўцы, плануецца адкрыццё такой жа ў Заслонаве, але пра планы пашырэння сеткі на іншыя вёскі пакуль не вядома, як і пра планы арганізаваць работу аўтакрам. Так што забеспячэнне вяскоўцаў па-ранейшаму застаецца выключнай задачай спажывецкай кааперацыі.

 

* * *

Праз некалькі дзён пасля першага прыезду зноў патэлефанаваў Софі Сакалоўскай, якая паведаміла, што ў апошнія дні ў краму вёскі Грыгаравічы прывезлі яшчэ смятану і кефір гандлёвай маркі “Сафійка” (г. Полацк), лепельскія малако і сметанковае масла, але па-ранейшаму прапаноўваецца толькі хлеб вытворчасці Бешанковічаў. Няма пакуль што лепельскага хлеба, не завозіцца кураціна, адсутнічаюць на паліцах і грэцкія крупы. Аднак прадавец Таццяна Курыла сказала, што ў бліжэйшы час асартымент павінен папоўніцца.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

На здымках: прадавец Грыгаравіцкай крамы Таццяна Курыла, крама ў Грыгаравічах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.