Поддержка и забота лепельчан — их девиз

img_1254Напэўна, кожны з нас у адпаведны перыяд жыцця звяртаецца за дапамогай работнікаў сацыяльнай галіны. Усебаковая падтрымка, клопат пра маламаёмных, адзінокіх пажылых людзей, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, дапамога псіхолага ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, адрасная сацыяльная дапамога… Пералік паслуг, якія сёння прадастаўляюць грамадзянам работнікі дзяржаўнай установы «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна», даволі шырокі. Галоўнае ж, што аб’ядноўвае работнікаў сацыяльнай сферы, – гэта бясконцае жаданне дапамагаць людзям. Пра тое, як арганізавана дзейнасць ДУ «ТЦСАН Лепельскага раёна», пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з намеснікам дырэктара ўстановы Аляксеем Турковым.

– Аляксей Аляксеевіч, скажыце, калі ласка, колькі пажылых людзей сёння знаходзіцца на ўліку ў цэнтры і якія паслугі для гэтай катэгорыі людзей найбольш запатрабаваныя?
– На ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна знаходзіцца 9274 чалавекі. Па стане на 1 студзеня 2021 года на надомным абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму знаходзіцца 509 грамадзян – 55 працэнтаў чалавек складаюць асобы, якія дасягнулі 80 гадоў, і старэйшыя. Трэба адзначыць, што ў апошні час павялічылася практыка аказання паслуг сядзелкі непрацаздольным грамадзянам. Такія паслугі атрымалі 28 чалавек. Сем’ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, прадастаўляюцца паслугі няні. Такой паслугай скарысталася 7 сем’яў.
Адзначу, што на 1 студзеня бягучага года ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на доме працуе 19 сядзелак і 4 няні. Для непрацаздольных грама­дзян, якія не могуць пражываць самастойна, з 1 снежня 2005 года ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту «Святліца» ў аграгарадку Камень. На 1 студзеня 2021 года ў аддзяленні пражывае 42 грамадзяніны. З моманту адкрыцця паслугамі аддзялення скарысталіся 360 пажылых людзей і інвалідаў, якім неабходны пастаянныя дапамога і догляд.
З 2019 года ў аддзяленні прадастаўляюцца паслугі пральні і лазні для сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян. Такімі паслугамі за мінулы год скарыстаўся 201 чалавек на агульную суму 928, 22 рубля.
– Вядома, што вялікі пласт работы спецыяліс­тамі ўстановы вядзецца і з асобамі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў…
– Безумоўна. З мэтай падтрымкі такой катэгорыі грамадзян, іх сацыяльна-працоўнай адаптацыі, пашырэння сацыяльных сувязей, а таксама вызначэння аптымальных шляхоў арганізацыі самастойнага жыцця ў нашай установе аказваюцца паслугі па суправаджэнні.
Так, на 1 студзеня бягучага года на ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры знаходзіцца 92 чалавекі, сярод якіх асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў ва ўзросце ад 16 да 23 гадоў. 24 грамадзянам ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў аказана паслуга суправаджэння.
За мінулы год паслуга сацыяльнага патранату была аказана 18 сем’ям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Такія ж паслугі аказаны 18 сем’ям, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, у тым ліку 3 шматдзетным, 8 няпоўным, 5 поўным і 2 сем’ям, дзе расце дзіця-інвалід.
– Не менш важнай часткай работы вашай установы з’яўляецца дзейнасць, накіраваная на папярэджанне гвалту ў адносінах да жанчын і дзяцей, сямейнага недабрабыту. Раскажыце, калі ласка, пра работу ў гэтым накірунку.
– Так, мы вядзём планамерную работу па аказанні дапамогі сем’ям, што апынуліся ў крызіснай сітуацыі. У выпадку неабходнасці асобам, пацярпелым ад гвалту, можа быць прадастаўлена паслуга часовага прытулку. У памяшканні цэнтра дзейнічае «крызісны пакой», дзе ў мінулым годзе пражывала адна жанчына, што пацярпела ад сямейнага гвалту.
На 1 студзеня бягучага года на ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва знахо­дзіцца 20 асоб, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці, і 9 грамадзян, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Грамадзянам названых катэгорый аказваюцца кансультацыйна-інфармацыйныя, сацыяльна-псіхалагічныя, сацыльна-пасрэдніцкія паслугі, а таксама вядзецца садзеянне ў аднаўленні і падтрыманні роднасных сувязей, аднаўленні (замене) дакументаў, што пацвярджаюць асобу, права на льготу, і іншыя віды паслуг.
Псіхолагам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на пастаяннай аснове вядзецца работа па аказанні псіхалагічнай дапамогі грамадзянам, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і тым, якія знаходзяцца на ўліку ў ТЦСАН.
За мінулы год у нашай установе было праведзена 64 псіхалагічныя кансультацыі.
– Гонарам Лепельшчыны з’яўляюцца жанчыны, якія знайшлі сваё прызванне ў мацярынстве. Работа са шматдзетнымі матулямі заслугоўвае асаблівай увагі…
– Цалкам згодны з вамі, і Лепельшчыне ёсць кім ганарыцца. Рашэннем Віцебскага аблвыканкама ад 11 жніўня 2003 года зацверджана прэмія імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай–Марчанкі, якой штогод узнагароджваюцца 25 жанчын вобласці напярэдадні святкавання Дня маці. Прыемна адзначыць, што на Лепельшчыне такую прэмію атрымалі 19 жанчын. Нашай установай пастаянна вядзецца работа па прадстаўленні да ўзнагароджання шматдзетных сем’яў ордэнам Маці. У 4-м квартале мінулага года да такой узнагароды былі намінаваны 3 жанчыны, у сем’ях якіх выхоўваецца 5 і больш дзяцей. Дарэчы, у Лепельскім раёне пражывае 41 жанчына, якая нарадзіла і выхавала 5 і больш дзяцей, узнагароджаных ордэнам Маці.
