Покупки под народную музыку: один день из жизни Лепельского рынка

Некаторае ажыўленне лепельскага базару можна звязваць хіба што з двума фактарамі. Першы фактар — наяўнасць грошай. Калі ў кішэні ёсць пэўная сума грошай, адразу хочацца зрабіць тую ці іншую пакупку. Па словах многіх прадаўцоў, адчуваецца, што многія жыхары раёна пры выбары тавару арыентуюцца ў першую чаргу на цану, а не на якасць. Другі важны фактар — надворе. У непагадзь, вядома, не хочацца кудысьці выходзіць, хіба толькі па крайняй неабходнасці.

Не менш важны фактар, які ўплывае на колькасць наведвальнікаў у пачатку верасня, гэта магчымасць набыць бульбу. Для гэтага традыцыйнага занятку беларусы выбіраюць адпаведныя выхадныя — загадзя цікавяцца надворем, дамаўляюцца з уладальнікамі трактараў і бульбакапалак. Хаця, трэба адзначыць, людзей, якія займаюцца апрацоўкай агародаў, з кожным годам застаецца ўсё менш.

Аднак гэтага не скажаш пасля наведвання сельскагаспадарчай пляцоўкі ў нядзелю. Бульба прадавалася не менш, як з 14 машын. Цана на другі хлеб усталявалася на ўзроўні 12 рублёў за вядро вялікіх, адборных клубняў. За вядро крыху драбнейшай бульбы прадаўцы прасілі 10 рублёў. Зявілася і бульба прывазная — па словах некаторых прадаўцоў, з Брэсцкай вобласці. За вядро такой бульбы прасілі па 9 рублёў.

Нягледзячы на небагаты сёлетні ўраджай яравых збожжавых культур, зерне ў цане не падрасло: вядро збожжа каштуе ад 4 да 5 рублёў. Ячмень, напрыклад, прывёз фермер з Барысаўскага раёна, казаў, што гэта зерне леташняга ўраджаю.

Многія пакупнікі чакаюць восеньскага кірмашу, спадзяюцца, што сельгасарганізацыі прывязуць бульбу і збожжа па больш нізкім кошце. Прасочым за сітуацыяй і мы.

Не менш, як у 3 месцах прадавалася капуста мясцовага вырошчвання па цане 1.50 за кілаграм. Па словах агароднікаў, такі кошт дае неблагую рэнтабельнасць і зяўляецца стымулам для далейшага вырошчвання гародніны.

Даволі шмат было прывезена памідораў грунтовых і з парнікоў, пры гэтым цэны на іх пачыналіся ад 1.50 да 3 рублёў за кілаграм. Прычым адзін прадавец да 12-й гадзіны рэалізаваў усе дарагія памідоры, заставаліся толькі некалькі скрынак з больш таннымі. Цана на перац мясцовага вырошчвання таксама традыцыйна даволі высокая — да 4 рублёў за кілаграм, у той час, як прывазныя прадаваліся па 2.50. Бліжэй да канца сезона агародніны пачаў падымацца кошт на мясцовыя агуркі, некаторыя прадаўцы прапаноўвалі іх па 2 рублі за кілаграм.

Вядома, прыведзеныя цэны не канчатковыя. Як заўсёды, на базары можна было патаргавацца, некаторыя аматары гэтага працэсу маглі істотна знізіць першапачаткова заяўлены кошт.

Немагчыма было прайсці міма гандлёвага месца, дзе запрашалі пакупнікоў хлопчык Саша з сястрой Насцяй, якія разам з бацькамі прывезлі свежую клубніку, прапаноўвалі яе па 10 рублёў за кілаграм. Па словах таты, ягады вырошчваліся ў вёсцы Юркоўшчына, у парніку. Зараз жа, дзякуючы пацяпленню, збіраецца другі ўраджай. Кошыкі, дзе змяшчаецца каля кілаграма ягад, мужчына робіць сам, яны ўвайшлі ў кошт пакупкі. Дзеці распрадалі ягады прыблізна за 2 гадзіны.

Малако ад хатняй вясковай каровы ў малочным павільёне набыць апошнім часам было амаль немагчыма. Жывёлу вяскоўцы трымаюць усё менш, большасць 3-літровікаў па цане ў 5-6 рублёў прывозіцца па заказе. Аднак свабодна можна было набыць тварог па 7-8 рублёў за кілаграм, смятану — па 5-6 рублёў за 1 літр, сыр — па 11-12 рублёў за 1 кг, а сметанковае масла — па 13-14 рублёў. Цана на мёд трымаецца пакуль што на ранейшым узроўні — 8 рублёў за паўлітровы слоік, 16 рублёў за 1 літр. А вось цана на дзясятак курыных яек узрасла да 3 рублёў 50 капеек.

У мясным павільёне ўтварылася непрывычная пустэча. Працуе толькі двое прадпрымальнікаў, якія гандлююць марожанай рыбай і морапрадуктамі. Убачыў таксама аднаго прадпрымальніка, які рэалізуе свініну. Кропка Лепельскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства ўжо некалькі месяцаў не дзейнічае. Павышэнне цаны на мяса і мясныя прадукты, пра якое вельмі шмат вялася размова ў інтэрнэт-рэсурсах, адбылося і ў г.Лепелі. Так, 1 кілаграм мяса для смажання каштаваў 8.50, выразка кумпяка — 12-14 рублёў, а за паляндвіцу патрэбна было заплаціць да 16 рублёў. Пры гэтым самае дарагое мяса шыі для шашлыкоў да 11-й гадзіны ўжо было прададзена.

Абыход астатняй базарнай плошчы пачаў ад заезду з боку вуліцы Савецкай. ААТ “Рыбгас “Навінкі” прапанавала сваю прадукцыю. Карпы элітныя вагой больш за тысячу грамаў прадаваліся па 6 рублёў за 1 кілаграм, карпы буйныя вагой 400-600 грамаў — па 4.90. Столькі ж каштаваў таўсталобік вагой больш за 600 грамаў. Да 12-й гадзіны таўсталобікі і карпы элітныя ўжо былі прададзены, заставаліся толькі карпы буйныя.

Былыя ў карыстанні тавары прапаноўваў уладальнік аграсядзібы і аматар-краязнаўца Васіль Шкіндзер. Разам з прыяцелем Валерыем яны наладзілі імправізаваны канцэрт. Васіль граў на дудзе, а Валерый адбіваў рытм на барабане.

Праходзячы па крытых шэрагах, я адзначыў, што асартымент і цэны на іх у параўнанні з сельгаспляцоўкай амаль не адрозніваюцца. Хіба што адзін з мужчын прадаваў алычу, 3-літровае вядзерца ягад прапаноўваў за 2 рублі.

Прадпрымальнікі, якія рэалізуюць тавар у ралетах, чакаюць змянення ў заканадаўстве. У прыватнасці, іх абавязваюць працаваць толькі з касавым апаратам. Пры гэтым павышаецца ўзровень падаткаў і павялічваецца памер штрафаў за парушэнні. Адны гандляры адзначаюць, што будуць спыняць сваю дзейнасць. Іншыя ж рыхтуюцца працаваць у новых умовах, якія, вядома, патрабуюць новых расходаў на набыццё і абслугоўванне касавых апаратаў, уплату павышаных ставак падаткаў. Верагодней за ўсё гэтыя павышэнні ў далейшым будуць закладзены ў цану.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.