«Поклон вам низкий, наши доктора» — акция под таким названием шагает по Лепельщине

 

dsc_0015dsc_0018dsc_0028dsc_0034dsc_0040Па ўсёй краіне крочыць рэспубліканская акцыя Беларускага фонду міру «Паклон вам нізкі, нашы дактары!» Мерапрыемства праводзіцца з мэтай выказаць падзяку за працу і міласэрнасць медыкам, якія вядуць барацьбу з COVID-інфекцыяй. Не засталася ўбаку ад важнай справы і Лепельшчына.

З нагоды правядзення рэспубліканскй акцыі старшыня Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Ігар Урбан выказаў цёплыя словы ў адрас работнікаў устаноў аховы здароўя «Лепельская цэнтральная раённая бальніца» і «Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца».

Ігар Генадзьевіч адзначыў, што нашы ўрачы ў барацьбе з каранавірусам зараз знаходзяцца на «перадавой». Яны лечаць хворых, вырашаюць няпростыя пытанні са шпіталізацыяй пацыентаў.

Колькасць грамадзян, заражаных каранавірусам, у краіне не спадае. Спецыялісты аховы здароўя робяць усё магчымае, каб пераадолець гэта выпрабаванне. Урачам і медсёстрам часта даводзіцца працаваць без перапынку на абед. Некаторыя заступаюць на змену замест сваіх калегаў, што не могуць працаваць па стане здароўя.

Сваю работу медыкі выконваюць у спецвопратцы, якая абараняе іх ад заражэння. Вядома, бяспека павінна быць на першым плане, але мы і ўявіць сабе не можам, як цяжка шмат часу знаходзіцца ў гэтых касцюмах.

Нягледзячы на ​​напружаны графік працы, людзі, якія стаяць на варце здароўя, ўсё роўна гатовы прыйсці нам на дапамогу.

— Нізкі паклон вам, медыцынскія работнікі, за тое, што, рызыкуючы ўласным здароўем, вы выратоўваеце жыцці іншых людзей. Мы вельмі цэнім вашу вялікую справу і прафесіяналізм. Вы працуеце як адзіны зладжаны механізм, прадэманстравалі сваю трываласць перад няпростымі выпрабаваннямі. Вы ведаеце, як трэба працаваць у надзвычайных сітуацыях. Мы ж вельмі ўдзячныя вам за штодзённую напружаную працу і найвышэйшую самааддачу, — выказаў шчырыя словы падзякі Ігар Генадзьевіч.

Лепельская ЦРБ

Старшыня Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» ўручыў Ганаровыя граматы, а таксама каштоўныя падарункі фельчару выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ Герману Плігаўку, урачу-інфекцыяністу, загадчыцы інфекцыйнага аддзялення Марыне Дзямко і медыцынскай сястры (палатнай) тэрапеўтычнага аддзялення Людміле Смажэўскай.

Герман працуе ў бальніцы не так даўно, але яго ўжо добра ведаюць многія жыхары раёна і паважліва называюць спецыяліста Германам Мікалаевічам. На яго кладзецца вялікая адказнасць — трэба прыняць правільнае рашэнне, тым больш у такі складаны час: ці можа пацыент застацца дома альбо яму неабходна шпіталізацыя.

Акрамя гэтага, фельчар павінен правільна ацаніць стан, сабраць анамнез і паставіць папярэдні дыягназ. Ён умее зрабіць многае: змерыць ціск, перавязаць рану, накласці шыну, паставіць кропельніцу… Пры неабходнасці фельчар можа зрабіць і расшыфраваць ЭКГ, змерыць узровень цукру ў крыві і г.д.

Герман з дзяцінства марыў дапамагаць людзям, і вось ужо 2,5 года пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага каледжа працуе ў галіне аховы здароўя.

Марына Дзямко ў Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы працуе са жніўня бягучага года і адразу трапіла «на перадавую». Сёлета малады спецыяліст скончыла лячэбны факультэт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «ўрач-інфекцыяніст» і прыступіла да працы. З работай мясцовай установы аховы здароўя дзяўчына ўжо была знаёмая, паколькі праходзіла тут практыку. Напэўна, яна адразу добра зарэкамендавала сябе, бо ёй даверылі адказны ў гэты эпідэміялагічны перыяд участак — загадваць інфекцыйным аддзяленнем. Не пужаюць маладога спецыяліста цяжкасці ў працы. Марына гатова выконваць свае абавязкі і пасля заканчэння працоўнага дня.