– Важнай часткай работы цэнтра з’яўляецца і матэрыяльная падтрымка розных катэгорый сем’яў…
– Так, рабоце ў гэтым накірунку ўдзяляецца асаблівая ўвага. У рамках выканання падпраграмы «Сям’я і дзяцінства» Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспуб­лікі Беларусь» на 2016 – 2020 гады ажыццяўлецца выплата адзінаразовай матэрыяльнай дапамогі сем’ям, дзе выхоўваецца 3 і больш дзяцей, што навучаюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. На кожнага школьніка выплачваецца дапамога ў памеры 30 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму. Дзяржаўную падтрымку атрымліваюць таксама малазабяспечаныя сем’і, сем’і з дзецьмі-інвалідамі або бацькі-інваліды шляхам прыцягнення дадатковых сродкаў. Гэта могуць быць сродкі прадпрыемстваў, спонсарская дапамога, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, матэрыяльная дапамога са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, а таксама сродкі дабрачынных фондаў і грамадскіх арганізацый. Так, да 2020 – 2021 навучальнага года фінансавую дапамогу атрымалі 337 шматдзетных сем’яў на 657 дзяцей, якія навучаюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, на агульную суму 39420, 00 рублёў (60 рублёў на кожнага школьніка).
– Аднак работнікі тэрытарыяльнага цэнтра актыўна ўдзельнічаюць і ў шэрагу дабрачынных акцый…
– Вядома. З мэтай аказання падтрымкі шматдзетным, малазабяспечаным, няўдалым сем’ям, а таксама сем’ям з дзецьмі-інвалідамі , дзе выхоўваюцца школьнікі, традыцыйна да новага навучальнага года ў Лепельскім раёне ў ліпені-жніўні праводзіцца дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу». Жыхары раёна, не раўнадушныя да лёсу іншых дзетак, удзельнічаюць у зборы для іх канцылярскіх тавараў, школьных прыналежнасцей, адзення і абутку, а таксама грашовых сродкаў. За мінулы год прадпрыемствамі г. Лепеля была аказана дапамога 480 сем’ям, дзе выхоўваецца 809 дзяцей, на агульную суму 50370, 00 рублёў.
– На старонках газеты мы неаднаразова расказвалі пра дзейнасць аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў…
– Так. Работнікі аддзялення сталі для людзей з інваліднасцю сапраўднымі сябрамі, аднадумцамі. Менавіта яны дапамагаюць ім адаптавацца ў жыцці, праявіць свае шматлікія здодьнасці. З мэтай са­дзеяння інвалідам у аднаўленні або кампенсацыі парушаных або страчаных правоў у выніку захворвання, страты здольнасцей да самаабслугоўвання ў ТЦСАН працуе аддзяленне, якое наведвае 51 чалавек. Тут працуе 11 гурткоў (клубаў), 7 рэабілітацыйна-працоўных майстэрняў. Гэта працоўная майстэрня па раслінаводстве, швейная працоўная майстэрня, працоўная майстэрня па вырабе сувенірнай прадукцыі, па стварэнні вырабаў з бісеру і г.д. Дзейнасць майстэрняў накіравана на развіццё творчых і працоўных навыкаў людзей, якія наведваюць аддзяленне. Ад рэалізацыі вырабаў, створаных у майстэрнях, за мінулы год было зароблена 16198, 25 рубля.
– Аднак вядома, што работа з інвалідамі мае значную падтрымку з боку нямецкіх арганізацый-партнёраў…
– Так, у рамках рэалізацыі праекта «Нарошчванне патэнцыялу ў рабоце з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі шляхам мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі і пашырэння майстэрняў у г. Лепелі» Міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем «ЭкаБудаўнік» вядзецца будаўніцтва 2-га пус­кавога комплексу (кулінарнай і садаводчай майстэрняў) на тэрыторыі Цэнтра сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай раэбілітацыі інвалідаў Лепельскага раёна, размешчанага ў г. Лепелі па вуліцы Лабанка, д.30.
Для арганізацыі вольнага часу ў тэрытарыяльным цэнтры арганізавана работа 2 аддзяленняў, якія забяспеч­ваюць дзённае знаходжанне грамадзян пажылога ўзросту. Адно з іх знаходзіцца ў вёсцы Бароўка.
– Аляксей Аляксеевіч, з нагоды вашага прафесійнага свята ёсць выдатная нагода выказаць шчырыя віншаванні сваім калегам, самаадданым работнікам.
– Адзначу, што ў сацыяльнай галіне Лепельскага раёна працуюць шчырыя, адкрытыя, адданыя сваёй справе лю­дзі, якіх аб’ядноўваюць клопат, увага да праблем людзей, няспыннае жаданне дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Ад усёй душы, ад усяго сэрца хочацца выказаць ім вялікую падзяку за прафесіяналізм, штодзённую руплівую працу, гатоўнасць у любы час прыйсці на дапамогу людзям. Няхай жа з вамі, дарагія, бу­дуць заўсёды толькі моцнае здароўе, душэўны дабрабыт. Няхай ніколі не згасаюць вашы аптымізм, працоўная энергія, а кожны дзень будзе сагрэты цеплынёй і пяшчотай родных і блізкіх людзей. Са святам вас, паважаныя калегі!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.