Людміла Смажэўская больш за 20 гадоў працуе на пасадзе медыцынскай сястры (палатнай) тэрапеўтычнага аддзялення. Зарэкамендавала сябе сапраўдным прафесіяналам. Пра яе пацыенты і калегі кажуць толькі самыя лепшыя словы. Жанчына вельмі ўважліва і адказна адносіцца да сваіх абавязкаў, заўсёды спытае пра стан хворых і іх настрой. Ёй давяраюць самыя складаныя заданні.

 

Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца

Многія, напэўна, задумаліся: якое дачыненне да каранавіруснай інфекцыі мае гэта ўстанова аховы здароўя? Тут жа іншая спецыялізацыя. Аднак Лепельская аблпсіхбальніца ўваходзіць у лік 2 спецыялізаваных устаноў Віцебскай вобласці, дзе лечаць хворых на каранавірус людзей з псіхічнымі расстройствамі.

Складанасць работы медыкаў аблпсіхбальніцы заключаецца ў тым, што яны працуюць з асаблівай катэгорыяй людзей. У гэты складаны час ім даводзіцца змагацца адначасова з 2 паталогіямі: псіхічным захворваннем і каранавірусам. Не заўсёды можна сумяшчаць патрэбныя для чалавека лекі. Часам трэба шукаць іншыя, аптымальныя варыянты лячэння.

Наталля Скавародка працуе ва ўстанове ўжо 18 гадоў, з іх паўгода —урачом-псіхіятрам, увесь астатні час — загадчыкам аддзялення №2. Наталля Іванаўна скончыла Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «тэрапеўт». Спачатку працавала ўчастковым тэрапеўтам у Мінску, потым — Лепельскім ваенным шпіталі. Прайшоўшы падрыхтоўку па псіхіятрыі і наркалогіі, пачала працу ў аблпсіхбальніцы. Дачка вопытнага ўрача таксама набывае медыцынскую адукацыю. Лізавета зараз вучыцца на 4 курсе медуніверсітэта.

Аксана Корсак, медыцынская сястра (старшая) псіхіятрычнага аддзялення №2, аддала працы з асаблівымі хворымі 25 гадоў. Пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага вучылішча па спецыяльнасці «медыцынская справа» адразу пачала працоўны шлях у гэтай установе. У калектыве Аксану ведаюць як адказную работніцу, якая добрасумленна выконвае свае абавязкі.

З 2012 года ва ўстанове аховы здароўя працуе Алена Пшанко, медыцынская сястра працэдурнага кабінета псіхіятрычнага аддзялення №2. Скончыўшы Беларускі дзяржаўны медыцынскі каледж па спецыяльнасці «сястрынская справа», па размеркаванні яна трапіла на працу ў аблпсіхбальніцу.

Алена Ігараўна разам з мужам выхоўвае дачку Соф’ю, якой споўнілася 5 гадоў. Дзяўчынка вельмі цікавіцца медыцынскімі прыборамі, Магчыма, праз пэўны час у сям’і будзе яшчэ адзін медыцынскі работнік.

Прафілактыка

Глабальна мы не можам перамагчы распаўсюджванне інфекцыі, але павінны быць больш свядомымі і несці адказнасць за свае дзеянні. Каб спыніць дзеянне каранавірусу і даць медыкам магчымасць справіцца з велізарным наплывам пацыентаў, варта выконваць меры прафілактыкі і самаізаляцыі. Вядома ж, не трэба забываць і правілы гігіены. Толькі такім чынам мы можам справіцца з праблемай, якая навісла над усім светам.

Для даведкі. У рамках рэспубліканскай акцыі Беларускага фонду міру да ўзнагароджання прадстаўлены 475 медыцынскіх работнікаў. Прадстаўнікі Беларускага фонду міру наведаюць 176 устаноў аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З іх у Мінску — 18, Мінскай вобласці — 21, Брэсцкай — 16, Віцебскай — 37, Гомельскай вобласці — 21, Гродзенскай вобласці — 23 і Магілёўскай — 40.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.